04.02.2019 9:42

Лісічкі ў канверце – для Машы Лісіцкай

«Збіраю паштоўкі з лісамі!» — напісала ў сваім акаўнце студэнтка Белдзяржуніверсітэта Марыя Лісіцкая, жыхарка вёскі Белыя, што непадалёк ад Беразінскага. Вясной будзе два гады, як яна займаецца посткросінгам – папулярным віртуальна-рэальным праектам, які дае магчымасць атрымліваць паштоўкі з усяго свету.

Лісічкі ў канверце – для Машы Лісіцкай "Маладзечанская газета"



Прыемна было пачуць, што пра яго Маша даведалася з нашай газеты: яшчэ школьніцай прачытала артыкул пра дзяўчыну, якая захапляецца посткросінгам. «Як гэта цікава!» — падумала яна. Аднак зарэгістравалася на сайце www.postcrossing.com ужо студэнткай.

— Гэта зусім нескладана, мы з сяброўкай за нейкія паўгадзіны справіліся. Адзінае, трэба правільна напісаць свой індэкс і дамашні адрас на лацініцы. Я зрабіла гэта з дапамогай онлайн-транслітэрацыі. Пры рэгістрацыі можна расказаць пра свае захапленні, указаць, якія ведаеш замежныя мовы, паштоўкі якой тэматыкі цябе цікавяць. Я, напрыклад, папрасіла дасылаць з лісамі, з фотаздымкамі месцаў, дзе жывуць адпраўнікі, з нацыянальным каларытам, храмамі, а яшчэ — з сюжэтамі кніг пра Гары Потэра, караблямі і морамі…

Маша расказвае, што першы раз адначасова можна адправіць не больш за пяць паштовак. Адрасатаў сайт выбірае аўтаматычна. Калі атрымліваеш адрас чарговага незнаёмца, яго можна знайсці на сайце, убачыць фота, даведацца, якая паштоўка яго найбольш парадуе. Хаця, як правіла, посткросеры рады любому паштоваму прывітанню. На сайце вядзецца статыстыка: з якіх краін ты атрымаў карэспандэнцыю, куды сам даслаў. Для большай нагляднасці ёсць нават карта. Але пакуль не возьмеш пасланне з паштовай скрыні, не ведаеш, ад каго яно. Гэта заўсёды сюрпрыз. На кожным – спецыяльны код, і толькі калі зарэгіструеш яго на сайце, даведаешся пра адпраўніка, можаш напісаць яму словы падзякі і наогул завесці перапіску. Колькасць дасланых і атрыманых паштовак прыблізна аднолькавая – гэта галоўны прынцып посткросінгу.
За няпоўныя два гады ў Машы сабралася цікавая калекцыя, у якой амаль сто паштовак з 32 краін. Найбольш – з Германіі, Нідэрландаў, Расіі, ЗША, Тайваня. Захоўваюцца яны ў альбомах, папках. Час ад часу дзяўчына ўпрыгожвае імі інтэр’ер: да Каляд зрабіла кампазіцыю з зімовымі сюжэтамі, вясной падбярэ з кветкамі і зелянінай…
Надзвычай цікава разглядаць пасланні з усяго свету.

— Вось гэта прыйшло з Амерыкі ў верасні 2017 года. У гэты час там было поўнае зацьменне Месяца. Звярніце ўвагу на марку, бачыце, на ёй – чорны Месяц. Калі цёплым пальцам да яго дакрануцца, ён пачынае святлець, — расказвае дзяўчына.

З паштоўкі, якая прыйшла з Германіі, Маша даведалася, што там ёсць падвясная чыгунка, знайшла пра яе інфармацыю ў інтэрнэце. Дзякуючы іншым пасланням яна адкрыла для сябе шмат невялічкіх гарадоў у розных краінах, назвы якіх раней не чула. Далучылася і да мастацтва: часта дасылаюць паштоўкі з карцінамі вядомых мастакоў.
Аднойчы папрасіла ў адрасатаў парэкамендаваць цікавыя кнігі. Здзівілася, калі атрымала некалькі аднолькавых парад прачытаць «Эрагон» Крыстафера Пааліні. Твор ёй спадабаўся.

У асобным стосе – паштоўкі з рыжымі лісамі. Самая элегантная – з сярэбраным ланцужком на шыі і на абцасах – з Францыі. Сярод іх ёсць нават самаробная.

— Прыемна ўсведамляць, што яе намалявалі спецыяльна для мяне! – дзеліцца Маша. – Ды і наогул любая паштоўка – гэта частка душы, цяпла ад незнаёмага чалавека. Атрымліваю іх заўсёды з радасцю і сама стараюся падыходзіць творча, падбіраць па тэматыцы маркі, нешта цікавае напісаць пра сваю краіну, пра Мінск, Маладзечна. Часта першыя словы пішу па-беларуску, а затым іх перакладаю.

Субяседніца расказвае, што ўзрост посткросераў – ад школьнага да пенсіённага. Амаль усе пішуць пра свае захапленні – спорт, падарожжы, кнігі, жывапіс, калекцыяніраванне. Адзін з адпраўнікаў аказаўся паліглотам, ведаў 11 моў, Маша напісала яму па-руску. Яна паказвае чарговую паштоўку з прыгожым караблём з Нідэрландаў. Яе даслаў палкоўнік у адстаўцы, які захапляецца лятаннем на паветраных шарах. У пацвярджэнне – маркі з шарамі.

Сярод самых далёкіх краін, з якіх прыходзілі паштовыя прывітанні, – Новая Зеландыя, Аўстралія, ЗША, Кітай, востраў Тайвань, Японія. Цікава, што ў Амерыку карэспандэнцыя даходзіць за 8-10 дзён, а ў Кітай – больш чым за 50. Японцы – вялікія акуратысты. Почырк у іх адмысловы, любяць упрыгожыць паштоўку наклейкамі, маркамі, якія адпавядаюць тэме.
Большасць пасланняў – без канвертаў. Але бываюць і запячатаныя. У адным з іх, з Германіі, прыслалі маленькі кулончык. Некаторыя дзеляцца рэцэптамі. А яшчэ просяць
укласці ў канверт пакецік чаю са сваёй краіны (гэта папулярны кірунак посткросінгу).
Маркі – асобная тэма. Яны таксама могуць шмат што расказаць пра краіну, горад, захапленні. Калекцыйныя гасяцца спецыяльным штэмпелем, у Машы ёсць такая паштоўка з Германіі. Адзін кітаец усю сваю паштоўку заклеіў маркамі зялёнага колеру з розных краін.

Па словах Марыі, посткросінг не патрабуе вялікіх выдаткаў. Рэгістрацыя на сайце бясплатная. Паштоўкі каштуюць нядорага, прадаюцца ў кіёсках, на пошце, у кнігарнях, у інтэрнэт-магазінах (сярод іх ёсць дабрачынныя, якія дапамагаюць хворым дзецям, як, напрыклад aukotiki.by).

Маркі трэба купляць з пазначанай на іх літарай N. Каштуюць яны крыху больш за рубель. Калі ўкладваеш пасланне ў канверт, маркі наклейваюцца на суму, якая залежыць ад вагі.
— Дзякуючы паштоўкам удасканальваю веданне замежных моў. Я вывучаю француз-
скую, але найчасцей мне пішуць па-англійску. Калі раней было цяжка на ёй чытаць, то цяпер многія словы разумею без інтэрнэт-перакладу. Акрамя таго, з пасланняў даведваюся шмат новага, адкрываю для сябе краіны і кантыненты, мару пабываць у іх, — дзеліцца мая субяседніца.

Дарэчы, не так даўно Маша вярнулася з захапляльнага падарожжа па Іспаніі, Італіі, Францыі. Знаёмілася з гарадамі, жыхарамі гэтых краін, і, здавалася, паштоўкі з яе калекцыі ажывалі…


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/sotsium/item/3988-lisichki-kanvertse-dlya-mashy-lisitskaj.html#sigProId9da70e4a1e
Прочитано 851 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить