Разам з калегамі яна прыняла ўдзел у дабрачыннай акцыі «Збяром дзяцей у школу», якую ініцыявалі актывісты сацыяльнага грамадскага аб’яднання бацькоў «Бумеранг дабра».
Напярэдадні ў Доме культуры, мясцовых магазінах былі ўстаноўлены «скрынкі дабра», якія з цягам часу напоўніліся адзеннем, абуткам (ужыванымі, але ў добрым стане), канцылярскімі прыладамі, сродкамі гігіены, іншымі рэчамі.
Працягам акцыі стала дабрачыннае мерапрыемства, якое адбылося ў цэнтральным скверы аграгарадка. Многія прыйшлі сюды сем’ямі, далучыліся да збору рэчаў. Актыўны ўдзел прынялі мясцовыя сярэдняя школа і дзіцячы сад на чале з іх кіраўнікамі Аляксандрам Барэйкам і Аленай Шумілавай. Удзячныя арганізатары за дапамогу і прадаўцу Іне Якуновіч.
Нібы ў казцы Маршака «Дванаццаць месяцаў», у скверы дзяцей і дарослых сустракалі разам Лета (Ганна Кобель) і Восень (Кацярына Грыб). Яны вялі праграму, прапанавалі гульні, якія чаргаваліся з нумарамі мастацкай самадзейнасці.
— Наша акцыя працягнецца ў Маладзечне да 21 верасня, а затым усе сабраныя рэчы мы перададзім мнагадзетным, няпоўным, малазабяспечаным сем’ям, а таксама тым, у якіх гадуюцца дзеці з інваліднасцю, — расказвае актывістка грамадскага аб’яднання бацькоў «Бумеранг дабра» Ганна Кобель.
Фота: архіў ЛЕБЕДЗЕЎСКАГА СДК.