11.09.2019 7:47

Наша сядзіба. Валянціна Жалевіч з вёскі Маркава

— Люблю кветкі! Выйду раніцай з дома, са сваімі лілеямі ці гладыёлусамі прывітаюся — і адразу настрой узнімаецца, — паэтычна расказвае пра захапленне ўсяго свайго жыцця жыхарка аграгарадка Маркава Валянціна Жалевіч.

Валянціна Жалевіч з вёскі Маркава Валянціна Жалевіч з вёскі Маркава

Дом яе сям’і на вуліцы Набярэжнай з ранняй вясны да позняй восені патанае ў рознакаляровым шматквецці.
— Вось каб вы прыехалі, калі ў мяне лілеі цвілі! Іх было сямнаццаць сартоў, — гаворыць гаспадыня.

Цяпер на клумбах велічна ўзвышаюцца гладыёлусы, другі раз за сезон цвітуць ружы, расквечваюць восень аксаміткі, астры… Нават уздоўж плота з боку вуліцы пышныя клумбы, якія радуюць усіх, хто штодня крочыць па Набярэжнай.
— Не было такога, каб, паехаўшы ў горад на рынак, новую кветку не купіла, — прызнаецца жанчына. – Прыйду ў паліклініку, вечна сяджу пад кабінетам з цыбулькамі ці саджанцамі ў сумцы… І дачка Таня з горада насенне вязе. Дарэчы, гэта яе ідэя ўздоўж плота кветкі пасадзіць.

Валянціна Мікалаеўна расказвае, што з мужам Мікалаем Іванавічам трыццаць гадоў таму пераехалі сюды са Смаргоншчыны. Працаваць уладкаваліся на сортавыпрабавальную станцыю, ім выдзелілі жыллё. Прыехалі з дзецьмі Сашам і Таняй, Міша нарадзіўся ўжо тут. З сем’ямі Таццяны і Міхаіла бацькі жывуць у прасторным доме пад адным дахам, старэйшы Аляксандр таксама застаўся ў Маркаве. Радуюць Жалевічаў шасцёра цудоўных унукаў. Унучка Лера сёлета пайшла ў першы клас, і гэта адметная падзея для ўсёй іх дружнай сям’і. Мікалай Іванавіч працуе даглядчыкам на ферме.

Перадавік, узнагароджаны шматлікімі граматамі. Валянціна спачатку была на ферме даяркай, потым перайшла на палявыя работы, даглядала збожжавыя культуры. Адпрацавала на сортстанцыі да пенсіі 28 гадоў, вывучыла, як сама гаворыць, усю работу агранома, адказвала за звяно з чацвярых чалавек.

— Раслінаводства мне заўсёды падабалася, на работу з ахвотай ішла. Кожны вечар перад сном складала план заўтрашняга працоўнага дня: на які ўчастак найперш трэба ісці, што прапалоць, падкарміць. А з усіх культур найбольш люблю лён. Калі ён пачынае цвісці – вачэй немагчыма адарваць, такая прыгажосць. Працаёмкая культура, няпроста яе вырошчваць, але вынікі радавалі… Яны для ўсёй краіны значныя, мы ж вы-
прабоўвалі новыя сарты, многія з якіх потым укараняюцца ў сельскагаспадарчую вытворчасць.

Згадзіцеся, з такой любоўю можа расказваць пра нялёгкую работу палявода толькі чалавек, які сапраўды любіць расліны, адчувае іх. Цяпер жанчына на пенсіі, і ўсю любоў да расліннага свету пераносіць на свае кветкі. Чэрвеньскай засухай палівала найперш свае лілеі ды ружы і толькі потым агарод. Хаця і ён у парадку. Сёлета парадавалі памідоры, агуркі, цыбуля з буракамі – добры ўраджай, хопіць для сям’і на ўсю зіму.
Валянціна Мікалаеўна прызнаецца, што калі здараецца якая святочная нагода, купляе ружы ў горадзе. Свае кветкі для букетаў не зразае, шкадуе.

— Яны ж хутка завянуць, а на клумбах доўга цвітуць. Няхай жывуць усім нам на радасць!

Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mail.mgazeta.by/sotsium/item/5278-nasha-syadziba-valyantsina-zhalevich-z-vjoski-markava.html#sigProId46578ec01d
Прочитано 65 раз Последнее изменение 11.09.2019 7:47
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить