10.04.2019 8:57

Дзяўчынка ішла па вайне…

Да міжнароднага Дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Гісторыя былой вязніцы.

В качестве иллюстрации. В качестве иллюстрации.

Што можа памятаць дзяўчо чатырох з паловай гадоў? Сцерліся з памяці  твары і даты. А вось пачуццё неймавернага страху, голаду, адчаю  засталося…

Цацкі і кветкі заўсёды ляжаць ля падножжа мемарыяла, устаноўленага на месцы канцлагера Саласпілс, што на Рыжскім узмор’і. Маладзечанка Ларыса Зінкевіч (у дзявоцтве Бубовіч) доўга не магла знайсці ў сабе сілы наведаць яго, хаця часта прыязджала ў Рыгу да роднага брата Фрыдрыха. І ўсё ж нарэшце рашылася, паехалі з братам у гэта страшнае месца, дзе зусім маленькімі засталіся без мамы і зведалі такі жах, ад якога і праз сем дзесяцігоддзяў заходзіцца сэрца…

Што можа памятаць дзяўчо чатырох з паловай гадоў? Сцерліся з памяці  твары і даты. А вось пачуццё неймавернага страху, голаду, адчаю  засталося… І водбліскі вялікага полымя, у якім згарэла частка жыхароў іх партызанскай вёскі Давыдава, што на Верхнядзвін-шчыне, ля самай мяжы з Лат-віяй. Тых, каго фашысты не спалілі ў будынку былой пагран-заставы, у сакавіку 1943-га пастроілі ў калону і пагналі ў бок чыгункі. Матуля Александрына Сцяпанаўна несла двухгадовага Фрыдрыха, Ларысу вяла за руку.

— Унучачка, паглядзі ў апошні раз на сваю вёску, — галасіла бабуля Мальвіна.
У таварняках людзей прывезлі ў невялікі горад Стрэнчы.

Такой была Ларыса, калі трапіла ў канцлагер.

— Там адбылося самае страшнае: немцы пачалі забіраць дзяцей ад іх маці, — цяжка даюцца гэтыя ўспаміны Ларысе Вітальеўне. — Я з усіх сіл трымалася за падол мамінай сукенкі, але мяне адарвалі і адкінулі ўбок, як і майго браціка, стрыечных сясцёр. Мы апынуліся ў Саласпілсе. Галодныя і змучаныя, мы моцна плакалі, туліліся адзін да аднаго, клікалі мам, не разумеючы, дзе яны дзеліся. Як я даведалася ўжо ў дарослым жыцці, жанчын адправілі масціць гаць на Волхаўскія балоты, пад Ленінград. Пазней нас перавезлі ў лагер Дубалты з больш лёгкім рэжымам утрымання. Большасць дзяцей, якія засталіся ў Саласпілсе, загінулі, у іх бралі кроў для нямецкіх шпіталяў…

Калі часці Савецкай Арміі па-гналі фашыстаў з-пад Ленінграда і вызвалілі жанчынвязніц, наша мама адразу кінулася нас шукаць. Як дабралася ў акупіраваную тэрыторыю – і цяпер не магу зразумець. Яе не спыніў нават страх трапіць у канцлагер – вось на што здольныя жанчыны дзеля сваіх дзяцей! У пачатку восені 44-га, калі немцы адступалі  ад Рыгі, яны вывезлі вязняў на прымусовыя работы ў Германію. Так пачаўся новы этап нашых пакут. Цягнік, на якім нас везлі, трапіў пад бамбёжку. Асколкі паранілі маме вочы, у мяне было лёгкае раненне пад каленам. У Германіі мы знаходзіліся непадалёк ад горада Фрыдэберг. Пасялілі нас у бараках з двух’яруснымі ложкамі. Дарослыя працавалі ў полі, у кароўніках. Памятаю, як мы, хаваючы пад адзеннем кубкі, хадзілі туды ў час дойкі, каб нам нацадзілі малака. Як, баючыся, падсаджваліся на воз са збожжам, насыпалі спелыя зярняты ў кішэні, у торбачкі. Так і выжылі, дачакаліся вызвалення. Я да таго часу падрасла, памятаю, як на парозе барака з’явіліся два чырвонаармейцы. А затым пачаўся наш доўгі шлях дадому праз Германію і Польшчу. Памятаю, як зімой ехалі на адкрытых платформах цягніка, як іней блішчэў на жалезе, а мароз прабіраў наскрозь. Толькі да пачатку лета мы вярнуліся ў сваю вёску, дзе замест дамоў былі папялішчы. У грудзе абпаленай цэглы, што засталася ад печы, мама знайшла цэлыя чыгункі: было ў чым варыць крапіву ды лебяду… Спачатку жылі ў шалашы, які наскрозь прамакаў ад дажджу, пазней вырылі зямлянку. Пра тату Віталія Вікенцьевіча, які пайшоў на фронт у першыя дні вайны, мы нічога не ведалі, як і ён пра нас. Вясковы настаўнік прынёс маме дошку, што вісела, прыбітая, на дрэве. На ёй – прозвішча таты. Аказваецца, ён вызваляў нашу вёску і такім чынам пакінуў нам пасланне…

Якой жа была наша радасць, калі ён вярнуўся жывым! Шмат расказваў пра вайну. Ён падвозіў снарады на грузавой машыне. Ноччу нельга было ўключаць фары, і аднойчы нібы нейкі голас сказаў яму: «Спыніся!». Калі чыркнуў запалкай, убачыў, што націснуў на тормаз ля самага краю велізарнай варонкі ад снарада. «У кожнага з нас ёсць свой анёл-ахоўнік!» — неаднойчы гаварыў мне тата…    


Пасляваеннае жыццё паціху наладжвалася. Бацька Ларысы ўладкаваўся вадзіцелем у Латвіі, ім з маці далі дом на хутары. А дзеці, якія не ведалі латышскай мовы, засталіся ў цёткі ў Беларусі, пайшлі ў школу. Ларыса была здольнай вучаніцай, перачытала ўсе кніжкі ў бібліятэцы.

Паступіла ў Полацкае педвучылішча, закончыла яго з чырвоным дыпломам, як пазней і завочнае аддзяленне філфака БДУ. Пачынала настаўнічаць на Браслаўшчыне, затым услед за сяброўкай у 1960-я гады прыехала ў Маладзечна, выйшла замуж, нарадзіла дваіх сыноў. Расказвае, што ў кожны  водпуск прыязджалі з сям’ёй да бацькоў на латышскі хутар. І абавязкова ўдзельнічалі ва ўрачыстых мерапрыемствах да вызвалення Беларусі, якія ў першую нядзелю ліпеня праходзілі на Кургане Дружбы, насыпаным на мяжы Латвіі, Беларусі і Расіі. «Для нас гэта святое месца», — гаворыць мая субяседніца.

Амаль дваццаць гадоў Ларыса Зінкевіч працавала загадчыцай дзіцячага сада №22 (цяпер №2), адтуль і пайшла на пенсію. Пра лёс былой малалетняй вязніцы напісаў Барыс Бароўскі ў сваёй кнізе «Насельнікі Беларусі – вязні нацызму». А самай дарагой рэліквіяй з’яўляецца для яе памятны знак «Вязню нацызму». Прызнаецца, што канцлагер, прымусовыя работы назаўсёды пакінулі адбітак, і не столькі на фізічным стане, колькі на псіхалагічным.

Ларыса Вітальеўна з удзячнасцю гаворыць, што педагогі і вучні СШ №8, непадалёк ад якой яна жыве, ніколі не забываюць павіншаваць са святамі, запрашаюць на сустрэчы.

Ларыса Зінкевіч (крайняя справа) разам з ветэранамі вайны і былымі малалетнімі вязнямі на ўрачыстай сустрэчы ў СШ №8.


Згуртавала былых малалетніх вязняў горада былы кіраўнік клуба «Пошук» СШ №5 Лідзія Князева. Яны сябруюць, падтрымліваюць адзін аднаго, удзельнічаюць у праектах і мерапрыемствах. Пераадольваючы хваробы і ўзрост, штогод 11 краса-віка стараюцца сабрацца на мітынг ля мемарыяльнага комплексу «Шталаг-342», каб па-кланіцца памяці нявінных ахвяр фашызму і яшчэ раз сказаць сучаснікам: «Беражыце мір, цаніце сваё жыццё ў спакойнай Беларусі!».

Это было, было…
Трассирующей пулей сквозь судьбу,
Сквозь неуют давно минувших дней
Прошло всё то, что породнило нас –
Нас, узников фашистских лагерей.

Позабыть хотели мы скорей
Детство, что в неволе проходило.
Но оно нас всех объединило –
Узников фашистских лагерей.

Горести, страдания, утраты,
Всю жестокость, зверства палачей
Мы познали не по-детски рано –
Узники фашистских лагерей.

Мы прошли закалку лихолетьем,
Старость не сулит нам лучших дней.
Просто мы обязаны держаться –
Узники фашистских лагерей.

Ну, а память сверстников своих,
Тех, кого судьба не сохранила,
Вновь почтим молчаньем.
В храме постоимСо свечой. И не забудем:
это было, было…

Аўтар верша -- Ларыса ЗІНКЕВІЧ. 

Фота: архіў Ларысы ЗІНКЕВІЧ.

Прочитано 1074 раз Последнее изменение 10.04.2019 8:57
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить