26.08.2019 11:34

Наша сядзіба. Галіна Карней, Дамашы

Яго немагчыма не заўважыць, праязджаючы праз Дамашы. Жоўтае сонейка вісіць на бярозе каля аднаго з дамоў па вуліцы Савецкай, усміхаецца прахожым і праезджым, пераміргваецца з будзільнікам, які стаіць непадалёк ад брамкі.

Галіна Карней з вёскі  Дамашы. Галіна Карней з вёскі Дамашы. "Маладзечанская газета"

На франтоне гэтага дома – вясёлы Карлсан, у акенцы гарышча – Малыш, які вітае свайго сябра. А калі не спалохаешся шыльды з грозным папярэджваннем, што сабака дабяжыць да брамкі хутчэй, чым ты яе адчыніш і завітаеш на двор, то пазнаёмішся з іншымі героямі дзіцячых казак і мульфільмаў. Тут і выразаны з фанеры леў з пышнай грывай, і дзіўны заяц у мяккім футры, расфарбаваным пад божую кароўку. Побач лебедзі, у якіх многія беларускія ўмельцы ператвараюць старыя аўтамабільныя шыны, і пальмачка, вырашчаная з пластыкавых бутэлек…

Я не спужалася папярэджвання ля брамкі, рызыкнула яе адчыніць: прафесійная цікаўнасць узяла верх. Ды і два сабачкі аказаліся не такімі грознымі, гаўкалі больш дзеля парадку. На брэх «вартаўнікоў» выйшла з хаты гаспадыня гэтага казачнага царства – Галіна Карней.

Пазнаёміліся. Галіна Мікалаеўна здзівілася візіту: «Ды нічога ў нас такога незвычайнага няма. Усё сваімі рукамі рабілі з падручных матэрыялаў». Яна расказала, што вырасла ў гэтым доме, пабудаваным яшчэ да вайны. У яго сценах гучала нямецкая гаворка: маці Паўліна Пятроўна ўспамінала, як паўгода ў іх кватаравалі гітлераўцы. Калі вораг адступаў, у вёсцы праз адзін гарэлі дамы. Але іх сям’і пашанцавала — будынак уцалеў. З таго часу яго не раз рамантавалі і фарбавалі, дабудавалі веранду, зладзілі лазню, добраўпарадкавалі студню. Успамінаючы дзяцінства ў родным доме, Галіна Мікалаеўна з настальгіяй гаворыць, што ў Дамашах тады было шмат дзяцей, якія вучыліся ў Насілаўскай школе. Моладзь любіла пасядзець на лавачках каля хат, спявала песні, жартавала – весела было. Галіна з юных гадоў захаплялася спортам, асабліва бегам. «Пяцьсотметроўка» была яе кароннай дыстанцыяй, Галіна неаднойчы перамагала на гарадскіх спаборніцтвах. Гэта захапленне стала прафесіяй. Пасля Гродзенскага тэхнікума фізічнай культуры працавала настаўніцай фізкультуры ў Раёўскай школе, была інструктарам фізкультуры на гарадской швейнай фабрыцы «Камсамолка», якая пазней стала называцца «Юнонай». Трэба сказаць, што і цяпер, будучы на пенсіі, Галіна Мікалаеўна выглядае спартыўнай, падцягнутай і нашмат маладзейшай за свой узрост. Нават падпрацоўвае яшчэ. Радуецца, што ва ўнучкі, дзесяцігадовай Мар’яны, добрыя поспехі ў баскетболе, што дзяўчынка займаецца і плаваннем. Мар’яну назвалі ў гонар дзеда Мар’яна Эдвардавіча, мужа Галіны Мікалаеўны. На жаль, вось ужо дзесяць гадоў як ён пайшоў з жыцця. Жонка ўспамінае, што яго здымак быў змешчаны на старонках нашай газеты. Аднойчы на гарадскім свяце Купалля ён, работнік «Камунальніка», распальваў вогнішча і трапіў у поле зроку журналістаў. Прыемна, што нашы чытачы памятаюць пра такія моманты, зберагаюць выразкі з газеты.
У свой час Карнеі атрымалі кватэру ў Маладзечне, але ў Дамашы наведваліся часта. Тут да 90 гадоў жыла маці Галіны Мікалаеўны. А цяпер гаспадыня і сама сюды перабралася, дроў на зіму купіла.

— У горадзе доўга быць не магу, мне там душна, шумна, цягне ў вёску, — прызнаецца мая субяседніца.

Сярод зелені і цішыні сустракае яна дзяцей, чацвярых унукаў. Расказвае, што аздаблялі сядзібу разам з дачкой Інай, якая працуе намеснікам загадчыка дзіцячага сада, вельмі добра малюе. Цяпер зразумела, адкуль у двары столькі казачных персанажаў. Найбольш ім радуецца малодшая ўнучка Галіны Мікалаеўны Ульяна. Дзяўчынцы два з паловай гады, а яна ведае ўжо, хто такі Карлсан, любіць павітацца з ільвом, зайцам. Для яе тут сапраўдны казачны свет, дзе ў будзільніка і сонейка ёсць вочкі, дзе добрыя героі казак усміхаюцца дзецям. Ды і ў дарослых настрой узнімаецца.

— Еду раніцай праз Дамашы, неба хмурае, спаць хочацца. А тут ваша сонца, глянеш — і на душы весялей становіцца, — сказаў неяк Галіне Мікалаеўне адзін знаёмы вадзіцель.

Значыць, не толькі жыхарам незвычайнай сядзібы, але і іншым людзям яно свеціць…

— Хачу сёе-тое ў двары аднавіць, падфарбаваць, ёсць новыя задумкі: мару Ямелю на печцы зрабіць, — дзеліцца планамі гаспадыня. — Так што прыязджайце яшчэ, буду рада…

Запрашайце! Раскажам і пра вас

Паважаныя чытачы! У нашым раёне вельмі шмат прыгожых дамоў і падворкаў. На адных прызямліліся буслы, круцяцца ветракі, на другіх радуюць вока кветкі, штучныя вадаёмы, на трэціх здзіўляюць казачныя персанажы, альтанкі, розныя забавы для дзяцей. Суседзі, знаёмыя прыходзяць паглядзець на гэтую прыгажосць. А чаму б не расказаць пра яе і чытачам нашай газеты?

Сябры, калі інтэр’еры вашага дома ці кватэры, падворак вызначаюцца нечым цікавым, калі ў іх аздабленне вы ўкладаеце душу, фантазію, працу, тэлефануйце ў рэдакцыю. Падказвайце адрасы! Нашы журналісты прыедуць, сфатаграфуюць, распытаюць і абавязкова раскажуць пра вас на старонках «Маладзечанскай газеты». Давайце разам яе рабіць больш цікавай і разнастайнай!

Тэлефануйце па нумары 77-19-61. Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

 

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/sotsium/item/5157-nasha-syadziba-galina-karnej-damashy.html#sigProId3471592b4e
Прочитано 88 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: « Келси ищет дом Джиггер, питчер, латте-арт... »

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить