12.02.2019 11:00

Янка – з Соўлава, Зіна – з Аборка.

А пазнаёміліся ў… Амерыцы. Гісторыя аднаго здымка.

Нават не верыцца, што гэтаму вясельнаму здымку ажно 100 гадоў.

Зроблены ён у Амерыцы, у штаце Каліфорнія. На ім жыхары вёскі Груздаўка Палачанскага сельсавета Зінаіда і Іван Кавалевічы. Іх унучка Надзея Яблонская прынесла ў рэдакцыю дарагія сэрцу фотакарткі, а разам з імі шчымлівую гісторыю кахання і жыцця продкаў, якую напісала ад рукі на адзінаццаці лістах школьнага сшытка па ўспамінах сваёй маці Валянціны Сак.



— Толькі з узростам пачынаеш разумець, як важна ведаць свае карані, гісторыю роду. Вось і я шмат гадоў збіраю сямейны архіў. Мой муж Алег запісаў на бабінны магнітафон успаміны дзеда Янкі. Дачка перавяла іх у лічбавы фармат. Мы цяпер вельмі рады, што можам уключыць і пачуць голас роднага чалавека, — гаворыць Надзея Канстанцінаўна.

Яна прызнаецца, што даўно збіралася прынесці здымкі ў рэдакцыю, ды ўсё не выпадала. Калі прачытала пра праект «Вясельны вянок Маладзечаншчыны», вырашыла падзяліцца незвычайнай сямейнай гісторыяй.

«Дзядзька, адкуль боты?»

Янка Кавалевіч – старэйшы сын у сваіх бацькоў, у яго было сямёра братоў і сясцёр. Жылі бедна, зімой сядзелі ў хаце, бо абутку не мелі. На двор выбягалі босымі на пару хвілін, а потым грэліся на цёплай печы, якая замяняла ім ложак.
Аднойчы 17-гадовы Янка ўбачыў аднавяскоўца, на нагах якога былі дабротныя боты. Запалі яны хлопцу ў душу, пацікавіўся, дзе дзядзька іх узяў. Аказалася, ён вярнуўся з заробкаў з Амерыкі.

—  З’ездзі і ты, сынок, таксама купіш, а я табе пазычу грошай на дарогу, потым аддасі! – сказаў добры чалавек.

— Многія сёння сваіх 17-гадовых дзяцей за руку водзяць, а мой дзед не пабаяўся паехаць у такі далёкі свет! – разважае Надзея Канстанцінаўна. – Ён уладкаваўся на ткацкую фабрыку спачатку вучнем майстра па наладцы станкоў, з цягам часу стаў майстрам. Жыў у штаце Каліфорнія на беразе акіяна. Кожны тыдзень яму плацілі грошы, прыдбаў сабе і боты, і касцюм, шмат што іншае.

Праз некалькі гадоў Янка пазнаёміўся з беларускай дзяўчынай Зінаідай. Якім жа было іх здзіўленне, калі аказалася, што іх вёскі знаходзяцца ўсяго за 15 кіламетраў адна ад адной. Зінаіда была родам з Аборка, яна старэйшая з трох дачок, падалася ў далёкую Амерыку ў 15 гадоў, каб дапамагчы сваёй сям’і. Бацькі не хацелі яе адпускаць, але дачка настаяла. У Каліфорніі жыла сям’я Ганны і Пятра Кісялёў з Груздава, якія прыехалі раней і дапамаглі Зіне ўладкавацца нянькай у амерыканскую сям’ю. Яна даглядала пяцігадовую дачку гаспадароў. Вырасла прыгажуняй, не дзіўна, што ў яе закахаўся Янка. Зіне таксама  спадабаўся статны працавіты малады чалавек. Іх знаёмства перарасло ў сапраўднае каханне.

Як бы добра ні было, а па радзіме сумавалі

Пажаніліся Янка і Зіна ў Амерыцы. Калі меркаваць па здымку, вяселле было вытрымана ў лепшых амерыканскіх традыцыях: нявеста з жаніхом у прыгожым убранні, ва ўсіх жанчын – шыкоўныя букеты. 12 гадоў прабыў Янка ў Злучаных Штатах, Зіна – сем, за гэты час навучыліся размаўляць па-англійску. Перспектывы ў Злучаных Штатах у іх былі добрыя: Іван нават задумваўся аб сваёй справе.

Але Зінаіда атрымала з дома вестку, што малодшая сястра патанула ў рэчцы. Стала прасіць у мужа вярнуцца на радзіму, моцна сумавала. І ён паслухаў жонку. Прыбраныя, пры грашах прыехалі яны ў Беларусь. А тут за гэты час нічога не змянілася: людзі хадзілі ў саматканым адзенні, жылі бедна, працавалі на пана. Непадалёк ад Аборка, у суседняй Груздаўцы, Кавалевічы купілі тры гектары зямлі, з дапамогай Янкавых братоў пабудавалі дом. З часам займелі сваю малатарню, сячкарню, абзавяліся вялікай гаспадаркай. Так і аселі ў Груздаўцы Янка-амерыканец са сваёй жонкай. У іх нарадзіліся дочкі Софія, Ніна і Валянціна, яны падрасталі, дапамагалі бацькам, вучыліся ў Груздаве ў царкоўна-прыходскай школе.

Усё нажытае забралі

Пасля аб’яднання ў 1939 годзе Усходняй і Заходняй Беларусі пачалося раскулачванне тых, хто меў вялікую гаспадарку і наёмных работнікаў. Улады збіралі подпісы аднавяскоўцаў на іх вываз у Сібір. Не абмінула гэта ліха і сям’ю Кавалевічаў. Але ўратаваў іх аднавясковец па прозвішчы Готкавіч. Ён не паставіў свой подпіс і сказаў: «Браткі, мы не ведаем, што з намі будзе заўтра!». Дзякуючы яго смеласці сям’я Янкі засталася дома. Усё, што зарабілі ў Амерыцы сумленнай працай — зямлю, жывёлу, хлявы – забралі. Але трэба было неяк жыць далей…

Вялікім горам для сям’і стала смерць ад невылечных хвароб дзвюх старэйшых дачок. Ніна пайшла з жыцця ў 21 год,

Софія памерла ў 25. Пасля вайны ёй зрабілі аперацыю на назе ў Маскве, аднак выратаваць не змаглі. Надзея Канстанцінаўна захавала яе пісьмы да бацькоў і малодшай сястры, поўныя суму і горычы. Захоўвае і вышыванкі Ніны і Софіі – яны былі знатнымі рукадзельніцамі.

«Каб не вярнуліся, нас бы не было»

Унучка Кавалевічаў расказвае, што яшчэ ў Амерыцы варажбітка прадказала Янку, што ажэніцца ён з незнаёмай дзяўчынай і ў іх будуць тры дачкі: дзве нешчаслівыя і адна шчаслівая. Прадказанне збылося. Іх малодшая дачка Валянціна выйшла замуж за Канстанціна, добрага хлопца з суседняй вёскі. Яны жылі разам з бацькамі, дагледзелі іх, атулілі клопатам. Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, Янка і Зінаіда пражылі доўгае жыццё, дачакаліся ўнукаў, праўнукаў. Іван Андрэевіч працаваў у калгасе, рамантаваў сані і калёсы, вартаваў сад. Ён быў майстар на ўсе рукі.  

Іван Андрэевіч з праўнучкай Таняй.



Надзея Канстанцінаўна прыгадвае, як да аднавяскоўцаў у Груздаўку   прыязджалі з Англіі сваякі і бабуля была для іх перакладчыцай — не забылася англійскую мову за столькі гадоў. Яшчэ памятае яе рудыя чаравічкі на шнуроўцы і абцасах, прывезеныя з-за акіяна. А вось уборы, упрыгажэнні не захаваліся, разышліся па руках… Толькі і засталіся здымкі, якасць якіх не можа не здзіўляць. Цэлае стагоддзе мінула, а яны нібы ўчора зробленыя…
— Іншы раз дзядуля шкадаваў, што паслухаў жонку і вярнуўся з Амерыкі, — гаворыць Надзея Канстанцінаўна. — А бабуля не згаджалася з ім, нязменна гаварыла нам з братам: «Каб мы не вярнуліся, вас бы не было…».

Фота: архіў Надзеі ЯБЛОНСКАЙ.

Прочитано 1104 раз Последнее изменение 12.02.2019 11:00
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить