21.08.2019 15:46

У свае 95 бабуля Ганна абкошвае сцежкі і толькі адзін раз лячылася ў бальніцы

19 жніўня адзначыла 95-годдзе жыхарка вёскі Трапалава Маркаўскага сельсавета Ганна Рудніцкая.


Яе дзяцінства прайшло на Брэстчыне, у вёсцы Жухаўцы непадалёк ад Кобрына. Мясціны там маляўнічыя — навокал лес, побач рака Мухавец. Ганна Іванаўна прыгадвае, што лес быў багаты на грыбы і ягады, якія заўсёды назапашвала іх сям’я. У склепе стаяла дубовая бочка з вельмі смачнымі засоленымі грыбамі, якіх хапала на ўсю зіму. У бацькоў была вялікая гаспадарка: пяць гектараў зямлі, конь, карова, авечкі. Бацька Іван Лаўрэнцьевіч Каркуша быў заядлым рыбаком, лавіў рыбу не толькі для сям’і, але і на продаж. Маці Ганна Міхайлаўна была знатнай рукадзельніцай, ткала на кроснах, забяспечвала сям’ю адзеннем і пасцельнай бялізнай. Яна навучыла прасці, ткаць і дачку. А яшчэ маці пякла самыя смачныя аладкі ва ўсёй вёсцы, з любоўю расказвае доўгажыхарка. Да вайны Ганна закончыла чатыры класы польскай школы, шмат дапамагала бацькам па гаспадарцы. Пасля вызвалення ад польскага прыгнёту бацька ўступіў у калгас «Дружба». Толькі стала наладжвацца новае жыццё, як пачалася Вялікая Айчынная вайна. У 1942 годзе фашысцкія карнікі забіралі вясковую моладзь на прымусовыя работы ў Германію, куды трапіла і Ганна. Успамінае, што іх везлі ў таварняках па чыгунцы, трапіла яна ў горад Гарц Одэр. Служыла ў гаспадароў, працавала ў агародзе: садзіла табаку, буракі, а таксама даіла кароў. Рабіць патрэбна было ўсё, што загадвалі. Разам з ёй служылі маладыя паляк і бельгіец, якія ў асноўным даглядалі коней. Ганна Іванаўна гаворыць, што гаспадары добра адносіліся да работнікаў, не здзекаваліся, а кармілі, апраналі. Некалькі разоў гаспадыня нават брала Ганну з сабой у кіно. Немцы чамусьці называлі яе ўкраінкай. Дадому дзяўчына пісала пісьмы і атрымлівала ад блізкіх адказы. Вельмі сумавала па радні, па сваіх мясцінах. Расказвае, што гаспадара прызвалі ў армію, дзе ён загінуў. У маі 1945 года прыйшла доўгачаканая перамога, усіх вязняў вызвалілі. Аднак некалькі месяцаў яны яшчэ працавалі ў Германіі, і толькі ў ліпені 1945-га Ганна прыехала на цягніку ў Кобрын, адтуль пешшу ішла дадому. Шмат радасці было ад сустрэчы з блізкімі, ад таго, што скончылася вайна.

У 1946 годзе ў іх вёсцы працавалі сувязісты, сярод іх быў і Міхаіл Рудніцкі. Яны пазнаёміліся, спадабаліся адзін аднаму. У снежні гэтага ж года Міхаіл прывёз Ганну на сваю радзіму ў вёску Трапалава. Тут яны пажаніліся, вянчаліся. У іх нарадзілася чацвёра дзяцей: Міхаіл, Соф’я, Іван і Галіна. Без малога 40 гадоў Ганна Іванаўна працавала даяркай у калгасе імя Леніна, надойвала па 3910 кілаграмаў малака ад кожнай каровы. У 1974 годзе яна была ўдзельніцай раённага злёту жывёлаводаў, атрымала Ганаровую грамату райкама КПБ і райвыканкама, яе партрэт змяшчаўся на раённай Дошцы гонару. За значны ўклад у развіццё народнай гаспадаркі ў Маскве на ВДНГ яе ўзнагародзілі бронзавым медалём. Сёлета старшыня Маркаўскага сельскага Савета дэпутатаў Іван Мацэвіч уручыў Ганне Рудніцкай, якая з’яўляецца малалетнім вязнем, юбілейны медаль «75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Наведваюць яе вучні Маркаўскай СШ.
Адметна, што за 95 год Ганна Іванаўна толькі адзін раз ляжала ў бальніцы — звалілася з лесвіцы, калі ўзбіралася на гарышча. Яна трымае курэй, трусоў, даглядае агарод, дзе асабліва шмат жоўтых шапак сланечніку. Жыве доўгажыхарка адна, дочкі Соф’я і Галіна стараюцца як мага часцей бываць у матулі, дапамагаюць ёй. Але і сама яна без справы сядзець не любіць. Калі не бачаць дзеці, каб яны не сварыліся, можа ўзяць у рукі касу-«сяміручку» і абкасіць дарожкі.

Доўгажыхарка прызнаецца, што найбольш любіць адзначаць два святы – 9 Мая і свой дзень нараджэння. Яна ганарыцца дзецьмі, радуюць яе сямёра ўнукаў, дванаццаць праўнукаў. Дачакалася і прапраўнучкі Васілісы, якой ужо больш за год.
Тэкст і фота: Мікалай КОТ.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/sotsium/item/5134-u-svae-95-babulya-ganna-abkoshvae-stsezhki-i-tolki-adzin-raz-lyachylasya-balnitsy.html#sigProId7f0a51c323
Прочитано 317 раз
Отдел информации.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить