17.06.2019 15:42

Велатурыст з Польшчы Яўгеній Завісляк: «Такую чысціню, як у Беларусі, я бачыў толькі ў Швейцарыі»

Госць Маладзечна падзяліўся ўражаннямі.

Турыст Яўгеній Завісляк. Турыст Яўгеній Завісляк. "Маладзечанская газета"

— Вам не страшна падарожнічаць аднаму? – першае, што спыталася ў Яўгенія Завісляка, 76-гадовага велатурыста з польскага горада Тарноўске-Гуры, маршрут якога пралёг праз наш горад.

— Чаго баяцца? Усюды ж людзі! – усміхаецца вандроўнік. — Я з маладых гадоў люблю падарожнічаць. Калі сын з дачкой былі малымі, мы з жонкай усю Польшчу з імі аб’ездзілі, часта плавалі на каяках. Разам са знаёмымі шмат разоў падарожнічаў па Еўропе на веласіпедах. Але ў адных маіх спадарожнікаў здароўе стала падводзіць, у іншых — сямейныя справы. Таму з 2011 года падарожнічаю адзін. І я вам скажу: так найлепш — ні ад каго не залежыш, куды захочаш, туды і едзеш. Зімой складаю маршрут і кожнае лета кручу педалі. Аб’ездзіў усю Еўропу: Іспанія, Партугалія, Францыя, Германія, Швецыя, Нарвегія, Данія, Балгарыя, Сербія, Румынія, Харватыя… Я не ўвесь час еду на веласіпедзе, карыстаюся цягніком і нават самалётам. Англійскай мовы, дарэчы, не ведаю, усяго некалькі слоў запомніў. А так па-польску, іншы раз нямецкае слова ўстаўлю. І ўсе разумеюць, што мне трэба…

Па спецыяльнасці пан Яўгеній інжынер-механік. Даўно на пенсіі, але выглядае нашмат маладзейшым за свой узрост. Падарожжы – выдатны стымул, каб пастаянна падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме. Расказвае, што яго веласіпеду дзесяць гадоў, ён не супердарагі, самы звычайны. Праўда, запчасткі, асабліва колы, даводзілася мяняць часта: вялікія адлегласці, важкі багаж.

Грошы на падарожжы адкладвае цэлы год. Аднойчы запрасіў паехаць з сабой знаёмага, а той кажа: «Дорага!».

— Ты шмат курыш. Вазьмі за правіла: не два пачкі цыгарэт за дзень выкурваць, а адзін, а грошы, якія б патраціў на другі — адкладвай. Вось за год і назбіраеш, — даў параду
Яўгеній.

Прыяцель яго паслухаў. І праўда, сабралася значная сума, крыху далажыў — і адправіўся з ім у вандроўку. І нешта новае ў жыцці ўбачыў, і здароўе збярог…

Навігатарам пан Яўгеній не карыстаецца. Расказвае, што перад падарожжам вывучае карты, здымае ксеракопіі з атласаў аўтамабільных дарог краін, у якія збіраецца, складае іх у адпаведным парадку. Па меры таго як праязджае запланаваныя месцы, выкідвае, ці, як сам гаворыць, утылізуе ксеракопіі. Акрамя таго, бярэ з сабой карты гарадоў, інфармацыю пра знакавыя месцы, помнікі архітэктуры, культуры, прыроды і стараецца іх убачыць, сфатаграфаваць.    

Гарадок Тарноўске-Гуры, дзе жыве пан Яўгеній, прыгожы і старажытны. Ён знаходзіцца ў Сілезскім ваяводстве і лічыцца адным з найстарэйшых шахтавых цэнтраў Еўропы. У мінулых стагоддзях тут здабывалі серабро, цынк, свінец. Цяпер турысты прыязджаюць сюды, каб пабываць у тунэлі Чорнай фарэлі, у парку Рапецкага, палюбавацца на палац Врочэма, які знаходзіцца непадалёк.

Польскі велатурыст расказвае, што да гэтага ў Беларусі ён быў у камандзіроўцы гадоў 20 таму. А ў якасці падарожніка прыехаў упершыню.

— Адзін знаёмы, які быў у вашай краіне, расказваў мне, што ў вас вельмі чыста. Цяпер я і сам пераканаўся. Такую чысціню, як у Беларусі, я бачыў толькі ў Швейцарыі! – дзеліцца ўражаннямі пан Яўгеній.

Яго паездкі бюджэтныя, таму для начлегу выбірае эканомныя варыянты, далёка не заўсёды спыняецца ў гасцініцах, іншы раз, як сам гаворыць, і пад кустом палатку расстаўляе. Возіць з сабой зручны надзіманы матрац, помпу. Знаёмства з нашай краінай пачаў з Гродна, затым былі Ліда, Навагрудак, Мір, Нясвіж, Мінск.

— У Мінску гасцініцы дарагія, таму вырашыў паехаць у Маладзечна, яно якраз на маім шляху, — гаворыць турыст.

На нашым чыгуначным вакзале сфатаграфаваўся са скульптурай Пасажыркі, спытаў у хлопцаў на веласіпедах, дзе ў нас гасцініца. Але і ў ёй цана яму падалася не вельмі падыходзячай. Звярнуўся да прахожага з пытаннем, дзе б пераначаваць у якім-небудзь інтэрнаце. Гэтым прахожым аказаўся вядомы ў Маладзечне турыст Аляксандр Траццякоў, які і прывёў Яўгенія ў наш турклуб «Пілігрым», пазнаёміў з яго кіраўніком Сяргеем Бялковым, інструктарам-метадыстам Інай Высоцкай, якая, дарэчы, выдатна размаўляе па-польску. Яны арганізавалі для госця начлег, распыталі пра падарожжы, расказалі пра турклуб. Такая практыка ўзаемавыручкі распаўсюджаная ва ўсім свеце: аматары турызму заўсёды дапамагаюць адзін аднаму, у якой бы краіне яны не апынуліся.

З нашага горада пан Яўгеній на цягніку адправіўся на Віцебшчыну. Хоча пабываць у Будславе, Полацку, Оршы, Віцебску. Адтуль скіруецца на Гомель, затым — ва Украіну і Малдову, Славакію. Дадому плануе вярнуцца ажно ў канцы жніўня. З сабой польскі падарожнік павёз «Маладзечанскую газету»: мы падарылі яму свежы нумар у час сустрэчы на маладзечанскім «брадвеі», па якім ён з задавальненнем пракаціўся на сваім веласіпедзе.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 322 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить