18.04.2019 10:33

«Маладзечна» открывает футбольный сезон матчем в Чисти

20 красавіка стартуе новы чэмпіянат Беларусі сярод калектываў другой лігі. Матчам, які адкрывае футбольны сезон для нашых балельшчыкаў, стала гульня паміж камандамі «Маладзечна» і «СМІаўтатранс» са Смалявіч. Пройдзе яна ў Чысці на школьным стадыёне са штучным пакрыццём. Пачатак – у 14.00.

Напярэдадні чэмпіянату мы звязаліся з загадчыкам аддзела спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама Мікалаем Шрымфам і задалі пытанне пра настрой напярэдадні футбольных баталій:
-- Варта пазначыць дзве мэты. Першая -- гуляць дастойна, радаваць гледачоў. Другая -- прымервацца да ўзроўню першай лігі. Паглядзім, як стартуем у сезоне, магчыма, на яго працягу скарэкціруем планы да больш амбіцыйных, -- гаворыць Мікалай Уладзіміравіч. -- У параўнанні з мінулым сезонам у каманды палепшылася фінансаванне. Да спонсарскага супрацоўніцтва далучыўся шэраг прыватных прадпрыемстваў горада. Бізнесмены разумеюць, што могуць атрымаць свой інтарэс дзякуючы рэкламе і на гарадскім стадыёне, і на майках футбалістаў. Праўда, першыя дамашнія матчы «Маладзечна» правядзе на штучным пакрыцці ў Чысці, а натуральны газон захаваем да таго часу, пакуль не ўсталюецца цеплыня.

Акрамя прадстаўнікоў раённага цэнтра, выступіць у гэтым чэмпіянаце таксама каманда з Чысці. У яе новая дзіўная назва -- «Андэрдог». Слова запазычана з англамоўнай маладзёжнай гаворкі і азначае «той, хто загадзя асуджаны на няўдачу». Напэўна, прымаючы рашэнне аб такім перайменаванні, кіраўнікі каманды мелі на ўвазе дрэннае выступленне ў мінулым чэмпіянаце першай лігі і кубкавае паражэнне ад салігорскага «Шахцёра» з лікам 0:11.

У першым туры чысцінцы адправіліся гуляць на выездзе супраць ЮАСа з Жыткавіч. Дома яны адкрыюць сезон праз тыдзень, 27 красавіка, сустрэчай супраць «Ашмян-БДУФК».

Усяго сёлета стартуюць шаснаццаць каманд. Палова з іх прадстаўляюць сталічную воласць. Акрамя нашых дружын, яшчэ і Дзяржынск з Мар’інай Горкай, і Клецк з Уздой, і Смалявічы, і Стоўбцы -- своеасаблівае першынство Міншчыны!

Першы круг завершыцца 27 ліпеня, праз невялікую паўзу -- 10 жніўня -- распачнецца другі круг, фініш сезона даволі позні -- 16 лістапада.

Пэўную цікавасць у колах балельшчыкаў будуць выклікаць матчы каманд Маладзечанскага раёна паміж сабой -- так званае «дэрбі»! У першым крузе гульня адбудзецца на полі чысцінцаў 8 чэрвеня, а ў другім крузе -- на полі маладзечанцаў -- 28 верасня.

У наступную суботу мы прапануем каляндар дамашніх матчаў каманд Маладзечанскага раёна на працягу першага круга.

Сяргей ГАЙКОВІЧ.

Прочитано 1115 раз
Отдел информации.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить