Узлюбленыя ў Госпадзе пачэсныя айцы! Дарагія браты і сёстры!
З вялікім захапленнем і радасцю віншую вас з найвялікшай падзеяй у гісторыі домабудаўніцтва нашага выратавання – святам Нараджэння Хрыстова!
Святочны настрой, які прыносіць кожнаму верніку евангельскае благавесце аб найвялікшай падзеі Нараджэння Хрыстова, адсоўвае на задні план усю мітусню нашага зямнога быцця. Прышэсце ў свет Спасіцеля не абмінае ніводзін дом, у якім адчынены дзверы Госпаду. Уся гісторыя існавання чалавецтва прасякнута пошукамі шляху да Бога. Усёмагутны Гасподзь асабіста прымае чалавечую выяву і, застаючыся сярод людзей, пражываючы зямное жыццё ва ўсіх яго праявах, паказвае людзям, што Ён не дзесьці там далёка і недасягальна, а тут, сярод нас. Выйшаўшы на грамадскую пропаведзь, Хрыстос Спасіцель не толькі навучае Божай ісціне, творыць цуды, але і ўласным прыкладам паказвае, як выканаць Закон Божы.
Малітоўна знаходзячыся ля ясляў народжанага Богадзіцяткі Хрыста, жадаю ўсім нам, дарагія браты і сёстры, каб тая любоў Божая і мір, пра якія спявалі Анёлы ў ноч Нараджэння Хрыстова, з’явіліся ў кожнага з нас! Дай Бог і нам мець душэўную прастату падобна пастухам і мудрасць падобна вешчунам, каб мы маглі ў думках пакланіцца нашаму Спасіцелю, Госпаду Ісусу Хрысту і ў якасці дару прынесці Яму самае дарагое – святло веры ў Яго і чысціню нашых сэрцаў адзін да аднаго!
Хрыстос нарадзіўся – слаўце Яго!
Епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі ПАВЕЛ