15.10.2018 11:19

Прышчапіся і зімуй спакойна!

У Беларусі, у тым ліку на Маладзечаншчыне, пачалася вакцынацыя супраць грыпу. Калі чакаць магчымай эпідэміі? Хто будзе найбольш уразлівым да віруса? На актуальную тэму мы пагаварылі з Марыяй Байковай, якая курыруе правядзенне супрацьгрыпознай кампаніі ў раёне.

Працэдурная медыцынская сястра Ірына Куляй. Працэдурная медыцынская сястра Ірына Куляй. "Маладзечанская газета"

Гэтымі днямі склад ЦРБ для вакцын, які знаходзіцца ў дзіцячай паліклініцы (тут працуе ўрачом-педыятрам Марыя Вікенцьеўна), папоўніўся бельгійскім «Інфлювакам», французскім «Ваксігрыпам» і расійскім «Грыполам плюс». Менавіта гэтымі прэпаратамі будуць прышчапляць ад грыпу маладзечанцаў. Дастаўлялі важны груз з Мінска ў вялізных спецкантэйнерах з тэрмаіндыкатарамі і ахаладжальнымі элементамі ў суправаджэнні медработніка. Вакцыны патрабуюць захавання пэўнага тэмпературнага рэжыму (+2 +8 градусаў), за якім неабходна пільна сачыць.  

— Бясплатны для мясцовых жыхароў толькі «Грыпол плюс». Гэты прэпарат закупляецца за рэспубліканскі і раённы бюджэт. «Інфлювак» і «Ваксігрып» даступныя за кошт прадпрыемстваў і арганізацый, дзе чалавек працуе, альбо за свае грошы. Усе названыя вакцыны зарэгістраваныя і дазволеныя да выкарыстання на тэрыторыі Беларусі. Гэта высокаэфектыўныя і бяспечныя імунабіялагічныя лекавыя сродкі, якія маюць актуальныя штамы віруса.

— Каму ў першую чаргу трэба прышчапляцца і які найбольш спрыяльны час для гэтага?

— Лепшы перыяд для правядзення вакцынацыі — з верасня па лістапад уключна. Менавіта ў гэты час праводзіцца супрацьгрыпозная кампанія. Прышчапляюць як дзяцей, так і дарослых. Найперш вакцына паказана малышам ад 6 месяцаў да трох гадоў, людзям са слабым імунітэтам і хранічнымі захворваннямі, пажылым, цяжарным, медработнікам і работнікам сферы абслугоўвання, гандлю і транспартных арганізацый. Для выпрацоўкі імунітэту пасля прышчэпкі неабходна каля двух тыдняў.

— Ці абавязкова прышчапляцца ад грыпу штогод?
— Многія лічаць, што рабіць гэта можна раз і на ўсё жыццё. Нібыта хвароба не кране некалькі гадоў. Гэта вялікая памылка. Сусветная арганізацыя аховы здароўя штораз рэкамендуе новы антыгенны склад грыпознай вакцыны, які змяняецца кожны год. Дзякуючы прышчэпцы выпрацоўваюцца ахоўныя антыцелы, узровень якіх праз 6-9 месяцаў зніжаецца, а праз 12 — яны гінуць. Таму кожнаму чалавеку настойліва раяць прышчапляцца штогод. Дарэчы, у некаторых заходніх краінах нават не аплачваюць бальнічны ліст, калі чалавек не прайшоў вакцынацыю ад грыпу і захварэў на яго.

— Калі прагназуецца магчымая эпідэмія і хто будзе найбольш уразлівым?
— У гэтым сезоне чакаецца сярэдні ўзровень актыўнасці вірусаў грыпу. Мяркуецца, што найбольш уразлівымі будуць дзеці да 14 гадоў. Магчымая эпідэмія прагназуецца, як звычайна, на канец студзеня — пачатак лютага. Хаця медыцына ў поўнай гатоўнасці да непрадбачаных сітуацый, якія часам здараюцца. Ужо цяпер, напрыклад, павялічылася колькасць пацыентаў з вострымі рэспіраторнымі захворваннямі. Верагодна, гэта звязана з няўстойлівым надвор’ем і тым, што яшчэ не ўсюды падключылі ацяпленне. Некалькі гадоў таму ўсплёск грыпу быў якраз увосень. Наогул, за гэтым вірусам медыкі сочаць пастаянна, выбарачна бяруць пробы ў пацыентаў з падазрэннем на яго, і выяўляецца ён круглы год.

— Дарослыя самі рашаюць, прышчапляцца ім ад грыпу ці не. І, як правіла, тлумачаць гэта тым, што навучыліся адчуваць уласны арганізм. Наконт вакцынацыі дзяцей многія нярэдка вагаюцца, ці варта рабіць прышчэпку…
— Сапраўды, іншы раз даводзіцца тлумачыць татам і мамам аб эфектыўнасці прышчэпкі ад грыпу. Між тым, нямала бацькоў, якія самі хочуць, каб іх дзяцей вакцынавалі, бо пераканаліся ўжо ў станоўчым эфекце прышчэпкі. Найперш гэта тычыцца малышоў з захворваннямі сэрца, лёгкіх, дзяцей з катэгорыі тых, што часта хварэюць, і дашкольнікаў, у якіх ёсць старэйшыя браты і сёстры. Трэба ведаць, што перад вакцынацыяй і дзяцей, і дарослых абавязковы агляд урача. Ніякіх аналізаў здаваць не трэба, калі чалавек да гэтага нічым не хварэў і стан здароўя стабільны. Не варта баяцца, калі пасля прышчэпкі паднялася тэмпература цела. Такая рэакцыя магчымая. Невысокая тэмпература спадзе сама, а калі яна паднялася вышэй за 38,5 градуса, трэба выпіць гарачкапаніжальны прэпарат. Пасля вакцынацыі неабходна заставацца пад медыцынскім аглядам на працягу 30 мінут.

— Дзе ў нашым раёне можна прышчапіцца ад грыпу?
— Дарослыя могуць зрабіць гэта ў паліклініках, урачэбных амбулаторыях і ўчастковых бальніцах, а таксама па месцы работы, калі там адміністрацыя пажадала арганізаваць калектыўную вакцынацыю. Дзяцей можна прышчапіць у дзіцячай паліклініцы, амбулаторыях і бальніцах, у дашкольных установах, школах і гімназіях, дзе яны займаюцца. Для навучэнцаў вакцынацыя праводзіцца таксама па месцы вучобы.

— Якую прафілактыку параіце супраць грыпу і прастудных захворванняў, калі хтосьці ўсё ж не рашыцца прышчапіцца?

— Неабходна прымаць полівітамінныя прэпараты, уключаць у ежу прадукты, якія выдзяляюць фітанцыды, напрыклад, цыбулю і часнок. У час уздыму прастудных захворванняў трэба радзей бываць у мнагалюдных месцах (кіно, тэатрах, грамадскім транспарце), рэгулярна праветрываць памяшканні, толькі не дапускаць скразнякоў.

Але галоўны «кампанент» прафілактыкі грыпу – усё ж вакцынацыя. Гэта асноўная мера зніжэння колькасці захворванняў, якая накіравана на стварэнне штучнага актыўнага імунітэту, што забяспечвае неўспрыімлівасць чалавека да віруса.

— Многія грэбуюць медыцынскай дапамогай і самастойна спрабуюць вылечыцца…
— Самалячэнне грыпу супрацьпаказана! Трэба абавязкова звяртацца да ўрача, які назначыць правільнае лячэнне. Памятайце: антыбіётыкі пры гэтай хваробе не прадугледжаны, бо іх галоўнае прызначэнне — барацьба з бактэрыямі, а грып — гэта вірус. Але абсалютна любыя лекі прымаюцца толькі пасля кансультацыі з урачом, асабліва калі хварэе дзіця.

Фота: Ірына РАБУШКА.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/zdorove-i-sport/item/3425-pryshchapisya-i-zimuj-spakojna.html#sigProId21a22464fa
Прочитано 1868 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: « Хоккей: подвела реализация Как хранить овощи »

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить