28.05.2018 12:17

Вялікія каштоўнасці малой Радзімы. Выпуск другі

Расказваем пра Лебедзеўскую царкву і Беніцкі касцёл.

Шчаслівы лёс Лебедзеўскай царквы

Нядаўна мы пабывалі ў Лебедзеўскай Свята-Троіцкай царкве, якая з’яўляецца помнікам архітэктуры псеўдарускага стылю другой паловы XIX стагоддзя рэгіянальнага значэння. Яна пабудавана з цэглы ў 1869 годзе. План будынка крыжовы, у архітэктурным аздабленні выкарыстаны элементы старажытнарускага дойлідства.

Гісторыі царквы і яе прыхода прысвяціў грунтоўнае даследаванне настаўнік гісторыі Лебе-
дзеўскай сярэдняй школы, краязнавец Антон Апанасевіч у сваёй кнізе «Лебедзеўская сага». Яму ўдалося даведацца, што ва ўзвядзенні храма дапамагалі многія праваслаўныя прыхода: ахвяравалі грошы, а таксама курыныя яйкі для ўмацавання раствору, насілі ў прыполе пясок з ракі Нявежы. З дзяржаўнай казны было выдзелена 13 тысяч рублёў. Шмат зрабіў для яе будаўніцтва тагачасны настаяцель храма айцец Іосіф Малажавы (ён служыў з 1864-га па 1900 год).



У пачатку XX стагоддзя пры царкве існавала багадзельня, у якой жылі інваліды, бяздомныя з усяго наваколля. У 1907 годзе мастак-іканапісец Арлоўскі распісаў інтэр’ер храма. Антону Антонавічу ўдалося ўстанавіць, што частка інтэр’ера была аздоблена лебедзеўскім мастаком Раманам Семашкевічам. Да гэтага часу захаваўся яго роспіс «Прасвятая Троіца», зроблены ў 1920 годзе.

Сусветныя войны былі літасцівыя да святыні, не разбурылі яе. У час Вялікай Айчыннай вайны царква працавала, як і касцёл. Мясцовыя святары шмат зрабілі для ўратавання многіх сваіх землякоў ад смерці.
У кастрычніку 1962 года ўлады прынялі рашэнне аб закрыцці Лебедзеўскай царквы. Афіцыйнай прычынай, як піша Антон Апанасевіч, была нявыплата падатку на зямлю. Знялі чатыры званы, найбольш старажытны з іх датаваўся 1776 годам. Самы вялікі звон разрэзалі на часткі і здалі на металалом. Частка каштоўнай маёмасці была вывезена ў храм вёскі Маркава. Некалькі ікон, Святое Евангелле, старадаўняя Біблія, напісаная ўручную, метрычныя кнігі ўзяло на захаванне мясцовае насельніцтва, многія з гэтых каштоўнасцей незваротна страчаныя.

Айцец Мікалай паказаў нам палкавую ікону 1840 года.



Чвэрць стагоддзя храм быў збожжасховішчам, потым складам ядахімікатаў. У канцы 1970-х пад выглядам рэстаўрацыйных работ будынак раскрылі, што нанесла яму вялікую шкоду, дрэнна паўплывала на фрэскі. Пашанцавала храму толькі ў тым, што ён не быў перабудаваны, захаваліся купалы і званіца.     

Адраджэнне царквы пачалося ў 1980-я гады. Прыхаджанкі Юлія Свірыда і Яўгенія Семашкевіч сабралі больш за тысячу подпісаў у падтрымку яго адкрыцця. Рамонтнымі работамі кіраваў айцец Вячаслаў Благавешчанскі. Першае богаслужэнне тут адбылося ў 1989 годзе. У храм былі вернуты іконы з Маркаўскай царквы, некаторыя перадалі мясцовыя жыхары. Сапраўднай каштоўнасцю з’яўляецца палкавая ікона ў сярэбраным акладзе, створаная ў 1840 годзе маскоўскім майстрам Аляксандрам Панфілавым. У часы Першай сусветнай вайны яна знаходзілася ў вёсцы Кавальцы, а ў 1989-м яе перадалі царкве сёстры Матусевіч з Асанава. На іконе – выявы трох святых, якія апякаюць воінаў Аляксандра Неўскага, прарока Ілью і Георгія Перамаганосца. У час наведвання Лебедзеўскай Свята-Троіцкай царквы мы змаглі ўбачыць гэту бясцэнную рэліквію і нават сфатаграфаваць яе. Дзякуй за гэта настаяцелю прыхода храма Святой Жыццепачатнай Троіцы іерэю Мікалаю Лашчанку. Айцец Мікалай расказваў, што ікона знаходзіцца ў алтары, але ёсць задума штогод 2 жніўня, на Ілью, выносіць яе ў цэнтр храма.

Краязнаўца, аўтар кнігі "Лебедзеўская сага"  Антон Апанасевіч.



Настаяцель падкрэсліў, што гэты год адметны ў плане добраўпарадкавання царквы: да яе падведзена газавае ацяпленне. Ёсць намер адрэстаўраваць арачныя вокны, але зрабіць гэта не так проста: усе рамонтныя работы трэба ўзгадняць са службамі, якія адказваюць за стан гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Беніцкі касцёл – жамчужына барока

«Казачнай прыгажосці барочны касцёл», — так напісаў адзін з турыстаў у інтэрнэце пра Троіцкі касцёл бернардзінцаў з брамай і агароджай 1701-1704 гадоў у вёсцы Беніца Лебедзеўскага сельсавета. Ён з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю нацыянальнага значэння.

На вялікі жаль, яго лёс не такі ўдалы, як Лебедзеўскай царквы: ён яшчэ з савецкіх часоў мае вялікую патрэбу ў рэстаўрацыі. Пра гэта неаднойчы пісалася на старонках нашай газеты. Але на мясцовым узроўні праблему не вырашыць: неабходныя велізарныя сродкі. Гэта пытанне дзяржаўнага маштабу.     

 

Цяпер Беніца – ціхая вёска на ўскрайку раёна, у якой жывуць пераважна пенсіянеры. Між тым у сярэднія вякі гэта было квітнеючае мястэчка, якое, згодна з данымі кнігі «Памяць», з 1634 года належала буйному шляхецкаму роду Коцелаў. Міхаіл Казімір Коцел займаў высокія пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай. Ён залажыў тут радавое памесце, разбіў садова-паркавы ансамбль з аранжарэямі і сістэмай штучных вадаёмаў. Вядома, што праектаваў яго італьянскі архітэктар Спампані. У 1701-м Коцел распачаў будаўніцтва велічнага комплексу кляштара (манастыра) бернардзінцаў. У 1704 годзе быў узведзены цагляны касцёл, які ўяўляў сабой манументальную крыжова-купальную пабудову з двухвежавым галоўным фасадам. Касцёл і брама пабудаваныя ў стылі барока. Упрыгожвалі збудаванне алтары ў стылі ракако. Над уваходам – хоры на дзвюх калонах. Тут жа знаходзіліся тры надмагіллі роду Коцелаў, сямейныя склепы Коцелаў і Швыкоўскіх, пабураныя і разрабаваныя вандаламі.

Вядома, што пры кляштары бернардзінцаў працавала школа.



У 1851 годзе кляштар быў ліквідаваны. Перыяд заняпаду касцёла пачаўся, калі расійскія ўлады ў 1866 годзе яго перарабілі ў царкву і закрылі манастыр. У 1919-м яго вярнулі католікам, якіх цяпер у вёсцы зусім мала. Пасля Вялікай Айчыннай вайны храм закрылі, размясцілі ў ім калгасны склад. У канцы 1980-х гадоў тут распачыналі рэстаўрацыйныя работы, але да канца іх не давялі.

Некаторы час касцёл стаяў адчынены, у яго мог зайсці кожны жадаючы. Цяпер жа на дзвярах вісіць замок, ключ захоўваецца ў Лебедзеўскім сельвыканкаме. Нядаўна мясцовыя ўлады арганізавалі ля касцёла суботнік, разабралі старую агароджу для таго, каб зрабіць новую.

Як расказвае кіраўнік спраў Наталля Бычкевіч, цікавасць да помніка архітэктуры ёсць. Заязджаюць сюды турысты. Мінулай восенню ў сельвыканкам звярталіся кінематаграфісты са сталіцы, папрасілі адчыніць касцёл для здымак эпізоду фільма. Веліч і прыгажосць гэтай пабудовы не можа не ўражваць. Сумна бачыць, што жамчужына барока разбураецца часам, непагаддзю, вандаламі. У храме няма вокнаў, унутры шмат смецця ад галубоў, якія знайшлі тут прытулак. Не лепшы стан і ў брамы ля касцёла.



Беніцкі касцёл па сваіх акустычных уласцівасцях ён не ўступае індыйскім храмам. У ім гучаў арган, выраблены італьянскімі майстрамі, а памесце Коцелаў у Беніцы захавалася на графічным малюнку Напалеона Орды.

Мясцовыя легенды

Былы сельскі бібліятэкар Ніна Бельская цікавіцца гісторыяй роднай вёскі, занатоўвала яе, распытвала старажылаў. Яны расказалі, чаму менавіта ў гэтым месцы стаіць касцёл. Быццам бы Коцел ехаў на павозцы з дачкой, коні нечага спалохаліся і панеслі іх. У той момант ён даў зарок: калі застануцца жывымі, пабудуе храм там, дзе спыняцца коні.

Пасля ўзвядзення касцёл пабялілі, і ад яго пайшла назва вёскі, якую, калі верыць легендзе, спачатку называлі Беліцай.  

Мясцовыя жыхары сцвярджалі, што ў Беніцкім касцёле хрысціў сваіх дзяцей Міхал Клеафас Агінскі. Быццам бы гэта было запісана ў дамавой кнізе Коцелаў, якая раней захоўвалася ў школе.
Дайшла да нашых дзён і легенда пра тое, што праз Беніцу пралёг шлях Напалеона і Кутузава, і гэта было засведчана на дошцы на сцяне касцёла. У яго падполлі знайшлі астанкі 30 маладых мужчын, па меркаванні, французскіх  салдат вайны 1812 года.

З касцёла вёў падземны ход да панскага маёнтка, што знаходзіўся метраў за трыста (цяпер на яго месцы стаіць ферма).  
Старажылы расказвалі, што Коцел пад уваходам у касцёл закапаў скарб для будучай рэстаўрацыі святыні. Спачатку яго хацелі здабыць прыезджыя з Масквы, але адмовіліся: калі паспрабавалі падняць пліту, па сцяне касцёла да самага верху пайшла трэшчына. Праз некаторы час мясцовыя жыхары зрабілі падкоп і дабраліся да скарбу. Але каштоўнасці не прынеслі ім шчасця, мужчыны заўчасна пайшлі з жыцця.

Прочитано 2093 раз Последнее изменение 28.05.2018 12:17
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить