10.01.2020 12:11

Автомобиль на воде? Он существует и ездит по молодечненским дорогам

У гэтым пераканаўся журналіст "Маладзечанскай газеты" і ўдзельнічаў у незвычайным тэст-драйве – у якасці пасажыра праехаў на «Ладзе», запраўленай вадой з-пад крана.

Вынаходнік Дзмітрый Вашынка прыехаў на экамабілі разам з гаспадаром транспартнага сродку Іванам.

З выхлапной трубы «Лады» 1987 года выпуску ішла пара. Ужо цікава. Сеў у машыну. Паху бензіну ў салоне няма. Раней даводзілася ездзіць на аўтамабілях-ветэранах, таму ведаю, што такая праблема ў іх існуе.

— Аб’ём рухавіка маёй «Ладушкі» — 1,3 літра, — гаворыць Іван. — Раней машына адрознівалася «добрым апетытам» — спажывала шмат бензіну. Таму дазволіў мадэрнізаваць рухавік. У маторы кардынальна нічога не змянялі, толькі ўстанавілі некалькі новых вузлоў. Эканомія атрымалася адчувальная. Цяпер «Ладу» не пазнаць – ездзіць як новая «іншамарка», можа разганяцца да 160 кіламетраў за гадзіну. Мой вадзіцельскі стаж – 25 гадоў. Таму параўнаць ёсць з чым.

Спачатку вырашылі заправіцца. Накіраваліся ў прыватны сектар, дзе жыве Дзмітрый Вашынка. Вынаходнік набраў у бутэльку вады з-пад крана, зрабіў некалькі глыткоў, затым адкрыў капот і выліў «паліва» ў варонку, шланг ад якой ішоў да спецыяльнай ёмістасці. Вада залівалася не ў бензабак. Пад капотам я ўбачыў бензінавы рухавік і некалькі дадатковых прылад.

— Вада ў ёмістасці з дапамогай газадыфузійнага электрода раскладаецца на кісларод і вадарод. Атрыманы вадарод абагачае паліўную сумесь. Машына можа ехаць як на вадародзе, так і на вадародна-бензінавай сумесі. Паўлітра вады хапае прыкладна на 120 кіламетраў. Прычым набіраць яе можна нават з лужыны. Пакуль выраблены адзін доследна-прамысловы ўзор «вадароднага абагачальніка». Пры жаданні такія могуць быць устаноўлены на любыя рухавікі, дзе выкарыстоўваецца цыкл Карно (ён апісвае прынцып пераўтварэння цяпла ў механічную энергію), — адзначыў субяседнік.

Зноў садзімся ў аўтамабіль. Накіроўваемся ў бок Вілейкі. Правяраем транспартны сродак на грунтавой і асфальтаванай дарозе, тэсціруем рухавік у розных рэжымах у горадзе і за ім.

Машына завялася з паўабарота і кранулася з месца вельмі жвава. Праехалі вуліцу Чарняхоўскага, павярнулі ў напрамку суседняга райцэнтра. Хуткасны рэжым не парушаем, аднак рухаемся на верхняй мяжы дазволенага. Мяняем палосы руху, скідваем хуткасць на штучных перашкодах. Пры разгоне сіла інерцыі ўціскае нас у сядзенні. Матор працуе ўстойліва з раўнамерным гукам. Стрэлка расходу паліва на прыборнай панелі практычна не рухаецца. Гадзіны праз паўтары вяртаемся на «базу».
— А цяпер фокус! – гаворыць вынаходнік і падносіць да выхлапной трубы чысты ліст паперы. Матор пры гэтым працуе. Праз некалькі хвілін ліст застаецца белым. Слядоў сажы і гару няма. І гэта не фокус, а факт.

Дзмітрый Вашынка падвёў вынікі эксперыменту. У час тэставага заезду машына рухалася ў двух рэжымах. У горадзе — на вадзе і бензіне, за горадам – толькі на вадзе. Усяго з моманту мадэрнізацыі рухавіка яна праехала 425 кіламетраў (80 – па горадзе, 345 — за ім). Пры гэтым было зрасходавана 13 літраў бензіну. Сярэдні расход склаў 3,1 літра на 100 кіламетраў.

— Маё вынаходства карыснае для дзяржавы, для суб’ектаў гаспадарання, жыхароў, — зазначыў субяседнік. – Беларусь імпартуе вуглевадароды, траціць на гэта вялікія сродкі. Пераход транспарту на ваду – добры спосаб эканоміі валюты. Да таго ж ствараць спецыяльную інфраструктуру абслугоўвання такога транспарту не трэба. Заправіцца можна хоць дзе. Зніжаюцца і выдаткі на абслугоўванне транспартных сродкаў. Захаванне навакольнага асяроддзя — асобная тэма. Думаю, за вынаходствам вялікая будучыня.

Згодзен з Дзмітрыем. Хаця ён не раскрыў усіх сакрэтаў «спальвання вады», аднак паказаў, што такое магчыма.

Першым прымяніў прынцып электролізу вады пры распрацоўцы рухавіка ўнутранага згарання Чарльз Гарэт. Адбылося гэта ў 1935 годзе. Той прататып быў недасканалы. Ён не знайшоў практычнага прымянення.

Крыху тэорыі.

Вада з’яўляецца ідэальнай крыніцай паліва. Малекула вады складаецца з двух атамаў вадароду і аднаго — кіслароду. Пры прапусканні праз ваду электрычнага току з пэўнымі параметрамі яна распадаецца на вышэйзгаданыя элементы.

Пры наступным гарэнні кіслароду і вадароду ў рухавіку выхад энергіі ў два з паловай раза вышэйшы, чым пры спальванні бензіну. Пры гэтым прадуктам згарання з’яўляецца вадзяная пара, якая вяртае ваду ў атмасферу.

 

 

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/sotsium/item/6046-avtomobil-na-vode-on-sushchestvuet-i-ezdit-po-molodechnenskim-dorogam.html#sigProIdfba37bf9d5
Прочитано 1637 раз Последнее изменение 10.01.2020 12:11
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить