Новости Молодечно и Молодечненского района

Машына часу працуе ў «Альтанцы»

  • 2024-06-11 12:13:00
  • Олег БЕГАНСКИЙ

Па выніках ХХI Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь» аграэкасядзіба «Альтанка» атрымала грамату «За захаванне традыцый». Гаспадыня сядзібы Ганна АЗАРАНКА лічыць такую ацэнку цалкам апраўданай.

– Я чалавек творчы. Мне цікавыя розныя напрамкі мастацтва, – адзначыла Ганна Леанідаўна. – У аграэкасядзібе ўвасобіліся ўсе мае ідэі і задумкі. А ведамі і ўменнямі я дзялюся з іншымі.
Субяседніца падкрэсліла, што галоўнае ў «Альтанцы» – адраджэнне і захаванне традыцый беларускага народа. Для гэтага праводзяцца майстар-класы, ладзяцца Масленіца, Купалле, Каляды, іншыя святы. Адбываецца знаёмства з побытам нашых продкаў. Дадайце сюды народныя танцы, гульні, спаборніцтвы, пачастункі ад гаспадыні. Усё гэта выклікае ў гасцей вялікую цікавасць.

– Гасцям я даношу інфармацыю ў гульнявой форме, стараюся зацікавіць іх, уцягнуць у пазнавальны працэс, – гаворыць гаспадыня сядзібы. – Гэта вельмі падабаецца людзям. Важна, каб яны пераймалі народны вопыт, вучыліся народнай мудрасці. Тым больш што цікавасць да мінулага цяпер адраджаецца.
Госці «Альтанкі» пераважна жыхары нашай краіны. Некаторыя прыязджаюць сюды рэгулярна. Абстаноўка ў аграэкасядзібе спрыяе творчасці, добраму настрою, адпачынку.

Алег БЯГАНСКІ
Фота: Аляксей ПЛАТКО