11.03.2019 14:49

Расписались, повенчались... В Молодечно сыграли бриллиантовую свадьбу

Супруги Корнелюки раскрыли секрет крепкой семьи.

В качестве иллюстрации. В качестве иллюстрации. "Маладзечанская газета"

60 гадоў сумеснага жыцця – брыльянтавае вяселле – адзначылі маладзечанцы Данута і Іван Карнелюкі. У ЗАГСе прайшла ўрачыстая рэгістрацыя іх шлюбу, у гэты ж дзень яны павянчаліся ў касцёле святога Юзафа.

Дзесяць гадоў таму на ўрачыстасці ў ЗАГСе, прысвечанай іх залатому вяселлю, Данута Іосі-фаўна і Іван Іванавіч паабяцалі адзін аднаму і сваёй радні дачакацца брыльянтавага. Ніхто  не сумняваўся, што так і будзе.

І вось яны зноў жаніх і нявеста. Загадчыца аддзела ЗАГС райвыканкама Ала Івашкевіч правяла цырымонію рэгістрацыі брыльянтавага вяселля, уручыла Карнелюкам памятны адрас. Яны распісаліся ў кнізе ганаровых юбіляраў. Свае подпісы пакінулі ў ёй і сведкі Вікторыя і Віталій Пашкоўскія. Праўнучка Васіліса паднесла віноўнікам урачыстасці вазу з зярняткамі, у якой ляжалі іх заручальныя пярсцёнкі. Трэба было бачыць, з якой любоўю яны глядзелі адзін на аднаго, як прыгожа танцавалі вясельны вальс.

З вальса, дарэчы, і пачалося іх знаёмства ў вёсцы Бялькішкі, якая цяпер стала адной з вуліц Астраўца. Дануце не было і 19, калі вярнуўся з арміі старэйшы за яе на чатыры гады Іван. На танцы мясцовая моладзь збіралася тады ў хатах. У час такіх вячорак былы воін запрасіў на вальс дзяўчыну, якая спадабалася яму з першага погляду. Пасля танцаў правёў дадому, завязалася сяброўства.

Мама ў Даны была вельмі строгай. «Калі хоць аднойчы твой Іван прыйдзе да нас вы-піўшым, больш нават і не ўспамінай пра яго!» — давала наказ дачцэ, якая была дзявятым, самым меншым дзіцем у вялікай сям’і. Дзяўчыне ўдалося закончыць усяго чатыры класы, з маленства няньчыла чужых дзяцей, з 15 гадоў пайшла працаваць на цагляны завод.

Іван аказаўся сур’ёзным хлопцам. Разам з сям’ёй ён пера-браўся з Астраўца ў Маладзечна. Сумуючы па каханай, амаль праз год пасля знаёмства па-прасіў у бацькоў яе рукі.

— Яна ж яшчэ такая маладая, можа, у Маладзечне каго іншага знойдзеш! – адказала маці Дануты.

— Мне іншая не трэба! – стаяў на сваім Іван.

Распісаліся яны 12 сакавіка 1959 года ў Астравецкім сельсавеце, а 1 мая запрасілі сваякоў на вяселле. Нявеста была ў белай сукенцы, вэлюме, жаніх – у касцюме. Вось толькі пярсцёнкаў не было. Не засталося і здымкаў з іх вяселля, фатографаў тады не было прынята за-прашаць.



Маладая сям’я наймала ў Маладзечне кватэру на былой вуліцы Прыгараднай (цяпер — Новы Свет). Сёння на ёй больш за 100 дамоў, а ў той час была пустка, зарослая кустамі. Калі пабудаваліся бацькі Івана, пяць гадоў жылі разам з імі. А затым і самі па суседстве пачалі ўзводзіць дом. Іван працаваў электраманцёрам на прадпрыемстве электрасетак, якому аддаў амаль 40 гадоў. Данута ўладкавалася ізаліроўшчыцай цеплатрас, як сама прыгадвае, хадзіла па горадзе ў камбінезоне і з кусачкамі. На пенсію яна пайшла з фабрыкі «Камсамолка», дзе працавала прасавальшчыцай. З дзяцінства была прывучана да працы, руплівая, спрытная, яна паспявала і на рабоце, і дома. У сям’і падрасталі, цешылі бацькоў сыны Рыгор і Васілій, трымалі гаспадарку, садзілі агарод. Жылі дружна, ведалі цану кожнай капейцы, будавалі планы…

Але вялікае гора прыйшло ў іх сям’ю ў 1984 годзе: у час воінскай службы на мяжы з Афганістанам загінуў іх малодшы сын Васілій. За ноч пасівела маці, пяць гадоў моцна хварэла, лячылася ў Бараўлянах.

— Не ведаю, ці выжыла б, каб не падтрымка мужа. Уявіце: адпрацаваўшы змену, налазіўшыся па вышыні па слупах, ён кожны дзень прыязджаў да мяне ў баль-ніцу, карміў, суцяшаў, адзенне забіраў, сам мыў яго. Мне вельмі з мужам пашанцавала: ён добры, працавіты, — гаворыць жанчына.

Прыхінуўся да іх, стаў блізкім чалавекам сябар Васілія па службе Аляксандр Шэін. Страціўшы сваіх бацькоў, ён называе Дануту Іосіфаўну і Івана Іванавіча мамай і татам, а яго дзеці лічаць іх сваімі бабуляй і дзядулем. Сям’я Шэіных жыве ў Брагіне, Аляксандр з жонкай і дзецьмі прыязджае ў Мала-дзечна ў госці. Раней, калі былі больш маладымі, і Карнелюкі ездзілі да іх у Брагін. Але ў апошнія гады здароўе стала падводзіць. Вельмі падкасіла іх смерць старэйшага сына Рыгора, які пайшоў з жыцця пяць гадоў таму. Яшчэ адно вялікае гора абрушылася на гэту сям’ю. Падтрымка адзін аднаго і добрых людзей, вера ў Бога даюць ім сілы. Разам з імі ў вялікім доме жывуць унукі Руслан і Павел. Часта прыязджае з Вывераў унучка Насця. Радуюцца юбіляры праўнукам – васьмімесячнаму Сашу і Васілісе, якой хутка будзе тры гады. Руплівая гаспадыня, Данута Іосіфаўна любіць гатаваць, радуе блізкіх смачнымі стравамі. Захапляецца рукадзеллем: вечарамі вяжа кручком прыгожыя дыванкі з нарэзаных рознакаляровых стужак тканіны. З вясны да восені шчыруе ў агародзе – любіць зямлю, і тая шчодра дзякуе за клопат.

— Скажыце, як трэба адносіцца адзін да аднаго, каб столькі дзесяцігоддзяў пражыць у згодзе? – звярнулася з пытаннем да брыльянтавых юбіляраў.

— Галоўнае – у маладосці зразумець, што з гэтым чалавекам ты гатоў пражыць усё жыццё, гадаваць дзяцей. Ніколі не забуду маміны словы: «Дачушка, не на дзень і не на год замуж выходзіш – назаўсёды! Памятай: вяртання не будзе!» – гаворыць Данута Іосіфаўна.



А Іван Іванавіч дадае:
— Усё пачынаецца з кахання. Але трэба навучыцца разумець адзін аднаго, падтрымліваць у цяжкую хвіліну, уступаць, а іншы раз і змаўчаць, каб не па-крыўдзіць рэзкім словам.

Здаецца, усё проста. Але ў гэтым і ёсць мудрасць жыцця…

Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА, архіў СЯМ’І КАРНЕЛЮКОЎ.

Прочитано 734 раз Последнее изменение 11.03.2019 14:49
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить