10.02.2017 17:09

Такі неспакойны характар

Мікалай Кот апошнім часам заходзіць у рэдакцыю рэгулярна. Ёсць магчымасць – забяжыць на некалькі хвілін, калі прыносіць артыкул для публікацыі – затрымліваецца даўжэй. Мае маладзейшыя калегі спачатку «рабілі вочы»: што за чалавек, хто такі, чаму зачасціў?.. Адкуль было ведаць ім, што гадоў гэтак трыццаць таму прозвішча Мікалая Мікалаевіча на старонках газеты з’яўлялася не радзей, чым сёння іншага журналіста.

Такі неспакойны характар "Маладзечанская газета"

Сакратар парткама калгаса, адзін з самых «прасунутых» заатэхнікаў раёна, наватар вытворчасці, актывіст – Мікалай Кот быў сапраўднай знаходкай для карэспандэнтаў «Святла камунізму», якія вялі ў газеце вясковую тэматыку. Гэткай палачкай-выручалачкай. Трэба «малочную» тэму раскруціць – да Мікалая Мікалаевіча па дапамогу. Пракаменціраваць партыйны форум задача пастаўлена – зноў Кот не адмовіць. І гэтак далей, і да таго падобнае…

Але час не стаіць на месцы, змяняюцца людзі і прыярытэты, змяняюцца формы і змест газетных публікацый. Само паняцце «рабселькор», гэта значыць, рабочы і сельскі карэспандэнт, паступова сышло ў нябыт. Неяк непрыкметна перарвалася сувязь рэдакцыі і з Мікалаем Мікалаевічам…

Лёс ад нараджэння не песціў Мікалая: бацькі няма, маці інвалід першай групы з маладосці. (Адмарозіла ногі, калі ехала падымаць прамысловасць Урала. Вагоны не ацяпляліся, яна ж была абута ў гумовыя боты – вядома, бедната. Маладога будаўніка індустрыяльнага цэнтра Савецкага Саюза прывезлі дамоў, у Беларусь, без ног…). Хатка маленькая, лічы, на курыных ножках, хлеб на стале быў жаданым ласункам. Якая там вучоба, калі думкі малога ўвесь час былі занятыя марай удосталь падсілкавацца. У 1961 годзе яго, падшыванца і невука, адправілі ў Абухаўскі дзіцячы дом, што паблізу Гродна. І правільна зрабілі: восем класаў Мікалай закончыў на адны пяцёркі!

– Я прагны быў да ведаў, шмат чым цікавіўся, – прыгадвае сёння Мікалай Мікалаевіч. – Але ў дамашніх варунках вучыцца было проста немагчыма. Таму калі трапіў у дзіцячы дом, адразу ж узяўся за вучобу.

Пазней ён закончыць Гродзенскі зоатэхнічны тэхнікум, дзе, дарэчы, выбіраўся сакратаром камсамольскай арганізацыі навучальнай установы, і прыедзе ў Маркава загадчыкам жывёлагадоўчай фермы калгаса «Чырвоны прамень» – на Маладзечаншчыну Мікалая паклікаў сябар-аднакурснік. Праз год, у 1970-м, Мікалай Кот пачне працаваць галоўным заатэхнікам у калгасе імя Леніна. Сваім абавязкам аддаваўся ўвесь без астатку, імкнуўся глыбока ўнікнуць у сітуацыю. За дзень паспяваў аб’ездзіць усе фермы, хаця галоўным (і адзіным!) сродкам перамяшчэння была ў галоўнага заатэхніка кабыла Майка.

– Вось на ёй у сядле і ездзіў: з Маркава ў Кучкі, з Кучак – у Кавальцы, адтуль – у Трапалава і Клочкава. «Транспарт» непатрабавальны, бензіну альбо саляркі не просіць, бездаражы не баіцца. Гаспадарка тады лічылася ўжо адной з лепшых у раёне, калгас-мільянер. Высокімі былі паказчыкі ў жывёлагадоўлі, да прыкладу, на адну карову атрымлівалі больш за 3000 кілаграмаў малака. У 1973 годзе, памятаю, вазіў перадавую даярку Яўгенію Баран з трыма яе рагулямі-рэкардысткамі на абласную племянную выстаўку ў Фаніпаль.

Тады ж, у сямідзясятыя, калгас адзначаўся шматлікімі саюзнымі ўзнагародамі – Ганаровым знакам і Ганаровай граматай ЦК КПСС, Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, Савета Міністраў і ВЦСПС, ЦК ВЛКСМ. Не заставаўся ў цяні і сам Мікалай Кот: закончыў Гродзенскі сельгасінстытут; у 1972 і 1974 гадах прозвішча галоўнага заатэхніка калгаса імя Лені-
на заносілася на раённую Дошку гонару. Недзе тады яго работа была адзначана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Вопытам работы даводзілася дзяліцца на рэспубліканскай нарадзе заатэхнікаў.

Але дапытлівай, жывой натуры Мікалая Ката было цесна ў прафесійных рамках. Недзе з 1970 года ён пачаў цесна супрацоўнічаць з раённай газетай: дасылаў і прывозіў у «Святло камунізму» расказы пра справы калгасныя, пра людзей працавітых. Паступова пашырылася геаграфія выступленняў сельскага карэспандэнта – заметкі з іншых населеных пунктаў раёна, з горада. Друкаваўся ён і ў прафесійным часопісе «Сельская гаспадарка Беларусі». У 1981 годзе ў выдавецтве «Ураджай» выйшла кніга «Высокія рубяжы жывёлаводаў», у якой, як сказана ў анатацыі, кіраўнікі і спецыялісты перадавых гаспадарак рэспублікі, работнікі жывёлагадоўчых ферм і комплексаў дзеляцца вопытам работы па павелічэнні вытворчасці мяса і малака, павышэнні эканамічнай эфектыўнасці галіны. Між іншых ёсць у ёй і артыкул галоўнага заатэхніка калгаса імя Леніна Маладзечанскага раёна Мікалая Ката «Інтэнсіўнае выкарыстанне пашы».

За савецкім часам камсамольцы калгаса вылучалі Мікалая на раённыя камсамольскія канферэнцыі, а землякі пяць разоў выбіралі яго дэпутатам Маркаўскага сельскага Савета. Акрамя таго, быў ён лектарам таварыства «Веды», выкладаў асновы эканамічнай граматы. Лічыўся актыўным дружыннікам, нават выбіраўся старшынёй таварыства… цвярозасці (старэйшае пакаленне ведае, што стаіць за гэтай назвай).

Неаднаразова ўдзельнічаў у злётах рабселькораў, адзначаўся да Дня друку. Да гэтага часу захоўвае самыя лепшыя ўспаміны пра фотакарэспандэнта Міхаіла Асаевіча, лічыць яго настаўнікам у справе асваення сакрэтаў фатаграфавання.
Праз гэта захапленне Мікалай Кот пачаў больш пільна ўглядацца ў прыроду, спасцігаць яе таямніцы. Невыпадкова вось ужо больш за 10 гадоў ён штодня фіксуе асаблівасці надвор’я – тэмпературу паветра, сілу і кірунак ветру, наяўнасць атмасферных ападкаў альбо іх адсутнасць.

– Кожны дзень у пяць гадзін раніцы і ў 14.00 запаўняю дзённік назіранняў. Калі здараецца адсутнічаць дома, то прашу жонку зафіксаваць пэўныя параметры, – расказвае Мікалай Мікалаевіч. – Вядома ж, мае назіранні не прэтэндуюць на адсутнасць хібаў, ды і характэрныя яны для канкрэтнай мясцовасці – вёскі Трапалава, дзе жыву. Але запісы могуць засведчыць пэўныя тэндэнцыі, што назіраюцца ў клімаце апошнім часам. А яшчэ дапамагаюць асэнсавана весці дамашнюю гаспадарку, арганізоўваць работы ў садзе і агародзе. Дарэчы, перавагу пры вырошчванні садавіны і агародніны ён аддае экалагічным метадам. Прызнаецца, што ніякай «хіміяй» не карыстаецца, нават жукоў каларадскіх уручную збірае.

Вяртаючыся ў размове да свайго захаплення друкаваным словам, Мікалай Мікалаевіч сцвярджае:
– Калі сябруеш з газетай, чытаеш, а тым больш калі пішаш у яе – ты не адзінокі, табе не будзе часу сумаваць.

Наогул, захопленасць – гэта вызначальная рыса характару Мікалая Ката. Ён і кніжнік – мае багатую бібліятэку мастацкай і навукова-папулярнай літаратуры, картаграфічных матэрыялаў. Апошнім часам актыўна ўдзельнічае ў рабоце клуба «Мудры ўзрост» пры раённым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Маладзечанскага культурна-асветніцкага грамадскага аб’яднання «Саюз палякаў на Беларусі».

– Напэўна, як і ў кожнага чалавека, у мяне нямала праблем і трывог, – прызнаецца субяседнік. – Каб можна было «адкруціць» жыццё назад, то больш часу аддаваў бы дзецям. Цяпер даводзіцца наганяць упушчанае з унукамі, якіх у мяне чацвёра. Ёсць яшчэ праўнучка Міраслава. Спадзяюся, што ўсе яны будуць шчаслівымі, знойдуць сваё месца ў жыцці.
Разам з тым, у любой сітуацыі Мікалай Кот стараецца не апускаць рукі, не здавацца. Любіць быць сярод людзей, мае шмат сяброў. І не толькі ў нашым раёне. Прызнаецца, што дружба надае сіл, робіць асэнсаваным жыццё.

У свае без малога 70 Мікалай Мікалаевіч імкнецца кожны дзень прайсці не менш за дзесяць кіламетраў: рух – яшчэ адзін жыццёвы прынцып Ката. У дарозе з многімі сустрэнецца, пагаворыць на злобу дня, пра многае перадумае. Бывае, што вынікам гэтых сустрэч і размоў становіцца чарговая заметка. І Мікалай Мікалаевіч зноў спяшаецца ў рэдакцыю…

Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.

Прочитано 743 раз Последнее изменение 10.02.2017 17:09
Аляксандр Лазоўскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: І ў храме ёсць яго цаглінка... »

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить