16.07.2019 9:02

Житель Полочан создает панно из пластиковых крышек

У Леаніда Акульскага з Палачан трое ўнукаў – Ксюша, Андрэй і Мацвейка. Яны і натхнілі дзеда на незвычайнае хобі. Вось ужо тры гады Леанід Васільевіч стварае кампазіцыі з рознакаляровых накрывак ад пластыкавых бутэлек і ўпрыгожвае імі сваю сядзібу.

В качестве иллюстрации. В качестве иллюстрации.

На сцяне дома ля альтанкі, на плоце пасяліліся Віні-Пух з Пятачком, Кот у ботах, пеўнік, дэльфін, коцік з сабачкам, іншыя казачныя персанажы, героі любімых савецкіх мультфільмаў. Даволі вялікія, яркія, яны відаць здалёк, прыцягваюць да сябе позіркі тых, хто крочыць па вуліцы Савецкай – цэнтральнай у аграгарадку.

Дзе журналісты ні бываюць, усё цікавае і незвычайнае прыкмячаюць. Прыехаўшы ў Палачаны ў камандзіроўку, я ўбачыла ўсю гэту прыгажосць і напрасілася ў госці. Аўтар кампазіцый быў у гэты час на рабоце — ён электраманцёр на «Белтэлекаме». Але яго гасцінная жонка Галіна Ульянаўна, настаўніца мясцовай школы, правяла па тэрыторыі свайго двара. Якраз у гэты час у бацькоў гасцявала дачка Вольга з сынам. Да слова сказаць, жывуць Акульскія ў адным з самых прыкметных палачанскіх дамоў, якому больш за сто гадоў. Ён на некалькі сем’яў, раней у ім размяшчалася школа, затым далі кватэры настаўнікам. Галіна Ульянаўна расказвае, што калі ў мінулыя часы ў Палачанах ладзіліся масавыя мерапрыемствы, кіраўніцтва звярталася да людзей з прадмовамі з балкона другога паверха.

На месцы цяперашняга прасторнага двара і агарода раней былі школьныя майстэрні, пазней — пустка. Шмат сіл давялося прыкласці, каб убраць смецце, навесці парадак. Цяпер гэта зялёны аазіс, дзе прыемна пасядзець у альтанцы, пабегаць па траўцы ўнукам.

Бабуля гаворыць, што дзедавы казачныя героі ім падабаюцца. Старэйшыя — пяцікласніца Ксюша і другакласнік Андрэй — усіх ужо ведаюць, самі кніжкі чытаюць. А Мацвейку яшчэ толькі пяць месяцаў. Але калі мама Оля падносіць яго да яркіх пано, ён усміхаецца, махае рукамі. Асабліва радуецца, калі бачыць Віні-Пуха з Пятачком. Малыш нібыта размаўляе з імі – недарэмна дзед стараўся.

— Гэты занятак не такі лёгкі, як можа падасца на першы погляд, — гаворыць Галіна Акульская. – Па-першае, трэба велізарная колькасць накрывак. У нас іх усе знаёмыя, суседзі, многія аднавяскоўцы збіраюць. Вось, напрыклад, на гэтага чорна-залацістага вожыка іх пайшло больш чым паўтысячы. Да таго ж колеры рэдкія – доўга давялося назапашваць. Па-другое, неабходна па клетачках скласці схему, як для вышывання крыжыкам. Кожную накрыўку трэба праткнуць шылам, каб злучыць іх дротам паміж сабой і павесіць гатовае пано на сцяну ці плот. Леанід Васільевіч садзіцца за любімы занятак восенню, зімой, калі менш работ на двары ды вечары доўгія.

Як і ў любой творчай справе, кампазіцыі з накрывак патрабуюць найперш жадання і фантазіі, але без майстэрства, цярпення, уседлівасці таксама ніяк. Усё гэта ў Леаніда Акульскага ёсць. Таму яго вясёлыя персанажы ўзнімаюць настрой, забаўляюць дзяцей. А нас, дарослых, вяртаюць у савецкае дзяцінства з добрымі і справядлівымі героямі мультфільмаў, з казкамі, якія ўсе заканчваюцца перамогай дабра над злом.

Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Фота: АЎТАР, архіў СЯМ’І АКУЛЬСКІХ.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/sotsium/item/4877-zhitel-polochan-sozdaet-panno-iz-plastikovykh-kryshek.html#sigProId58c4e2cc38
Прочитано 270 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить