14.11 11:57

Скарбы Віленшчыны

Источник

Медніцкі замак, узгорак Юазапінэ (самую высокую кропку Літвы), а таксама стары Вільнюс наведала нядаўна экспедыцыя ў складзе краязнаўца Валерыя Бурэня, настаўніцы Галіны Дрокінай і аўтара гэтых радкоў. Мы яшчэ раз упэўніліся, наколькі пераплецена гісторыя Беларусі і прыбалтыйскай дзяржавы, пераканаліся, што нават падзелены дзяржаўнай граніцай Віленскі край уяўляе сабой адзіную прастору, аднолькава дарагую як для беларусаў, так і для літоўцаў.

Скарбы Віленшчыны "Маладзечанская газета"

Падобны на Крэўскі

Нарэшце апошні святлафор на медніцкім пагранічным пераходзе паказвае нашаму аўтамабілю зялёнае святло, і мы выязджаем на знаёмую многім трасу на Вільнюс. Некалькі кіламетраў наперад, потым па ўказальніку налева, яшчэ пару хвілін язды — і вось перад намі самы вялікі ў былым ВКЛ замак тыпу «кастэль». Першае ўражанне: або мы апынуліся ў Лідзе, або перанесліся ў Крэва. Замкі ў гэтых населеных пунктах вельмі падобныя на Медніцкі. Такія ж вежы па вуглах, такі ж каменны і цагляны мур. Ды і ландшафт аднолькавы. Усе вышэйзгаданыя абарончыя будынкі ўзводзіліся ў нізіне на забалочанай мясцовасці па адзіных стандартах.

Вітаемся з касірам. Жанчына рада бачыць беларусаў. Па яе словах, жыхары нашай краіны часта бываюць у замку, асабліва падабаецца тут дзецям. І сапраўды, на абмежаванай сценамі пляцоўцы выстаўлена амаль усё тое, што прымянялася пры аблозе, штурме і абароне ўмацаванняў. Многае, напрыклад, трабушэт у натуральную велічыню (з яго дапамогай сярэдневяковыя воіны стралялі камянямі), асабіста я ўбачыў упершыню.

Цяпер тут музей. Многія экспанаты расказваюць пра агульную гісторыю Беларусі і Літвы. У адной з залаў можна ўбачыць карціны з выявай Лідскага і Крэўскага замкаў. Яны разам з Медніцкім і іншымі прызначаліся для абароны нашых зямель ад крыжакоў.

Робім у кнізе для гасцей запіс. Дарэчы, першы на беларускай мове. Выходзім ва ўнутраны двор. У гэты момант чуем… як ляцяць стрэлы. Міжволі захацелася схавацца ў вежы або падняць шчыт. Аказалася, такі гук ішоў ад квадракоптара. Мы з палёгкай уздыхнулі і ўявілі, колькі ж мужнасці і смеласці трэба было мець абаронцам, каб пад градам стрэл, камянёў і ядраў не толькі трымаць пазіцыю, але яшчэ і страляць па ворагу, а таксама контратакаваць...

Даведка. Медніцкі замак быў пабудаваны ў XIV стагоддзі. Пасля таго як паўночна-заходняя граніца ВКЛ стабілізавалася, патрэба ў ім адпала. Вежы і сцены паступова разбураліся. У 2012-м комплекс адрэстаўрыравалі.

«Дах» Літвы

Вечарэе. Пад гукі царкоўных спеваў, што даносяцца з касцёла ля замка, садзімся ў аўтамабіль. Наша наступная мэта —геамарфалагічны запаведнік Юазапінэ – найвышэйшая кропка суседняй дзяржавы, 292,7 метра над узроўнем мора. Да аднайменнага ўзгорка вядзе даволі добрая грунтавая дарога, а само месца пазначана каменем, ля якога ўстаноўлена драўляная выява воіна.
Па ўсім відаць, літоўцы шануюць і аберагаюць прыроду ў запаведніку. Усюды чысціня, маладыя дрэўцы абгароджаны сеткай. Для аўтамабіляў абсталявана паркоўка. Побач зме-
шчана інфармацыйная шыльда, непадалёк знаходзяцца дзеючы ветраны млын і хутар. З узгорка можна ўбачыць Віленскую тэлевежу.

З-за таго, што мясцовасць прыпаднятая, сам па сабе ўзгорак не здаецца занадта велічным. Аднак нам прыемна, што «дах» Літвы знаходзіцца ў межах Ашмянскага ўзвышша Беларускай грады (літоўцы называюць узвышша Медніцкім). Нават прырода звязвае Віленшчыну ў адно цэлае…
Частку шляху да Вільнюса праехалі па старой дарозе. У якасці бонуса атрымалі цудоўныя краявіды.

Да Багушэвіча і Серакоўскага

Абавязковым пунктам у праграме экспедыцыі было наведванне віленскай гары Гедыміна, дзе нядаўна ў час раскопак было знойдзена пахаванне ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў. Верагодна, што сярод іншых ёсць там і астанкі героя вызваленчага руху, паплечніка Кастуся Каліноўскага Зыгмунда Серакоўскага.

У сувязі з работамі па ўмацаванні грунту галоўны ўваход на гару Гедыміна быў зачынены, фунікулёр не дзейнічаў. Давялося па перыметры абыходзіць агароджу, каб знайсці запасную сцяжынку. А вось і яна! Дарога занадта крутая, таму падымаемся павольна. Амаль ля самай вяршыні бачым пакрытую плёнкай пляцоўку, дзе і знайшлі астанкі. Сэрца, што называецца, «ёкнула». Хочацца спадзявацца, што месца, дзе паўстанцаў перапахаваюць, стане знакавым для нашых землякоў.

Наступны пункт падарожжа – вуліца Арклю, на адным з дамоў якой устаноўлена мемарыяльная шыльда ў гонар Францішка Багушэвіча. Прымацоўваем да яе жывыя кветкі. Прахожыя гля-
дзяць на нас з павагай. Прывітанне ад беларусаў, пане Францішак! Да пабачэння, Вільня!

Фота: Алег БЯГАНСКІ.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/ru/uvlecheniya/item/1856-skarby-vilenshchyny.html#sigProId2cbf4bd9ab
Прочитано 808 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить