Мебель
24.03.2020 12:10

«Як край не любіць, дзе прадзеды жылі?»

Пра свае клопаты расказвае стараста вёскі.

Людміла Аракчэева. Людміла Аракчэева.

Людміла Аракчэева чацвёртая з пакалення карэнных жыхароў Маросек. У свой час яе мама Ніна Радзько была старастай у сваёй вёсцы. І вось ужо чатыры гады як гэту грамадскую пасаду даверылі Людміле Уладзіміраўне. Яна з’яўляецца старастай вуліцы Цэнтральнай, завулкаў Першамайскага і Партызанскага, часткі дачнай забудовы.

Па выніках раённага працоўнага спаборніцтва яна перамагла ў намінацыі «Лепшы прадстаўнік органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання», яе партрэт будзе занесены на раённую Дошку гонару.

— Мясціны ў нашых Мароськах вельмі маляўнічыя, нездарма ж яны ў дачнікаў попытам карыстаюцца. З дзяцінства люблю наш луг за рэчкай, там так прыгожа, спакойна. А як салаўі спяваюць! Цяпер у вёсцы налічваецца больш за 350 чалавек, у ёй 183 дамы. Здаўна тут жылі Барташэвічы, Посахі, Семашкевічы, Калачыкі, Кукелі, Сарокі, Квяткоўскія, Корсакі, Свірыды, Шаўлюкі, Мікулічы, Грывіцкія, Васюты. Мы ганарымся, што ў Мароськах нарадзіўся ганаровы грамадзянін раёна Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Калачык, жыла заслужаная настаўніца БССР Софія Калачык. Бацькі маёй мамы — Вольга і Іван Посахі — таксама тутэйшыя, і іх бацькі адсюль. Мой малодшы сын Руслан жыве ў Мінску, працуе менеджарам. А вось старэйшы Яўгеній, які займаецца грузаперавозкамі, застаўся ў вёсцы. Яго дачка, мая любімая ўнучачка Уладзіслава, ужо шостае пакаленне карэнных жыхароў, – з замілаваннем расказвае пра сваю сям’ю і малую радзіму жанчына. – У маім дзяцінстве ў Мароськах яшчэ пачатковая школа дзейнічала, я паспела ў ёй павучыцца. А мая першая настаўніца Марыя Міхайлаўна Міцько ў Лебедзеве жыве, заўсёды з удзячнасцю яе ўспамінаю.

Прафесія педагога Людміле добра знаёмая. Пасля заканчэння педкласа ў СШ №11 нашага горада 12 гадоў яна працавала выхавальніцай у Лебедзеўскім дзіцячым садзе. Апошнія 19 гадоў з’яўляецца дыспетчарам аграфірмы «Лебедзева». Пра такіх спецыялістаў кажуць: «Трымае руку на пульсе жыцця». І сапраўды, дыспетчарская – тое месца, куды сцякаецца самая аператыўная інфармацыя, дзе вырашаюцца неадкладныя пытанні. Выдача пуцявых лістоў, збор інфармацыі па фермах, справаздачы па розных кірунках, тэлефанаграмы – штодзённыя клопаты дыспетчара. Уставаць даводзіцца вельмі рана, добра, што ад дома да работы дзесяць хвілін пешшу.

А дома іншы раз таксама своеасаблівая дыспетчарская. Мінулым летам наогул быў сапраўдны штаб па падрыхтоўцы да свята вёскі, пра якое і сёння ўспамінаюць мясцовыя жыхары.

— Спачатку прайшло свята аграгарадка Лебедзева. Мы ў ім таксама актыўны ўдзел прымалі, вельмі нам усё спадабалася. І калі старшыня сельвыканкама Тамара Дудзіч прапанавала правесці ў Мароськах, згадзіліся, — расказвае мая субяседніца.

— Што было самае складанае ў падрыхтоўцы да свята?
— Сабраць, расшавяліць людзей, настроіць іх на тое, што толькі разам мы зможам арганізаваць такое мерапрыемства. Спачатку пайшла да суседзяў па сваім завулку Першамайскім, затым іншыя сталі падключацца. На кожным кроку адчувала падтрымку, вялікую зацікаўленасць сельсавета, вельмі ўдзячная аграфірме «Лебедзева», якая таксама ў многім дапамагала. Найпершай маёй памоч-
ніцай была Святлана Карпіновіч. Шмат людзей сабралася, усё прайшло настолькі цікава і прыгожа, што мы нават і не чакалі.

— Якія яшчэ пытанні даводзіцца вырашаць вам як старасце?

— Узнімала пытанне добраўпарадкавання дарогі на вуліцы Цэнтральнай. Яе да свята раўнялі, падсыпалі, аднак гэтага недастаткова. Яе ўключылі ў перспектыўны пералік па рамонце, спадзяёмся, сёлета ці на лета яе добраўпарадкуюць. Не так даўно праводзіла апытанне жыхароў наконт таго, ці плануюць яны ставіць электрапліты, электракатлы, перадавала звесткі спецыялістам. Яны неабходныя пры замене лініі электраперадач. У нашай вёсцы, дарэчы, праведзены прыродны газ, у многіх дамах стаяць бойлеры, ёсць усе гарадскія выгоды.

Акрамя таго, разам з сельсаветам, яго старшынёй прапрацоўваем пытанні добраўпарадкавання, утрымання ў чысціні мясцовых могілак, прафілактыкі пажарнай бяспекі. А вяскоўцы звяртаюцца па самых розных пытаннях, іншы раз асабістых. Могуць нават папрасіць «пры-
струніць» тых, хто ўваходзіць у «групу рызыкі». Я магу выхаваўчую работу правесці, некаторыя мяне нават пабойваюцца…

Імпануе Людміле Уладзіміраўне, што Лебедзеўскі сельсавет на пастаяннай сувязі са старастамі. Іх запрашаюць на розныя мерапрыемствы, кожны год за кубкам гарбаты падводзяцца вынікі работы, вызначаюцца новыя задачы. Такія сустрэчы надаюць яшчэ больш упэўненасці, адчування неабходнасці гэтай грамадскай работы.

— А што сказала ваша мама, калі даведалася, што вы сталі лепшай старастай у раёне? – пытаюся ў субяседніцы.

— Мама заплакала. Але гэта былі слёзы радасці…

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

 

Прочитано 72 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить