01.06.2018 15:32

В ожидании караванеров

Агроусадьбы Вилейщины уже готовятся к приёму гостей II Европейских игр 2019 года и других масштабных культурно-спортивных мероприятий в Беларуси.

В ожидании караванеров Маладзечанская газета

На Беларусі з даўніх часоў жыве традыцыя хлебам-соллю сустракаць гасцей. А калі госць заходзіць у хату — накрываецца стол, і ўсё самае лепшае менавіта для яго. Яшчэ беларусаў цэняць за шчодрасць душы, памяркоўнасць. Таму з вялікім жаданнем бліжэй пазнаёміцца з самабытным краем едуць да нас госці не толькі з блізкага, але і далёкага замежжа. І з кожным годам паток замежных турыстаў павялічваецца. Статыстыка сведчыць: іншаземцы з задавальненнем наведваюць беларускія аграсядзібы. Прычым загарадныя дамы па прыёме турыстаў абыходзяць турфірмы. Калі апошнія паказваюць нязначны рост, то аграсядзібы павялічылі паказчыкі па прыёме іншаземцаў больш чым на дваццаць працэнтаў.

Аднак наплыў замежных турыстаў можа вырасці яшчэ. Наперадзе II Еўрапейскія гульні 2019 года, якія, як вядома, будуць праходзіць у нашай краіне, іншыя буйныя спартыўныя і культурныя мерапрыемствы. Ці гатовы беларускія сядзібы прыняць усіх жадаючых турыстаў-іншаземцаў і стварыць для іх належныя ўмовы? Гэта і іншыя пытанні абмяркоўваліся ў час выязнога семінара-практыкума, які праходзіў у Вілейскім раёне.

Сярод удзельнікаў гэтага маштабнага мерапрыемства былі спецыялісты аддзелаў адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў Міншчыны, прадстаўнікі прадпрыемстваў, якія аказваюць паслугі турыстам, журналісты. Тэма семінара «Расшырэнне магчымасцей прыёму іншаземных аўтатурыстаў (караванераў) напярэдадні маштабных культурна-спартыўных мерапрыемстваў у Рэспубліцы Беларусь» прымусіла ўсіх больш уважліва паглядзець на праблему. А яна сапраўды пакуль існуе. У час наведвання сядзібы «Заброддзе» было выказана шмат станоўчых водгукаў у адрас гаспадароў. Гэта адзінае ў сваім родзе месца ў Беларусі, дзе на чатырох гектарах пад адкрытым небам размясціліся чатыры музеі з домікамі для пражывання. Тут прапануюць адчуць сапраўдны сельскі быт і просты вясковы камфорт.

Штодня працуюць:
- першы ў Беларусі музей гісторыі Першай сусветнай вайны, дзе захоўваецца звыш 2000 экспанатаў – абмундзіраванне і зброя, дакументы, фотаздымкі, прадметы быту і асабістыя рэчы салдат;
- музей рэтра-аўтамабіляў, дзе сабраныя рарытэты 1930-х-1990-х гадоў айчыннай і замежнай вытворчасці, калекцыя матацыклаў і веласіпедаў. Дарэчы, тэхніка з рэтра-музея выкарыстоўвалася для здымак больш чым 60 фільмаў;
- музей сялянскага побыту стогадовай даўніны;
- музей СССР з кінаверандай.

Да таго ж вёска-музей размешчана на жывапісным беразе ракі Нарачанка, і аўтатурысты абавязкова зацікавяцца гэтым месцам адпачынку. Аднак, на думку спецыялістаў, тут яшчэ не гатовы прымаць вялікія групы караванераў з-за мяжы. Прычыны звязаны ў асноўным са стварэннем камфортных бытавых умоў.

Наступны адрас удзельнікаў семінара-практыкума — сядзіба «Кветкі яблыні». Яе ведаюць яшчэ як экаатэль, што знаходзіцца паблізу Вілейскага вадасховішча. Тут усё прадугледжана для сямейнага адпачынку, правядзення вяселляў і іншых сямейных свят, карпаратыўных мерапрыемстваў, канферэнцый, выязных семінараў. Камфартабельныя драўляныя дамы выдатна ўпісваюцца ў прыгожы пейзаж. Ля кожнага доміка ёсць альтанка з мангалам і абедзеннай зонай. Для маленькіх турыстаў абсталяваная гульнявая пляцоўка. На тэрыторыі сядзібы ёсць свая артэзіянская свідравіна.

У час заключнага пасяджэння ўсе гэтыя і іншыя станоўчыя фактары былі адзначаны спецыялістамі Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Беларусі, Саюза кемпінгаў, іншымі ўдзельнікамі семінара. Разам з тым выказваліся ў адрас гаспадароў некаторыя канкрэтныя заўвагі, якія тычыліся ўдасканалення арганізацыі адпачынку менавіта аўтатурыстаў.

У семінары прынялі ўдзел і выступілі дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Андрэй Молчан, начальнік упраўлення спорту і турызму Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Яўгеній Булойчык, намеснік начальніка аддзела ўтрымання аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту Рэспублікі Беларусь Сяргей Ляончык, старшыня Саюза кемпінгаў Уладзімір Рудой.

Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.

Прочитано 4949 раз Последнее изменение 01.06.2018 15:32
Вячаслаў Табулін

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.