16.05.2018 10:49

У Маладзечне адкрыўся сезон гарадкоў

Источник

Міжнароднымі спаборніцтвамі адкрыўся летні сезон па гарадошным спорце ў Маладзечне. Як заўсёды, прадэманстраваць сваё майстэрства ў наш горад прыехалі мацнейшыя спартсмены не толькі з Беларусі, але і з іншых краін блізкага і далёкага замежжа, дзе гэты від спорту па-ранейшаму папулярны і мае сваіх паслядоўнікаў. У іх ліку Малдова, Расія, Украіна, Ізраіль.


— Турнір заўсёды праходзіць цікава і стаў ужо традыцыйным, — паведаміў намеснік старшыні Беларускай федэрацыі гарадошнага спорту трэнер Маладзечанскай ДЮСШ прафсаюзаў Аляксандр Кулак. — Сёлета ён праводзіцца ў 24-ы раз. Прыемна, што разам з ветэранамі ў спаборніцтвах актыўны ўдзел прымае моладзь. Прычым хлопцы і дзяўчаты амаль ні ў чым не ўступаюць больш вопытным гарадошнікам, а нярэдка ў асабістых паядынках і перамагаюць іх.

На працягу тыдня больш за 70 удзельнікаў змагаліся за тытулы чэмпіёнаў і прызёраў турніру на гарадошным стадыёне. Першы камплект узнагарод разыгралі жанчыны ў класічных гарадках. Пасля двух дзён напружанай барацьбы лідарства захапіла беларуская спартсменка з Гродзенскай вобласці Галіна Жаваронкава. Але на фінішы яна з мінімальным лікам уступіла саперніцам з Масквы Ніне Елісеевай, Жанне Акрымавай і заняла трэцяе месца. Масквічкі былі мацнейшымі і ў камандных спаборніцтвах. Маладзечанская дружына ў складзе Таццяны Яршэвіч, Аляксандры Мельнікавай і Ларысы Казловай заняла другое месца.

Асабістае першынство ў мужчын выйграў таксама прадстаўнік Масквы Аляксей Елісееў. Аляксандр Вернер з Санкт-Пецярбурга і Васілій Духанін, які прадстаўляў Краснадарскі край, занялі адпаведна другое і трэцяе месцы. Маладзечанцу Генадзію Сушко крыху не хапіла да прызавога месца. У выніку ён стаў чацвёртым. Камандныя спаборніцтвы выйгралі спартсмены з Санкт-Пецярбурга.

Не менш драматычна для беларускіх гарадошнікаў развіваліся падзеі і ў еўрагарадках. Калі, напрыклад, маладзечанка Аляксандра Мельнікава ўзяла добры старт і выйграла кваліфікацыйныя спаборніцтвы, то ў фінале паказала толькі пяты вынік. Генадзій Сушко таксама не змог замацаваць свой поспех у фінальных паядынках і заняў сёмае месца. Перамогу ў гэтым відзе святкавалі Жанна Акрымава і  Уладзімір Ціхаміраў (Чарапавец).

Праўда, нашы мацнейшыя спартсмены ўзялі рэванш у фінскіх гарадках. Аляксандра Мельнікава заваявала сярэбраны медаль, Генадзій Сушко — «бронзу».

У абсалютным заліку сярод жанчын перамагла Ніна Елісеева. У маладзечанкі Аляксандры Мельнікавай трэці вынік. Сярод  мужчын па суме трох відаў лідзіраваў Генадзій Сушко.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/ru/zdorove-i-sport/item/2758-u-maladzechne-adkry-sya-sezon-garadko.html#sigProIdb8496725d3
Прочитано 1598 раз
Вячаслаў Табулін

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить