24.12.2018 12:29

«Рабіце людзям дабро! І вы не будзеце адзінокімі»

Маладзечанскім Нікам Вуйчычам можна назваць Аляксандра Асіповіча. Пра яго мы даведаліся дзякуючы званку неабыякавай чытачкі.

В качестве иллюстрации. В качестве иллюстрации. "Маладзечанская газета"


— Аляксандр адзін з дваіх жыхароў маленькай вёсачкі Румянцава, што ў Маркаўскім сельсавеце. Наша арганізацыя праводзіла ў яго доме новую электраправодку, так я з ім пазнаёмілася. Пяць гадоў таму з-за абмаражэння яму ампутавалі ногі ніжэй за калена і пальцы на руках. Жыве адзін, рамантуе дом, трымае курэй і сабаку, падтрымлівае стасункі з сябрамі, не страчвае аптымізму. Немагчыма не ўразіцца сілай духу гэтага чалавека.


Сем дамоў, двое жыхароў

Ад Маркава да Румянцава – дзевяць кіламетраў. Праехаўшы Трапалава, мы павярнулі па ўказальніку налева. На прасёлачнай дарозе след ад нашай машыны быў першым. І гэта не дзіўна: у вёсцы ўсяго сем дамоў, а жыхароў — двое. Акрамя Аляксандра Асіповіча тут жыве Софія Ашмянская, якой больш за 80 гадоў.

— Будзеце пад’язджаць — тэлефануйце, я свайго сабаку за плот заганю, бо ён незнаёмцаў у дом не пусціць, — папярэдзіў Аляксандр.

Грозная Лайма так брахала з-за невысокага плоту, што ступаць на двор было боязна. Але раздаўся голас гаспадара – і сабака прысмірэў.

— Лайма ўсё разумее, яна ў мяне 15-ы год жыве. Калі са мной здарылася бяда, яна сышла з дому. Вярнулася ажно праз год і сем месяцаў. Я думаў, што такое толькі ў кіно бывае, — гаворыць Аляксандр, пагладжваючы сваю верную вартаўніцу.  

На вуліцы ля ганка – старэнькая інвалідная каляска. Як патлумачыў гаспадар, яна для двара. У доме ён карыстаецца больш новай і зручнай. А шлях па калідоры ад адной каляскі да другой пераадольвае паўзком. Пратэзаў у яго няма, хаця прайшло больш за пяць гадоў пасля ампутацыі. Гаворыць, што сумняваецца, ці зможа стаць на пратэзы, бо куксы ног баляць, даводзіцца іх пастаянна лячыць, змазваць зялёнкай. Прыстасаваўся перамяшчацца дзе на калясцы, дзе паўзком. Гаворыць, што рукі ў яго вельмі моцныя, хаця і без пальцаў: пасля ампутацыі застаўся адзін вялікі палец на правай руцэ, дзякуючы чаму ён можа пісаць, рэзаць нажом, трымаць лыжку, набіраць нумар на тэлефоне.

Дазваніцца, дарэчы, яму не проста: каб не адчуваць адзіноты, пастаянна з кім-небудзь размаўляе. Тэлевізар таксама працуе цэлы дзень, дзякуючы яму Аляксандр у курсе ўсіх навін у краіне і свеце. Праўда, каб у аддаленай вёсцы цягнула тэлебачанне, яму даводзіцца ўвесь час круціць антэну. Гаворыць, што МТС тут ловіць сігнал, іншыя сеткі – не. Спадзяецца, што ў наступным годзе ў іх мясцовасць правядуць шкловалакно, тады можна будзе падключыцца да інтэрнэту.
Аляксандр выпісвае чатыры газеты: «Маладзечанскую», «Беларусь сегодня», «Сельскую газету», «Друг пенсионера». За падпіску на першы квартал заплаціў 68 рублёў.

— Чытаю іх ад першага радка да апошняга. А калі новых яшчэ няма, магу і па другім разе перачытаць, — гаворыць мой субяседнік і дае наказ больш пісаць пра сельскіх людзей, пра гаспадаркі. Гэта яго цікавіць найперш.

«Люблю сваю вёску!»
Аляксандр расказвае, што раней іх мясцовасць называлася ўрочышча Борздынь, але ў канцы 1950-х вёску перайменавалі ў Румянцава. Праз гару Саша разам з іншымі дзецьмі хадзіў за тры кіламетры ў Трапалава ў пачатковую школу, дзе вялі заняткі Яўгеній Бохан і Марыя Шлык. Васьмігодку заканчваў у Клочкаве. Да шостага класа вучыўся выдатна, але захапіўся тэхнікай, паспяховасць знізілася. З маленства ўмеў усё рабіць па гаспадарцы. Асабліва любіў пасвіць кароў, якіх на той час у вёсцы было каля 30. Расказвае, што баранаваць яго вучыў Аркадзій Луновіч, вядомы на Маладзечаншчыне кіраўнік. Ён родам з суседняга Доўгага Лога, на той час быў брыгадзірам у іх мясцовасці. Бацька Аляксандра — камуніст, прайшоў шлях ад конюха да намесніка старшыні калгаса Леніна. Загадваў Трапалаўскай фермай, улікоўцам там працавала і маці. Акрамя Сашы ў сям’і падрастала малодшая сястра Таццяна.
Жыла з імі і бабуля Марыя, бацькава маці. Нягледзячы на забарону ў школе, яна па святах вадзіла Сашу ў царкву, навучыла яго малітвам, якія ён памятае і цяпер.  

Пасля заканчэння Беразінскага ПТВ-42 да арміі Аляксандр працаваў на грузавой машыне ў калгасе, пасля службы шмат гадоў вазіў старшыню. І нават у думках не дапускаў, што можна некуды пераехаць.

— Люблю сваю вёску! У горадзе б ні за што не жыў! Толькі калі моцна прыцісне, прашу ў сяброў мяне туды звазіць, — прызнаецца мой субяседнік.

Абклаў цэглай бацькоўскі дом, пабудаваў лазню, хлявы. Купіў у калгасе спісаны трактар, са-
браў прычапныя ўстройствы – меў усё, каб жыць на зямлі, трымаць гаспадарку. Не адмаўляў людзям у дапамозе: разворваў соткі, садзіў і капаў бульбу, даваў сябрам сваю машыну, калі ім трэба было некуды пад’ехаць. А вось сям’ёй не абзавёўся. Пасля смерці маці жыў з бацькам, пазней яго за-
брала сястра ў Маладзечна.

Сем аперацый за тры месяцы
Аляксандру цяжка ўспамінаць, што здарылася з ім у першыя дні сакавіка 2013 года. Па яго словах, сабраўся ў Маркава, каб скараціць шлях, скіраваўся праз лес, кожную елку ў якім ведае з дзяцінства. Але пачалася мяцеліца, сцямнела, і ён згубіў арыенцір. Як потым аказалася, хадзіў па крузе зусім недалёка ад дома. Давялося ў лесе начаваць. Аляксандр гаворыць, што правёў там некалькі сутак, пакуль яго, знясіленага, не знайшоў сабака. Яго гаспадары паляўнічыя  патэлефанавалі ў выратавальную службу. Аляксандр на той час ужо не мог хадзіць, але быў у прытомнасці, папрасіў у выратавальнікаў закурыць і чаго-небудзь папіць.

Тры месяцы ўрачы змагаліся за яго жыццё. Зрабілі сем аперацый: спачатку давялося ампутаваць пальцы на руках, затым – ногі ніжэй за калена. Невыносна цяжка было здароваму раней мужчыну змірыцца з тым, што стаў інвалідам.

— У лесе, калі не мог ужо ісці і разумеў, што мяне могуць не знайсці, я  развітваўся з жыццём. Але ж выжыў, і гэта давала сілы змірыцца з ампутацыяй і цярпець боль пасля аперацый, — вяртаецца ў тыя трагічныя дні мой субяседнік.



Калі надышоў час выпіскі, яму, інваліду І групы, прапанавалі месца на сацыяльным ложку ў бальніцы. Не згадзіўся, сказаў, што жыць будзе толькі дома, у сваім Румянцаве. Не ўтойвае, што спачатку быў у вялікім адчаі, заглушаў боль і душэўныя пакуты моцнымі напіткамі, з-за чаго сапсаваліся адносіны з блізкімі. І толькі пасля таго як застаўся сам-насам, усвядоміў, што гэта шлях у нікуды, узяў сябе ў рукі. З цеплынёй гаворыць пра суседку Марыю Мышко (яна прыязджае на лета), чалавека з вялікай літары, якая не дала яму пасці духам, падтрымлівала, падбадзёрвала, а калі што не так, то магла «і па шапцы выдаць».

«Заўсёды прашу дапамогі ў Бога»
Дзень за днём Аляксандр прыстасоўваўся жыць па-новаму, наладжваў свой быт, каб ні ад каго не залежаць. Раз на тыдзень да яго прыходзіць з Ленкаўшчыны сацыяльны работнік Яўгенія Гулецкая: наносіць дроў, прыбярэ ў пакоі, калі трэба, начысціць бульбы. Гатуе Аляксандр сам: «Для мяне не праблема і суп зварыць, і кашу!». Прадукты купляе ў аўтакраме, праўда, гаворыць, асартымент тавараў не заўсёды задавальняе, хацелася б большай разнастайнасці. Аднойчы нават запалак не было. Яйкі, мяса ў яго свае: трымае курэй, раней гадаваў індыкоў.

З цеплынёй расказвае пра маладую загадчыцу Клочкаўскага ФАПа Анастасію Ярмошка, якая наведвае яго на даму, мерае ціск, дае рэкамендацыі па тэлефоне. Заязджае і старшыня Маркаўскага сельскага Савета Іван Мацэвіч, якому Аляксандр часта тэлефануе. А яшчэ ў яго ёсць надзейныя сябры, былыя калегі. Пётр Козел, Аляксандр Ермаковіч не забываюць свайго таварыша, не кідаюць яго ў бядзе.               
Мінулую зіму Аляксандр правёў у аддзяленні кругласутачнага знаходжання ў Сасновым Бары. Як будзе сёлета — пакуль не ведае. Магчыма, удасца перазімаваць і ў родным доме. За апошнія пяць гадоў ён памяняў вокны, дзверы, электраправодку, купіў новы халадзільнік. У бліжэйшых планах – зрабіць рамонт на кухні, усе матэрыялы для гэтага ўжо закуплены.

У нашай газеце па аб’яве знайшоў майстра, які зрабіў сантэхнічны пакой, устанавіў унітаз, правёў душ. А вывадную трубу пад падлогай Аляксандр праклаў сам.
— А што, гэта зусім няцяжка. Падлогу падняў, пясок выграб і вывез, трубу паклаў, — расказвае ён. – Пашанцавала, што ў нашым Румянцаве ёсць водаправод, вада прама ў доме, а так цяжэй бы мне было…
Ды што там труба, па капоце ён умудрыўся залезці ў кабіну свайго трактара і завесці яго, пераканацца, што не страціў і гэтыя, такія важныя для яго навыкі.

— Аляксандр, вам столькі давялося перажыць. Якую параду вы далі б людзям, якія таксама трапілі ў вялікую бяду? Як не зламацца, як набрацца смеласці працягваць жыць?

— Не трэба здавацца, як бы цяжка ні было! Вельмі важна верыць у Бога, быць з Богам. Я ўдзячны сваёй бабулі за тое, што вадзіла мяне ў царкву, навучыла малітвам. Я Біблію яе чытаў. Перад тым як пачаць нешта рабіць, заўсёды прашу дапамогі ў Бога. А яшчэ трэба так жыць з людзьмі, каб яны ад цябе не адмовіліся, не адвярнуліся. Трэба дапамагаць лю-
дзям як можаш, як умееш, і тады ў цяжкі час і яны табе дапамогуць, падтрымаюць. Вельмі важна адчуваць, што ты не адзін…


 


Фота: Анжаліка Крупянькова.



Прочитано 2262 раз Последнее изменение 24.12.2018 12:29
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить