05.03.2019 8:20

Роднае слова -- гаючае

Яшчэ ў медінстытуце Міхась Чыкалаў даў сабе зарок размаўляць толькі па-беларуску і з таго часу яго не парушыў.

В качестве иллюстрации. В качестве иллюстрации. "Маладзечанская газета"


Больш за сорак гадоў ён працуе ўрачом у Маладзечанскай туберкулёзнай бальніцы. Цікавыя моманты медыцынскіх будняў, свае назіранні і разважанні занатоўвае ў дзённіках, займаецца перакладамі з рускай і англійскай моў на беларускую.

Сваіх чацвярых дзяцей яны з жонкай Наталляй, былым бібліятэкарам, назвалі любымі сэрцу кожнага беларуса імёнамі — Максім, Вераніка, Кастусь, Рагнеда. Дзеці выраслі глыбокімі, творчымі людзьмі, цікавяцца музыкай і жывапісам, ведаюць замежныя мовы.

«Глянуў у пашпарт, а там напісана: «беларус»

— У маленстве я не задумваўся, на якой мове размаўляю: у нашай вёсцы Койданава, што непадалёк ад Мінска, чулася беларуская гаворка, шчодра перасыпаная трасянкай. У медінстытуце першыя чатыры гады зубрыў медыцынскую навуку на рускай. А на шостым курсе, памятаю, разгарнуў свой пашпарт, а там у графе «нацыянальнасць» напісана: «беларус». Вось тады мяне і праняло: як гэта – беларус, а размаўляю па-руску? Прачнулася самасвядомасць, і я перайшоў на родную мову, — вяртаецца ў маладосць Міхась Міхайлавіч. — Памятаю, прыязджаю з Мінска дамоў, а мама мне кажа: «Сынок, усе твае сябры па-руску гавораць, а ты па-нашаму!». А я ў адказ: «Мне так больш падабаецца». Пачаў купляць з нумара ў нумар часопісы «Маладосць», «Полымя», цікавіцца гісторыяй, культурай Беларусі. Дзякуючы чытанню стаў адчуваць смак роднага слова, яго прыгажосць. Мае любімыя пісьменнікі – Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Максім Багдановіч, Янка Купала.

З шавялюрай, барадой і беларускамоўны

Такі каларытны малады спецыяліст у далёкім 1977 годзе прыехаў у наш горад. І знайшоў тут сваю нішу, стаў запатрабаваным спецыялістам у супрацьтуберкулёзным дыспансеры – першым і адзіным месцы работы (цяпер гэта туберкулёзная бальніца). Некалькі першых гадоў практыкаваў як урач-фтызіятр. Затым чвэрць стагоддзя быў інфекцыяністам у аддзяленні для дарослых. Апошнія дзесяць гадоў зноў працуе ў туберкулёзным аддзяленні закрытага тыпу, дзе хворыя знаходзяцца на прымусовым лячэнні.
Урач успамінае, што з дазволу кіраўніцтва некаторы час ён нават гісторыі хвароб пісаў на беларускай мове. Але калегі папрасілі перайсці на рускую – ім было цяжка ўнікаць. Давялося пайсці ім насустрач.

— За ўсе 42 гады ніхто з пацыентаў мяне не ўпікнуў, што звяртаюся да іх па-беларуску. І супрацоўнікі ўсе даўно прывыклі, некаторыя і самі спрабуюць са мной размаўляць на роднай мове, — гаворыць мой субяседнік.

1989 год: у час сустрэчы з беларускім пісьменнікам Эрнэстам Ялугіным. Міхась Чыкалаў – другі злева.

Сустрэліся два Міхасі

— Сёння мой лепшы сябар – краязнавец, пісьменнік Міхась Казлоўскі. Так супала: абодва мы Міхасі Міхайлавічы. Ён сам знайшоў мяне, калі я яшчэ ў гарадскім дыспансеры працаваў. Пазнаёміліся, завязалася сяброўства. Я з задавальненнем прыходзіў на сустрэчы ў «Беларускую хатку», якую арганізаваў Казлоўскі ў адным з інтэрнатаў. Туды прыязджалі вядомыя пісьменнікі. Незабыўныя сустрэчы, гутаркі з Генадзем Каханоўскім. Сябраваў з нашым таленавітым мастаком Юрыем Герасіменкам-Жызнеўскім. У Міколы Ермаловіча неаднойчы дома бываў. Дарэчы, мы з Міколам Іванавічам з адной мясцовасці. Былі стасункі і з Нілам Гілевічам. Калі ў Маладзечне арганізоўвалі Таварыства беларускай мовы, я вёў сход, на якім прысутнічаў Ніл Сымонавіч. Ён распытваў у мяне, кім працую, чым цікаўлюся. Разам з Міхасём Казлоўскім мы ездзілі ў Радашковічы да Веры Ніжанкоўскай, жонкі Браніслава Тарашкевіча. Я стараўся не прапускаць пасяджэнні літаратурна-краязнаўчага аб’яднання «Жывіца», што дзейнічаў пры цэнтральнай раённай бібліятэцы. Колькі пісьменнікаў, цікавых людзей прыязджала на сустрэчы!

Першым пераклаў Шырвуда Андэрсана

Яшчэ на шостым курсе Міхась Чыкалаў напісаў сваё першае апавяданне на ваенную тэму, аднёс яго ў рэдакцыю часопіса «Маладосць». Аддзел прозы там узначальваў Уладзімір Дамашэвіч.

— Ён тактоўна разабраў мой твор, указаў на хібы, прапанаваў дапрацаваць, аднак я не стаў гэтага рабіць, перачытаў, зразумеў, што мне яшчэ трэба вучыцца пісаць. Стаў больш уважліва чытаць іншых, задумвацца над сюжэтам, — расказвае Міхась Міхайлавіч, творы якога ўжо ў маладзечанскі перыяд друкаваліся ў калектыўных зборніках, у часопісе «Куфэрак Віленшчыны».

Захапляецца ён не толькі беларускай літаратурай. Нядрэнна ведае англійскую мову, у арыгінале прачытаў творы Хэмінгуэя, Уайльда. Пераклаў на беларускую апавяданні амерыканскага пісьменніка Шырвуда Андэрсана, некаторыя з якіх друкаваліся ў альманаху «Далягляды». Дарэчы, гэтага аўтара ніхто раней не перакладаў. Яшчэ адна вялікая праца – пераклад на беларускую раманаў «Чалавек-амфібія» і «Востраў закінутых караблёў» Аляксандра Бяляева. Шмат гадоў выношвае мару выдаць гэтыя кнігі, спадзяецца, яна збудзецца.



А вось мару аб уласным доме для вялікай сям’і ён даўно ажыццявіў. Міхась Міхайлавіч расказвае, што першы паверх будавалі нанятыя майстры. Крыху ў іх падвучыўся і другі выгнаў сам. І плітку сам паклаў, іншыя аддзелачныя работы асіліў.
— Гэта ў мяне ад бацькі, які ўсяму наваколлю печкі клаў. Ды і я ўсё студэнцтва на будоўлях працаваў, быў там за інжынера, — гаворыць мой субяседнік.

У прасторным доме Чыкалавых ёсць пакой, дзе захоўваюцца бібліятэка, калекцыі гаспадара. Вялікі аматар музыкі, ён сабраў больш за дзве тысячы «кружэлак» (так называе пласцінкі). Асабліва любіць класічную музыку – Бетховена, Чайкоўскага, Бартэка, Брамса. Успамінае, што пашчасціла трапіць на канцэрт Святаслава Рыхтара, які прыязджаў у наша музвучылішча. Шмат у калекцыі джаз-року і, зразумела, беларускіх выканаўцаў — «Песняры», «Мроя», «Уліс», Данчык, песні на вершы Багдановіча… «Кружэлкі» размешчаныя ў алфавітным парадку, прайгравальнік працуе – бяры з паліцы і атрымлівай асалоду…

Яшчэ адно захапленне ўрача – маркі, канверты. У дзесяці альбомах яны сфарміраваныя па тэмах – медыцына, літаратура, музыка, архітэктура, беларуская гісторыя і культура.
Пра свае калекцыі гаспадар можа расказваць доўга, у іх шмат цікавых, унікальных экспанатаў.

Пакуль толькі парасткі беларускасці

— Так складаліся гістарычныя ўмовы: спачатку ішло апалячванне беларусаў, затым русіфікацыя. Мы ўсё яшчэ не павярнуліся да сваёй мовы, культуры. У нашым грамадстве пакуль толькі парасткі беларускасці, — лічыць Міхась Чыкалаў.

Аднак у будучыню ён глядзіць з аптымізмам:

— Цешыць, што ўсё больш маладых людзей цікавіцца беларушчынай. Працэс ідзе! Упэўнены: як некалі мы перанялі эстафету ад Ермаловіча, Каханоўскага, так і ў нас будуць паслядоўнікі. Спадзяюся, гадоў праз пяцьдзясят большасць нашых суайчыннікаў будзе размаўляць на роднай мове. І ў гэтым вялікая місія ўскладаецца на настаўнікаў. Хацелася б, каб больш сярод іх было свядомых беларусаў. А за імі пацягнуцца і вучні…


Фота: АЎТАР, архіў Міхася ЧЫКАЛАВА.

Прочитано 1123 раз Последнее изменение 05.03.2019 8:20
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить