19.12.2018 9:51

«Неразлучнікі» для Надзеі і Алега

У старажытныя часы маладым дарылі на вяселле традыцыйную беларускую ляльку-абярэг пад прыгожай назвай «неразлучнікі». Дзве фігуркі на адной руцэ – драўляным прутку — сімвалізуюць вернасць, доўгае і непарушнае каханне, шчаслівы шлюб.

«Неразлучнікі» для Надзеі і Алега "Маладзечанская газета"


Дзякуючы неабыякавым лю-дзям, рупліўцам на ніве беларушчыны сёння вяртаюцца народныя традыцыі і абрады. Нядаўна дырэктар Гарадоцкага цэнтра культуры і быту Таццяна Смолік змайстравала неразлучнікаў для прыгожай пары На-дзеі Станкевіч і Алега Бондара. Сапраўдным сюрпрызам на ўрачыстай рэгістрацыі іх шлюбу ў ЗАГСе стала віншаванне ўдзельнікаў этнаграфічнага клуба «Кола» цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна, дзе Надзея працуе вядучым рэдактарам.

«А дзе быў селязень, а дзе была вутачка? А вось жа яны ў адным возеры…» — вясельнай абрадавай песняй віталі маладых кіраўнік клуба «Кола» Вольга Трубач і яго ўдзельнікі Наталля Чырвонцава, Зміцер Давыдаў. Пасадзілі жаніха з нявестай на кажух касматы, пажадалі, «каб жыццё іх было такім жа багатым». Станцавалі для іх полечку, запрасілі на танец гасцей. А ў канцы свайго віншавання падарылі «неразлучнікаў», якія цяпер будуць ахоўваць іх шлюб, дапамагаць ісці поруч па жыцці.

Сімвалічна, што начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Ала Івашкевіч правяла рэгістрацыю шлюбу на беларускай мове. Па традыцыі, рукі маладых звязалі ручніком – яшчэ адным нашым спрадвечным абярэгам. А іх заручальныя пярсцёнкі ляжалі ў вазе з зярнятамі – сімвале багацця і заможнага жыцця.
— Мы заўсёды з задавальненнем ідзём насустрач маладым, калі яны выказваюць жаданне правесці цырымонію рэгістрацыі шлюбу на роднай мове, уключыць у яе элементы беларускіх абрадаў, — гаворыць Ала Івашкевіч.

Удзельнікі клуба «Кола» таксама нястомна прапагандуюць народныя традыцыі, збіраюць матэрыялы па вясельных абрадах.

— Хацелася б, каб нашы землякі часцей іх выкарыстоўвалі ў час свят. Такая магчымасць ёсць: удзельнікі «Кола» заўсёды гатовы адгукнуцца, навучыць абрадам, песням і танцам, — падключаецца да размовы Вольга Трубач.

— «Неразлучнікі» вісяць у нашым пакоі на пачэсным месцы! Было неспадзявана і вельмі прыемна атрымаць такое арыгі-нальнае віншаванне, — дзеляцца ўражаннямі Надзея і Алег.
Яны расказваюць, што пазнаёміліся ў час работы ў гарадскім Палацы культуры. Аднак сустракацца пачалі пасля таго, як змянілі месца работы.

— Алег вельмі клапатлівы, уважлівы. Ён чалавек слова: калі што паабяцае — абавязкова выканае. А яшчэ ў яго самая мілая ўсмешка! – з замілаваннем гаворыць нявеста.

У маладой пары шмат агульнага: яны разам глядзяць мультфільмы, самы любімы сярод іх анімацыйны «Тваё імя». Стараюцца не прапускаць прэм’еры фільмаў у кінатэатры «Радзіма».

— А яшчэ мы вялікія ласуны! Без арахісу ў глазуры, «марскіх каменьчыкаў» ды іншых цукерак жыцця не ўяўляем, — з усмешкай прызнаецца Надзея.

Няхай іх сумеснае жыццё бу-дзе салодкім і праз шмат гадоў пасля шлюбу, а «неразлучнікі» дапамагаюць заўсёды знаходзіць паразуменне, берагчы сваё каханне!

Фота: архіў СЯМ’І БОНДАР.

Прочитано 610 раз Последнее изменение 19.12.2018 9:51
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить