06.06.2018 14:06

Аргумент дакладнай лічбы

Источник

Не сакрэт, што пра жыццё асобнага чалавека, населенага пункта і нават цэлай краіны можна расказаць пры дапамозе лічбаў. І падуладна гэта статыстыцы. Прынамсі нядаўна Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Мінскай вобласці арганізавала сустрэчу для прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, каб прэзентаваць інфармацыю аб экспарце тавараў і паслуг і паступленні прамых замежных інвестыцый у эканоміку вобласці. А яшчэ закрануць пытанні будучага нацыянальнага перапісу.

І першая, і другая тэма, перакананы, выбраныя невыпадкова: экспарт тавараў і паслуг, прыцягненне замежных інвестыцый – асноўныя паказчыкі, даведзеныя сёлета да рэгіёнаў. Іх выкананне сведчыць аб стабільнай дзейнасці рэальнага сектара эканомікі з мэтай далейшага росту дабрабыту і паляпшэння ўмоў жыцця насельніцтва.

Да прэс-канферэнцыі спецыялісты ўпраўлення падрыхтавалі падрабязную інфармацыю за тры апошнія гады і першы квартал 2018-га ў разрэзе абласцей і раёнаў Міншчыны. З яе вынікала, што цэнтральны рэгіён па ўсіх азначаных паказчыках уступае толькі гораду Мінску і лідзіруе сярод абласцей: за тры месяцы сёлета экспарт тавараў з Мінскай вобласці склаў 1652,8 млн долараў у эквіваленце (горад Мінск — 2984,4, Гомельская вобласць — 975,8, Віцебская — 605,3, у астатніх абласцях яшчэ менш). Экспарт паслуг — 186,5 млн долараў. Відавочныя фаварыты ёсць і сярод раёнаў. Па экспарце тавараў гэта Салігорскі, Мінскі, Барысаўскі, Маладзечанскі, Дзяржынскі, Смалявіцкі, горад Жодзіна. Па экспарце паслуг наперадзе зноў жа Салігорскі, Мінскі, Дзяржынскі і (увага!) Валожынскі раёны. Наш раён сёмы.

У Нацыянальнай стратэгіі устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2030 года вызначана, што крытэрыем дасягнення інвестыцыйнай палітыкі з’яўляецца рост удзельнай вагі замежных інвестыцый у агульным аб’ёме інвестыцый у асноўны капітал. У апошнія гады павышэнню інвестыцыйнай прыцягальнасці краіны надаецца вялікая ўвага.

Цэнтральны рэгіён і па азначанай пазіцыі знаходзіцца на другім месцы пасля сталіцы. Так, за першы квартал года ў рэальны сектар эканомікі вобласці паступіла замежных інвестыцый на суму 538,5 млн долараў, альбо ў 1,7 раза больш, чым за адпаведны перыяд летась.

Якія ж краіны найбольш актыўна ўкладвалі валюту ў эканоміку вобласці сёлета? Гэта Расійская Федэрацыя, Кіпр, Кітай, Балгарыя, Нідэрланды – на іх долю прыпадае 71,8% ад агульнага аб’ёму паступленняў. Прыцягальнымі для інвестараў аказаліся Мінскі, Пухавіцкі, Лагойскі, Смалявіцкі раёны і горад Жодзіна. Наш раён на восьмым месцы.

Найбольшыя аб’ёмы прамых замежных інвестыцый, якія паступілі ў першым квартале 2018 года, укладзены інвестарамі ў развіццё прамысловай вытворчасці – 72,4%. Гэта на 11,2% больш, чым за адпаведны перыяд папярэдняга года. 16,2% агульнага аб’ёму прамых інвестыцый пайшлі ў арганізацыі, від эканамічнай дзейнасці якіх пазначаны як «аптовы і рознічны гандаль, рамонт аўтамабіляў і матацыклаў».

У кастрычніку 2019 года ў Беларусі пройдзе чарговы перапіс насельніцтва. Як вядома, генеральная рэпетыцыя яго адбылася ў нашым раёне мінулай восенню. У выніку вызначаны асаблівасці яго правядзення, вузкія месцы. Супрацоўнікі абласнога статупраўлення папрасілі журналістаў праз СМІ звярнуць увагу адпаведных структур на месцах на парадак у адраснай гаспадарцы: павінны быць дакладна пазначаны назва вуліцы, нумар дома, у шматкватэрных дамах – нумар пад’езда, агульная колькасць кватэр. Адказнасць за правядзенне такой работы кладзецца на балансатрымальнікаў дамоў, на гаспадароў, калі гэта прыватная ўласнасць.

– Такая інфармацыя патрэбная не толькі тым, хто будзе заняты вядзеннем перапісу, але, дапусцім, медыкам, пажарным службам – каб аператыўна з’явіцца па выкліку грамадзяніна, – нагадалі субяседнікі журналістаў.
Навінкай будучага перапісу стане апытанне па сельскай гаспадарцы. І баяцца яго не варта: ніхто не плануе ў перспектыве, да прыкладу, абкладваць падаткам кожную курыцу ў двары альбо дрэва ў садзе. Разам з тым дзяржорганы атрымаюць рэальную інфармацыю аб дэмаграфічнай, нацыянальнай, сацыяльна-эканамічнай характарыстыцы насельніцтва.

Фота: АЎТАР.

Прочитано 1643 раз Последнее изменение 06.06.2018 14:06
Аляксандр Лазоўскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить