13.06.2017 10:50

Новая «старая» камісія

Источник

У Маладзечанскім раёне ўзнавіла дзейнасць камісія па працаўладкаванні беспрацоўных. Цяпер яна працуе ў новым фармаце – разам з прадстаўнікамі дзяржаўных арганізацый і органаў улады на пасяджэнні запрашаюцца кіраўнікі і спецыялісты па кадрах тых суб’ектаў гаспадарання, у якіх ёсць вакансіі. Такім чынам, патэнцыяльныя работадаўцы маюць магчымасць пазнаёміцца з прэтэндэнтам на працоўнае месца, расказаць пра будучыя абавязкі, адказаць на пытанні. Карэспандэнты «МГ» пабывалі на першым пасяджэнні абноўленай камісіі.

Новая «старая» камісія Маладзечанская газета

На гэты раз кадравае пытанне вырашалі прадстаўнікі УП «Камунальнік», ААТ «Электрамодуль», СП «ММЦ» ТАА, ААТ «Маладзечнажалезабетон», фабрыкі дзвярэй «Віст», ААТ «Забудова-Буд», іншых прадпрыемстваў. Зарплата, якая прапаноўвалася прэтэндэнтам, — ад 250 да 700 рублёў. Сярод найбольш запатрабаваных спецыяльнасцей грузчыкі, дарожныя рабочыя, бетоншчыкі-фармоўшчыкі...

Суб’ектам гаспадарання патрабаваліся як пастаянныя, так і часовыя работнікі.

На камісію былі запрошаны маладзечанцы, якія стаяць на ўліку ў цэнтры занятасці. Некаторых наведвальнікаў звольнілі з папярэдняга месца за парушэнне працоўнага заканадаўства. Некалькі чалавек мелі пратэрмінаваныя пасведчанні або ніколі не працавалі па спецыяльнасцях, па якіх вучыліся. Кваліфікацыя і вопыт работы па вакансіях, якія прапаноўваліся, былі не ва ўсіх. Не ўсе нават узялі з сабой працоўную кніжку.

Адзін з наведвальнікаў раней працаваў на будаўнічых аб’ектах у Расіі. Мужчына быў гатовы заняць любую вакансію. Камісія накіравала прэтэндэнта ў кампанію «Юлайн», дзе патрабаваліся грузчыкі.

Наступны беспрацоўны нядаўна вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі. Меў запазычанасць па аліментах. Разлічваў толькі на высокі заробак. Ад усіх прапанаваных вакансій мужчына адмовіўся. Заўвагу супрацоўніка міліцыі, што за нявыплату аліментаў наступае крымінальная адказнасць, наведвальнік праігнараваў.

У аднаго з прэтэндэнтаў на працаўладкаванне меліся медыцынскія супрацьпаказанні на занятак пэўнымі відамі дзейнасці. Да таго ж мужчына не хацеў працаваць менш чым на стаўку і па выхадных. Таму прасіў уладкаваць яго дворнікам або электрыкам.
Беспрацоўнаму давялі, што дворнікі ва УП «Камунальнік» цяпер не патрэбныя, а работа электрыка звязана з вышынёй (што наведвальніку супрацьпаказана, таму медыцынскую камісію ён не пройдзе). Аднак накіраванне на адно з прадпрыемстваў гэты чалавек атрымаў.

Жанчына, якая звярнулася ў камісію, адразу выказала гатоўнасць прайсці перанавучанне і асвоіць новую спецыяльнасць. Мужчына, што зайшоў наступным, без разважанняў пагадзіўся быць грузчыкам.

— Калі чалавек гатовы нешта змяніць у сваім жыцці і добрасумленна выконваць працоўныя абавязкі, камісія яму абавязкова дапаможа, — падсумаваў вынікі прыёму намеснік старшыні райвыканкама Генадзій Актанаровіч. – На жаль, некаторыя прэтэндэнты на працаўладкаванне гэтага не разумеюць. Між тым сёння на Маладзечаншчыне цалкам магчыма знайсці работу, зарэкамендаваць сябе, павысіць кваліфікацыю і мець добры заробак. Такіх прыкладаў можна прыводзіць шмат.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 1159 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить