06.11.2019 12:12

Паштальён Алена Лях: «Як не дапамагчы пажылым, якія захварэлі?»

Чарговы фен ад «МГ» мы ўручылі Алене Лях, якая 30 гадоў працуе ў аддзяленні паштовай сувязі №7. Па выніках квартальнай падпісной кампаніі на наша выданне яна ў лідарах.

Паштальён Алена Лях. Паштальён Алена Лях.

Неяк Алена ўбачыла, як па апорных паштовых скрынях, якія ў савецкія часы былі ўстаноўлены практычна ля кожнага дома, развозілі на таксі перыёдыку для падпісчыкаў, і на наступны дзень пайшла ўладкоўвацца на пошту. Як цяпер памятае, было гэта 31 мая 1989 года. Яшчэ праз тры дні стажыроўкі ёй даверылі ўчастак па вуліцах Францішка Скарыны і Будаўнікоў, на якім Алена працуе і цяпер. Усіх 1566 сваіх цяперашніх адрасатаў яна ведае па імёнах. На яе вачах «выраслі» многія сем’і, пасталелі дзеці, але, што прыемна, засталіся вернымі нашаму выданню. Нават пасля пераезду ў іншае месца жыхарства працягваюць яго выпісваць.

Найбольш насычаныя і ў прамым сэнсе цяжкія дні тыдня – серада і субота, калі сумка паштальёна запоўнена з верхам і даводзіцца разносіць «Маладзечанскую газету». Алена ведае: падпісчыкі абавязкова спытаюцца, што пішуць у «МГ». Таму кожную сераду і суботу яна першай гартае газетныя старонкі, каб адказаць на пытанне. Сярод падпісчыкаў, дарэчы, і моладзь, і людзі пажылога ўзросту. Мы пагутарылі з Васай Краснавокавай і Аленай Тарасавай. Шмат гадоў яны жывуць па-суседску – кватэры на адной пляцоўцы. У жанчын не толькі аднолькавае імя па бацьку (абедзве Мікалаеўны), але і агульная звычка чытаць «МГ». Алена Тарасава нават заўважыла, што некалі падпісваліся на «МГ» яе бацькі, якія жылі ў вёсцы Пруды нашага раёна. І гэту традыцыю прадоўжыла яна. Да выхаду на пенсію наша верная чытачка працавала эканамістам у таварыстве сляпых. Васа Мікалаеўна – бухгалтарам у трэсце сталовых і рэстаранаў. Дарэчы, мы расказвалі пра яе ў рубрыцы пра людзей з рэдкімі і незвычайнымі імёнамі, і яна захавала гэты нумар. Жанчыны ў адзін голас заўважылі, што менавіта «МГ» для іх компас жыцця на Маладзечаншчыне. Нярэдка разам збіраюцца, каб пачытаць свежы нумар газеты, і ў кожнай – свой экзэмпляр.
Наш паштальён дастаўляе адрасатам не толькі перыёдыку.

— Пісьмаў стала значна менш, але, нягледзячы на сучасныя тэхнічныя магчымасці, людзі ўсё ж працягваюць пісаць адзін аднаму. Напрыклад, ведаю жанчыну, якая ўжо на працягу доўгіх гадоў перапісваецца са сваячкай з Расіі, — расказвае пра сваіх адрасатаў Алена Лях. – Запомніўся і выпадак, калі пажылому чалавеку хтосьці даслаў на Новы год дзіцячы падарунак – цацку і паштоўку. Неяк завітала акурат на вяселле: жаніх ужо адпраўляўся па нявесту, а я яму ўручыла так званае пісьмо шчасця (аб выплаце штрафу) ад Дзяржаўтаінспекцыі.

За рабочую змену Алена праходзіць 10 кіламетраў, ці, як сама ўдакладняе, 16 тысяч крокаў. Акрамя сумкі з поштай, даводзіцца насіць і чыпы ад дамафонаў пад’ездаў — іх у звязцы больш за паўсотні. Нярэдка Алена замяняе сваім падпісчыкам і сацработніка.

Як не дапамагчы пажылым, якія захварэлі і не могуць схадзіць у магазін ці аптэку? Але яна не скардзіцца на цяжкасці, бо цалкам згодная са словамі вядомага філосафа Канфуцыя: «Выберы сабе работу па душы — і табе не давядзецца працаваць ніводнага дня ў сваім жыцці».

Фота: Ірына РАБУШКА.

Прочитано 97 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить