Новости Молодечно и Молодечненского района

Любоў да кнігі не знікае

  • 2024-06-11 08:06:00
  • Олег БЕГАНСКИЙ

Калі заходзіш у сельскую бібліятэку №29 аграгарадка, адразу адчуваеш, што трапляеш у храм кнігі. У бібліятэцы праведзены рамонт, што робіць знаходжанне ў ёй яшчэ больш прыемным. А працуе тут вопытны бібліятэкар з больш чым 45-гадовым стажам Таццяна КАСІЛА.

– На Маладзечаншчыну прыехала з Магілёўскай вобласці, – гаворыць Таццяна Мікалаеўна. – Спачатку працавала ў Путніках. І ўжо гадоў трыццаць – у Аляхновічах. За гэты час цікавасць людзей да друкаванага слова не знікла. Прыемна, што сур’ёзнай літаратурай цікавіцца моладзь. Для іх гэта своеасаблівая школа жыцця. Дарэчы, самай старой нашай чытачцы 84 гады. Яна аддае перавагу жаночым раманам і дэтэктывам.

Наша субяседніца сама выдатна разбіраецца ў літаратуры. Яна можа прапанаваць людзям кнігі на іх густ. Бібліятэка цесна супрацоўнічае з мясцовай школай і дзіцячым садам. Ладзяцца сумесныя мерапрыемствы, арганізуюцца экскурсіі ў бібліятэку. Юнае пакаленне вучыцца пазнаваць свет праз кнігу, фарміруе правільны погляд на мінулае, сучаснасць і будучыню.

– Перспектыва ў бібліятэк ёсць, – адзначыла Таццяна Касіла. – Людзі заўсёды будуць цягнуцца да кнігі. Кніжная мудрасць застанецца запатрабаванай і надалей.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ