15.01.2018 13:04

Как наши предки-беларусы гадали на Святки

У старажытных беларусаў варажба была вельмі папулярнай. Яны лічылі, што ў ноч з 13 на 14 студзеня і з 18 на 19 студзеня адкрываецца заслона нябёсаў. Карэспандэнты «МГ» вырашылі «патрэніравацца» ў варажбе разам з навучэнкамі аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва музычнага каледжа імя М.К. Агінскага і выкладчыцай спецдысцыплін Наталляй Чэрвонцавай.

Как наши предки-беларусы гадали на Святки "Маладзечанская газета"

Дакрануцца да таямніц
Наталля звяртаецца да гэтай тэматыкі на занятках, а таксама цікавіцца гісторыяй этнаграфіі, прымае ўдзел у рэканструкцыі абрадаў у гістарычна-этнаграфічным клубе «Кола» раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы.

— Старажытныя беларусы лічылі магічным часам калядныя святкі. Яны доўжыліся два тыдні і завяршаліся 19 студзеня, — тлумачыць Наталля Львоўна. – Таму на працягу ўсіх гэтых дзён людзі імкнуліся дакрануцца да таямніц свайго лёсу. Прычым у вызначаны час гэта не лічылася за грэх. Паколькі інфармацыйных крыніц было мала, яны кіраваліся прадказаннямі на бліжэйшы год. Традыцыі варажбы прасочваюцца ў народных рамёствах: лічылася, што знакі сонца, зямлі, зорак, узятыя ў аснову вышыўкі, выцінанкі, разьбы па дрэве, прынясуць дабрабыт і здароўе.

Навучэнцы аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва музычнага каледжа знаёмяцца са звычаем варажбы на лекцыях па матэрыяльнай культуры Беларусі. Вывучаюць яны адпаведныя сімвалы і на занятках па курсе «Народны арнамент».

— Раней варажылі пераважна незамужнія дзяўчаты, якія жадалі даведацца пра нарачонага. Прычым пэўнага ўзросту для далучэння да магіі не было. Найперш кіраваліся не датай нараджэння (гэты дзень наогул доўгі час не лічылі за свята), а фізіялогіяй і гатоўнасцю да сямейнага жыцця, — заўважае выкладчыца.

Шурпаты – значыць, багаты

Спосабаў варажбы было вельмі шмат. Праводзілася яна абавязкова ў прыцемках пры свечках. Напрыклад, дзяўчаты здымалі па адным чаравіку (лапці), у хаце ад кута перастаўлялі іх адзін за адным да дзвярэй: чый першым «дабярэцца» да выхаду, тая дзяўчына першай замуж пойдзе. А вось варажба пры дапамозе пярсцёнка (прычым у даўнейшыя часы гэтыя ўпрыгажэнні былі вельмі танныя, іншым разам сплеценыя з падручных матэрыялаў), які адшуквалі ў збожжы, дайшла ў інтэрпрэтацыі і да нашых дзён. Цяпер у ЗАГСе маладыя разам шукаюць у збожжы заручальныя пярсцёнкі.

У старажытныя часы дзяўчаты, якія хацелі даведацца, ці сустрэнуць у бліжэйшы час жаніха, выбягалі на вуліцу і дзвюма рукамі «абдымалі» плот: цот штыкецін – да замужжа, а калі лішка — давядзецца нарачонага яшчэ пачакаць. Аналагічная варажба праводзілася і з бярэмам дроў. А наколькі багаты будучы муж, высвятлялі па палене, якое выбіралі не гледзячы: шурпатае — значыць, з грашыма. Таксама незамужнія выбягалі на вуліцу, пыталіся імя ў першага сустрэчнага і верылі, што так будуць зваць іх будучага мужа.   

Удзельніцы нашай эксперыментальнай варажбы адразу запярэчылі: на такое сучасныя дзяўчаты наўрад ці пойдуць. Ім больш падабаецца варажыць на кафейнай гушчы — не прыцягвае чужых вачэй і развівае мастацкае ўяўленне. Пакрысе дзяўчаты ўсё ж асмялелі. Адна з іх зняла пярсцёнак і схавала ў ёмістасці з грэцкімі крупамі. А потым усе разам і чаравікі паскідалі.

Хлопцы любілі падслухоўваць

Дарэчы, у старажытныя часы варажылі і замужнія жанчыны, каб даведацца, ці будзе ў сям’і лад або якога чакаць ураджаю. Для гэтага пад абрус клалі сена ці салому і выцягвалі з гэтай кучы па сухой травінцы: чым даўжэйшая – тым лепшы знак на далейшы лёс. Дапамагалі варажыць дзяўчатам і сталыя жанчыны. Напрыклад, выганялі ўсіх маладзіц у сенцы і тым часам ставілі на стол талеркі, хавалі пад імі пэўныя рэчы: лусту хлеба, пярсцёнак, ключ, іголку, шыла і нават пясок… Потым дзяўчаты выцягвалі тое, што схавана пад талеркай. Гэта і лічылася знакавым прадказаннем.  

Не маглі не пацікавіцца ў субяседніцы, ці не спакушаліся зазірнуць у будучыню прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва.

— Хлопцы заўсёды імкнуліся даведацца, дзе будуць збірацца і варажыць дзяўчаты, каб… замінаць ім і «карэкціраваць прароцтвы», — гаворыць Наталля Чэрвонцава. – Напэўна, многія ведаюць пра традыцыю варажбы, калі дзяўчаты засоўвалі руку ў акно ці дзверы лазні альбо хлява: да чаго дакранецца, такім, па іх уяўленнях, і далейшы лёс будзе. Канешне, хлопцы спрабавалі падсунуць хоць што. У маёй роднай вёсцы ёсць шмат легенд на гэты конт. Любілі хлопцы таксама падслухоўваць пад вокнамі і даведвацца, кахаюць іх дзяўчаты ці не.

Чытайце таксама: Ёлка ў беларускім стылі.

Культура па-народнаму

Наталля Львоўна падказала некалькі старадаўніх спосабаў, пры дапамозе якіх можа паваражыць кожны жадаючы — час містыкі ў самым разгары. Калі ў вас ёсць сабака, пакладзіце перад ім некалькі аладак (так рабілі і раней). Для кожнай прыдумайце пэўнае «прадказанне». Да якой аладкі сабака падыдзе (а яшчэ лепш – з’есць) – тое і чакайце ў бліжэйшы час. Аналагічна можна варажыць і з катом альбо пеўнем.
Мамы, у якіх дочкі на выданні, могуць цішком паставіць ім пад ложак ёмістасць з вадой і зверху пакласці імправізаваны мосцік. Нібыта ў сне дзяўчыну перавядзе праз яго будучы жаніх.

Можна паназіраць таксама, у якія ўзоры складзецца расплаўлены воск ад свечкі, калі яго зліць у ёмістасць з вадой. Тое ж самае рабілі і з яечным бялком: пускалі на ваду, а назаўтра гля-
дзелі, абрысы якіх прадметаў ён набыў. Уважліва паназірайце за ценямі на сцяне ад скамечанай паперы з напісаным на ёй вашым жаданнем. Уключыце фантазію – і ў час няхітрай містычнай гульні, мажліва, знойдзеце адказы на пытанні, якія вас непакояць. Але не ўспрымайце такую варажбу як чорную ці белую магію. Гэта частка народнай культуры беларусаў.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/uvlecheniya/item/2150-kak-nashi-predki-belarusy-gadali-na-svyatki.html#sigProId3f4a9234ab
Прочитано 4478 раз Последнее изменение 15.01.2018 13:04
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить