01.08.2018 12:20

Гарадкі. Наперадзе – Кубак Еўропы

Завяршыўся адкрыты чэмпіянат Беларусі па гарадках. Разам з вопытнымі спартсменамі ў Маладзечна прыехалі і маладыя гарадошнікі, якія разыгралі некалькі камплектаў узнагарод у рамках першынства Еўропы сярод юнакоў, дзяўчат, юніёраў і юніёрак.

Гарадкі. Наперадзе – Кубак Еўропы "Маладзечанская газета"



— Еўрапейскі моладзевы турнір планавалася правесці ў Маскве, — паведаміў галоўны суддзя спаборніцтваў Аляксандр Кулак. — Але ў сувязі з тым, што там праходзіў чэмпіянат свету па футболе, гарадкі вырашана было перанесці ў Маладзечна. Да гэтага мы былі гатовыя і ўсе арганізацыйныя пытанні вырашылі загадзя.

Першымі ў барацьбу ўступілі самыя малодшыя ўдзельнікі — юнакі і дзяўчаты ва ўзросце да 14 гадоў. Расійская зборная адразу захапіла лідарства і не выпускала яго да самага фіналу. Дарэчы, сёлета каманда была ўзмоцнена курсантамі Тульскага Сувораўскага вучылішча. Узровень майстэрства для свайго ўзросту яны прадэманстравалі даволі высокі. І гэта не дзіўна. Будучыя афіцэры расказалі, што ў іх вучылішчы, як і ў іншых падобных установах, гарадошны спорт вельмі папулярны. Спаборніцтвы праводзяцца рэгулярна, курсанты таксама прымаюць актыўны ўдзел у гарадскіх і міжнародных турнірах. Не дзіўна, што і ў Маладзечне расійскія юныя спартсмены былі мацнейшымі. Другое месца ў камандным заліку заваявала каманда Беларусі. На трэцім — зборная Украіны. Пераможцамі і прызёрамі ў гэтай узроставай групе сталі Ігнат Іванюк і Дар’я Багданава (Расія), Данііл Шайко, Дар’я Шустоўская (СШ №2 г. Маладзечна), Дзмітрый Барташэвіч (г. Бярозаўка, Гродзенская вобл.).

Сярод старэйшых юнакоў і дзяўчат (15-18 гадоў) перамогу святкавалі Антон Еўтушэнка (Санкт-Пецярбург) і Жанна Акрымава (Масква). Сярэбраныя медалі ў Руслана Шутурава з Санкт-Пецярбурга і Ганны Чуйко (г. Бярозаўка). Маладзечанцы Дзмітрый Шыран і Алеся Янцэвіч заваявалі «бронзу».

А ў спрэчцы за вышэйшыя ўзнагароды сярод юніёраў (18-25 гадоў) гаспадары турніру здолелі перамагчы ўсіх сваіх сапернікаў. На п’едэстал гонару былі запрошаны Антон Драздовіч, Іван Яршэвіч і Павел Пятроўскі, якія занялі першае, другое і трэцяе месцы адпаведна. У дзяўчат маладзечанка Аляксандра Шаўроўская ў барацьбе за першае месца саступіла Алене Дрэшаль (Кіеў). Галіна Жаваронкава з Жодзіна замкнула тройку лідараў.

Дарэчы, маладая ўкраінская спартсменка Алена Дрэшаль (ёй толькі 21 год) перамагла і на адкрытым чэмпіянаце Беларусі сярод жанчын. 24-гадовая маладзечанка Аляксандра Шаўроўская заняла трэцяе месца і выканала пры гэтым нарматыў майстра спорту Рэспублікі Беларусь. Віншуем!
На медалі ў мужчын прэтэндавалі 36 удзельнікаў з Беларусі, Расіі і Украіны.

З вынікам 116 біт на 90 фігур перамогу атрымаў маладзечанец Генадзій Сушко. Бліжэйшаму да яго саперніку Андрэю Мельнікаву з Магілёва, які заняў другое месца, на 90 фігур спатрэбілася 131 біта.
Цяпер маладзечанскія гарадошнікі прымаюць удзел у міжнародным турніры ў Германіі. А з 11 па 18 жніўня ў Маскве будзе праходзіць фінал Кубка Еўропы, дзе нашы землякі таксама плануюць выступіць паспяхова.

Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/zdorove-i-sport/item/3097-garadki-naperadze-kubak-e-ropy.html#sigProId7ebf1fe866
Прочитано 2489 раз
Вячаслаў Табулін

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить