16.05.2018 16:30

У Краснае прыехаў жыхар Ізраіля, які выжыў пасля знішчэння гета ў час вайны

Источник

«На маіх вачах фашысты расстралялі бацьку, збілі маці. Горка і страшна ўспамінаць перажытае. Такое больш не павінна паўтарыцца», — на вачах у былога малалетняга вязня Красненскага гета Сямёна Грынгаўза наварочваюцца слёзы.

Прадстаўнікі некалькіх пакаленняў жыхароў Краснага ўважліва слухаюць сведку халакосту. Гэта адзін з эпізодаў сустрэчы выпускніка і першага залатога медаліста мясцовай школы з вучнямі, сябрамі, аднавяскоўцамі.

Знакавая сустрэча
Сямён Кушэлевіч Грынгаўз адзін з нямногіх, хто выжыў пасля знішчэння гета. Пасля вайны вучыўся на матэматычным факультэце педагагічнага інстытута і юрыдычным БДУ, якія закончыў з адзнакай. З 1960-х гадоў жыве ў Ізраілі. Мае ўзнагароды за педагагічную дзейнасць.

Ветэран наведвае Маладзечаншчыну не першы раз. Кантакт з ім наладзілі педагогі Красненскай школы. Вялікую работу па зборы інфармацыі пра жыццё яўрэйскай абшчыны ў Красным правялі навучэнцы. Адметнасцю апошняга візіту стала тое, што знакаміты выпускнік прыехаў у вёску з усёй сям’ёй.

Сустрэцца з сябрам прыйшлі яго аднакласнік Расціслаў Кісель, адна са старэйшых жыхароў Краснага Ганна Балотнік, гісторык і краязнавец Сяргей Старыкевіч, былая малалетняя вязніца канцлагера Тамара Рагачэўская…

— Гады вучобы ў Красненскай школе, бадай, лепшыя ў маім жыцці, — падзяліўся думкамі Сямён Грынгаўз. – Любімымі школьнымі прадметамі былі матэматыка, фізіка, гісторыя, літаратура. У пачатку вучобы рускую мову амаль не ведаў, але хутка авалодаў ёю і дапамагаў іншым вучням.

Госць успамінаў даваеннае жыццё, сяброўства беларускіх, яўрэйскіх і польскіх сем’яў. Навечна ўрэзалася ў яго памяць акупацыя.

— У гета і партызанскім атрадзе смерць літаральна праследавала кожнага з нас. Аднак нават у тых умовах не губляў годнасці. Дзякуючы дапамозе, падтрымцы і спагадзе беларусаў была надзея, што дажыву да Перамогі, — расказваў Сямён Кушэлевіч.

Ён яшчэ раз упэўніўся, што памяць пра яўрэяў у Красным захоўваецца. Вядуцца краязнаўчыя даследаванні. Рыхтуюцца навуковыя даклады. Вытрымкі са сваёй школьнай работы на адпаведную тэматыку прачытаў залаты медаліст мінулага года, студэнт 1 курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Уладзіслаў Карчміт.

Падзелім боль пароўну
Адным з найбольш эмацыянальных эпізодаў жалобных мерапрыемстваў быў мітынг-рэквіем, прысвечаны 75-й гадавіне знішчэння Красненскага гета. Ля брацкай магілы на вуліцы Набярэжнай, дзе пахаваныя больш за 2300 яўрэяў, сабраліся прадстаўнікі райвыканкама, пасольства Польшчы, грамадскіх яўрэйскіх арганізацый, мясцовыя жыхары, былыя малалетнія вязні канцлагераў.

— Наша задача — даносіць маладому пакаленню праўду пра тыя падзеі, вучыць дзяцей жыць у міры, памятаць урокі гісторыі і рабіць з іх высновы, — адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Соф’я Філістовіч.

Першы саветнік пасла Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Марцін Вайцяхоўскі падкрэсліў, што ў часы халакосту многія людзі, рызыкуючы жыццём, дапамагалі яўрэям пазбегнуць смерці. Сярод іх беларусы, палякі, прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей. Дзякуючы іх самаахвярнасці яўрэйская дыяспара ў акупіраваных нацыстамі краінах захавалася.

Па словах старшыні Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх арганізацый і абшчын Уладзіміра Чарніцкага, у Беларусі ўмовы пражывання яўрэяў прызнаныя аднымі з лепшых у свеце. У краіне развіваецца яўрэйская культура, захоўваюцца традыцыі гэтага народа.

На завяршэнне мітынгу была закладзена алея ў памяць аб загінулых яўрэях з Маладзечна, Гарадка, Краснага, Заскавіч, Лебедзева, Аляхновіч і Радашковіч. У неба паляцелі рознакаляровыя шары. Па яўрэйскай традыцыі да пастамента ляглі кветкі і камяні.

У той дзень Краснае зноў адчула сябе яўрэйскім мястэчкам. На плошчы перад сельскім Саветам быў адкрыты інфармацыйны стэнд пра гісторыю населенага пункта. Усе жадаючыя маглі наведаць імправізаваны кірмаш ля школы, а ў будынку навучальнай установы працавала выстаўка, прадстаўленая Пасольствам Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь. Яна расказвала аб савеце дапамогі яўрэям «Жэгота» — арганізацыі, якая з 1942-га па 1945 год падпольна дапамагала яўрэям у Польшчы.

Фота: Алег БЯГАНСКІ.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/ru/vojna-sudby-lyudskie/item/2762-u-krasnae-pryekha-zhykhar-izrailya-yaki-vyzhy-paslya-znishchennya-geta-chas-vajny.html#sigProIdd262f28dfe
Прочитано 123 раз Последнее изменение 16.05.2018 16:30
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить