23.04.2018 9:16

Вялікія каштоўнасці малой Радзімы. Выпуск першы

На тэрыторыі Маладзечанскага раёна 293 помнікі гісторыі, культуры, архітэктуры, археалогіі. І толькі 26 з іх прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Расказваем, што гэта за аб'екты і чым яны адметныя.


Згодна з заканадаўствам, так называюцца найбольш адметныя матэрыяльныя аб’екты, нематэрыяльныя праяўленні чалавечай творчасці, якія маюць вялікае духоўнае, эстэтычнае і дакументальнае значэнне і ўзятыя пад ахову дзяржавы ва ўстаноўленым парадку, які прадугледжвае Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры, што ўступіў у сілу ў 2017 годзе.  

Большасць аб’ектаў знаходзіцца на тэрыторыі раёна, і толькі тры з іх – у Маладзечне. Адсюль і пачалі маніторынг спецыялісты райвыканкама і іншых зацікаўленых службаў. Сярод іх галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Іна Абраменка, намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва Андрэй Шаўцоў, вядучы метадыст па помніках і музейнай справе цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна Алена Лашук, старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Станіслава Зубкова. Галоўная мэта маніторынгу – кантроль за ўтрыманнем помнікаў, захаванне патрабаванняў ахоўнага заканадаўства.

Брацкай магіле пакланіцца

Штогод у Дзень Перамогі маладзечанцы ўсіх узростаў ускладаюць кветкі да брацкай магілы ў скверы па вуліцы Язэпа Драздовіча, за тэатрам лялек «Батлейка».
У 1964 годзе быў узведзены 12-метровы абеліск па праекце архітэктара А.П. Старчая. У 2002 годзе брацкай магіле нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці рэгіянальнага значэння.
Згодна з гістарычнай даведкай, тут пахаваны 367 чалавек, якія аддалі жыццё, абараняючы нашу Радзіму: 31 афіцэр, 255 сяржантаў і салдат, 32 партызаны, 5 актывістаў, 44 воіны (іх імёны не ўстаноўлены). 26 чэрвеня 1964 года сюды былі перапахаваныя астанкі воінаў і партызан, што раней знаходзіліся ў адзіночных і брацкіх магілах на ваенных могілках па вуліцы Афіцэрскай. У 1975-м у брацкую магілу перавезлі астанкі савецкіх актывістаў, якія загінулі ў пасляваенны час у барацьбе з бандытызмам. Тут пахаваны першы сакратар Маладзечанскага РК КПБ Іван Тамілін, ён загінуў ад рук фашысцкіх акупантаў 26 чэрвеня 1941 года.



Помнік знаходзіцца на балансе УП «Камунальнік». Як расказала ў час рэйду начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела гэтага прадпрыемства Таццяна Паляковіч, тэрыторыю і сквер пастаянна даглядаюць, з дапамогай вышкі мыюць абеліск, вясной і восенню праводзяць суботнікі. У 2012 годзе быў праведзены рамонт абеліска (яго абклалі мармурам), праз год памянялі плітку вакол яго. Сродкі на рамонт былі сабраныя прадпрыемствамі і арганізацыямі горада ў час рэспубліканскага суботніка. Работнікі зелянгаса высаджваюць ля абеліска і брацкай магілы каля трох тысяч кветак.

Калі абеліск набыў сучасны выгляд, то брацкая магіла мае патрэбу ў рамонце, зазначылі ў час маніторынгу спецыялісты. Неабходна падклеіць некаторыя мармуровыя пліты з прозвішчамі загінулых, іншыя элементы. Прагучала прапанова накіраваць на добраўпарадкаванне брацкай магілы сродкі, заробленыя на адным з суботнікаў, каб яе знешні выгляд адпавядаў адноўленаму абеліску.

Упрыгажэнне цэнтра – політэхнічны каледж

Велічны адміністрацыйны трохпавярховы будынак былога Маладзечанскага абкама партыі на Цэнтральнай плошчы, 2, у якім цяпер размяшчаецца політэхнічны каледж, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэгіянальнага значэння, помнікам архітэктуры другой паловы XX стагоддзя.

Як сведчыць гістарычная даведка, гэты будынак быў узведзены ў 1954-1955 гадах па праекце вядомага беларускага архітэктара, члена-карэспандэнта Акадэміі навук БССР Аляксандра Воінава, сааўтарам выступіў Ярамір Печкін.

Агульная плошча будынка – больш за 5,6 тысячы квадратных метраў. Яго галоўны фасад упрыгожаны рызалітам і стылізаваным порцікам з васьмі папарна згрупаваных калон, цэнтральная частка скіравана на плошчу і з’яўляецца яе дамінантай.



У 1975 годзе на фасадзе была адкрыта мемарыяльная дошка з партрэтам Сяргея Прытыцкага і надпісам: «У 1954-1960 гадах працаваў першым сакратаром Маладзечанскага абкама КПБ легендарны сын беларускага народа Прытыцкі Сяргей Восіпавіч».

Калі ў 1960 годзе Маладзечанская вобласць была ліквідаваная, у будынку размясціўся політэхнічны тэхнікум, цяпер каледж. У час маніторынгу спецыялісты райвыканкама сустрэліся з намеснікам дырэктара па гаспадарчай частцы Сяргеем Біруком, які запэўніў, што і педагогі, і навучэнцы ведаюць аб гістарычнай каштоўнасці гэтага будынка. У 2011 годзе пры падрыхтоўцы да рэспубліканскага свята «Дажынкі» было шмат зроблена па яго рамонце. Перад гэтым тут працаваў эксперт, які даваў дазвол на выкананне работ. У прыватнасці, былі заменены вокны, грэчаскім гранітам аздоблены ганак, праведзены касметычны рамонт унутры, спецыяльным апаратам пачысцілі фасад. А вось работы па гідрафобнай ахове будынка не былі зроблены, хаця гэта дазволіла б лепш яго захаваць. Па словах Сяргея Станіслававіча, патрабуе тэрміновага капітальнага рамонту сістэма ацяплення, якая эксплуатуецца амаль 60 гадоў.

Самы стары будынак горада

Гісторыка-культурнай каштоўнасцю нацыянальнага значэння лічыцца корпус былога кляштара трынітарыяў, узведзены ў 1762 годзе. Гэты самы старажытны будынак у Маладзечне, помнік архітэктуры позняга барока знаходзіцца па вуліцы Замкавай,19, на тэрыторыі ААТ «Мала-
дзечанскі станкабудаўнічы завод».

Так гістарычна склалася, што сціплы двухпавярховы будынак адыграў велізарную ролю ў духоўным развіцці нашага горада, на працягу цэлага стагоддзя быў цэнтрам асветы і культуры. Спачатку гэта быў жылы корпус кляштара (манастыра) каталіцкага ордэна трынітарыяў, фундатарам якога быў князь Міхал Казімір Агінскі. З 1811 года тут размяшчаліся Маладзечанскае шляхецкае павятовае вучылішча, прагімназія, адна з першых у Расійскай імперыі настаўніцкая семінарыя, пры Польшчы – гуманітарна-адукацыйная (змешаная) гімназія імя Тамаша Зана. З 1939-га да пачатку вайны ў гэтых сценах дзейнічала педагагічнае вучылішча імя Янкі Купалы. Працавалі выкладчыкі з навуковымі ступенямі. Пра іх лёсы, а таксама пра людзей, якія вучыліся тут, расказаў краязнавец, пісьменнік Міхась Казлоўскі ў сваёй кнізе «Галасы разбуджаных птушак». У 1984 годзе на будынку ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар былых навучэнцаў настаўніцкай семінарыі. Сярод іх пісьменнік Міхась Чарот, паэт, грамадскі дзеяч Сымон Рак-Міхайлоўскі і іншыя.



У савецкі час у будынку кляштара размяшчаліся склады станказавода. Старажылы прадпрыемства расказвалі, што побач з ім знаходзіцца падземны ход, які вядзе да замчышча на ўскрайку горада. Быццам бы яго знайшлі пры будаўніцтве новых цэхаў завода і забетанавалі. Гэты цікавы факт прыгадалі таксама галоўны інжынер прадпрыемства Сяргей Сцепановіч, начальнік бюро прававога і кадравага забеспячэння Алена Паслед, якія суправаджалі нас па тэрыторыі.



Сёння ўнікальны помнік архітэктуры пустуе. На жаль, нягледзячы на яго гістарычнае значэнне і ахову дзяржавы, ён стаіць незапатрабаваны і паступова прыходзіць у заняпад. Яшчэ ў савецкі час тут хацелі адкрыць экспазіцыю, аднак добрую задуму цяжка было ажыццявіць з-за асаблівага статуса будынка. Да таго ж ён знаходзіцца на тэрыторыі прадпрыемства і да яго ўшчыльную прылягае адзін з цэхаў. Нават краязнаўцам і гісторыкам трапіць сюды няпроста: трэба загадзя дагаворвацца з адміністрацыяй, бо ўваход на тэрыторыю завода праз прахадную.    

Цікавы факт. Міхась Казлоўскі ў сваёй кнізе «Галасы разбуджаных птушак» прыводзіць цікавы факт. У 1839 годзе, вяртаючыся з Італіі, Маладзечна наведаў Мікалай Гогаль і застаўся задаволены «прекрасным училищем» і яго выкладчыкамі.

Слова -- краязнаўцу

Міхась Казлоўскі:
— Навучальныя ўстановы, якія размяшчаліся ў сценах будынка былога кляштара трынітарыяў, прагрэсіўныя людзі, якія тут выкладалі і вучыліся, рабілі наш горад сапраўдным культурна-асветніцкім цэнтрам. Я перакананы, што аўра, высокія памкненні гэтых людзей лунаюць над Маладзечнам і сёння. І мы не маем права забываць іх імёны.

Прочитано 1805 раз Последнее изменение 23.04.2018 9:16
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: Вялікія каштоўнасці малой Радзімы. Выпуск другі »

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить