03.03 15:05

Праграма дэмаграфічнай бяспекі ў дзеянні

Источник

У нашай краіне дзейнічае праграма «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь», разлічаная на 2016-2020 гады. Рэалізуецца яна і раённым тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Пра асноўныя аспекты праграмы мы пагаварылі з псіхолагам аддзялення сацадаптацыі і рэабілітацыі Анжэлай КЛІНЦЭВІЧ.

Праграма дэмаграфічнай бяспекі ў дзеянні "Маладзечанская газета"

— На якія катэгорыі грамадзян найперш накіравана работа вашай установы?
— Гэта прадстаўнікі розных сфер дзейнасці, рознага ўзросту і сацыяльнага статуса – ад школьнікаў да пенсіянераў. У рамках праграмы мы актыўна займаемся асветніцкай дзейнасцю, накіраванай на барацьбу са шкоднымі звычкамі — п’янствам, курэннем, наркаманіяй, што правакуюць шматлікія захворванні, у тым ліку павышаюць рызыку ВІЧ-інфекцыі. Фарміраванне адказнага бацькоўства, прадухіленне сямейна-бытавога насілля, умацаванне ўзаемаразумення паміж дзецьмі і бацькамі – таксама найважнейшыя задачы нашых спецыялістаў.

— Верагодна, у іх рэалізацыі дапамагаюць прадстаўнікі іншых службаў?
– Мы плённа супрацоўнічаем з медыкамі, педагогамі, супрацоўнікамі праваахоўных органаў і, безумоўна, спецыялістамі структурных падраздзяленняў райвыканкама. Напрыклад, з раённым аддзелам унутраных спраў праводзім сумесныя рэйды ў рамках акцыі «Дом без насілля». Рэгулярна ладзяцца адукацыйныя семінары для сацыяльных работнікаў, каб у час наведвання сваіх падапечных яны маглі выявіць нядобранадзейнасць і ведалі, што рабіць у канкрэтным выпадку. Іншым разам насілле можа хавацца за ўяўным ладам. Летась у наш цэнтр на тэлефон даверу (дарэчы, яго нумар 74-66-20) звярнулася звыш 30 жанчын, яшчэ сем прышлі на індывідуальны прыём. Пераважна гэта жонкі і маці, якія пацярпелі ад мужоў або сужыцеляў ці сваіх дарослых дзяцей. Заўважу, што насілле бывае псіхалагічным, фізічным і эканамічным. Звярну ўвагу на апошняе. На жаль, усё часцей дарослыя дзеці квапяцца на зарплату або пенсію сваіх бацькоў і такім чынам пакідаюць іх без грошай.

— Вы ўжо гаварылі аб тым, што ў рамках названай праграмы спецыялісты цэнтра актыўна працуюць з падрастаючым пакаленнем…
— Найперш наша ўвага скіравана на навучэнцаў каледжаў. 14-17 гадоў – гэта той узрост, калі юнакі і дзяўчаты адрываюцца ад бацькоўскага дома альбо проста выходзяць з-пад пільнага кантролю дарослых. Падлеткі ўспрымаюць свабоду па-свойму і з юнацкім максімалізмам спрабуюць узяць ад жыцця ўсё, нават нягледзячы на тое, што іх дзеянні могуць быць супрацьзаконнымі. У Беларусі, у тым ліку на Маладзечаншчыне, на жаль, ёсць факты падлеткавай злачыннасці. Спецыялісты нашага цэнтра плённа супрацоўнічаюць з установамі адукацыі раёна і праводзяць тэматычныя семінары, гутаркі для навучэнцаў і педагогаў. Адметна, што кіраўніцтва некаторых з іх – напрыклад, Беразінскага аграрна-тэхнічнага прафесіянальнага ліцэя, маладзечанскіх Дзяржаўнага і політэхнічнага каледжаў – самі ініцыююць сустрэчы з псіхолагамі цэнтра. Даводзіцца працаваць не толькі з асобнымі навучэнцамі, але і з той ці іншай праблемнай групай. Зрэдку юнакі і дзяўчаты жадаюць прыйсці ў цэнтр на індывідуальны прыём, каб разабрацца ў сабе. А вось на тэлефон даверу яны звяртаюцца часцей. Бывае, сыноў і дачок на прыём прыводзяць бацькі.

— На Маладзечаншчыне працуюць школы для маладых сем’яў і будучых бацькоў, у якіх заняткі праводзяць і спецыялісты вашага цэнтра. Ці сталі маладыя людзі цяпер больш грунтоўна ставіцца да стварэння сям’і?
— Так, і гэта вельмі радуе. Заўсёды мнагалюдна на сустрэчах у «Школе маладой сям’і», арганізаванай сумесна з аддзелам ЗАГС райвыканкама. Будучым маладажонам тут расказваюць не толькі пра асаблівасці рэгістрацыі шлюбаў, але і пра ўзаемаадносіны паміж мужчынам і жанчынай, аб тым, як важна падтрымліваць здаровы лад жыцця і ўрэшце зведаць шчасце бацькоўства. Найчасцей удзельнікі сустрэч цікавяцца, як перажыць крызісы, якія бываюць у кожнай сям’і, ці наогул нейкім чынам абысці іх. Баяцца гэтых перыядаў не трэба, важна ўмець перажыць іх. Увогуле, калі сямейная пара або будучыя муж і жонка прыходзяць на кансультацыю да спецыяліста па пытаннях узаемаадносін, гэта гаворыць аб іх псіхалагічнай сталасці. Усё больш наведвальнікаў у «Школе татаў і мам». Заняткі для сем’яў, у якіх чакаецца папаўненне, мы праводзім сумесна са спецыялістамі цэнтральнай раённай бальніцы. Працуюць таксама «Школы пазітыўнага мацярынства» пры Чысцінскай і Беразінскай участковых бальніцах. На сустрэчах з будучымі бацькамі закранаюцца медыцынскія аспекты, гавораць пра псіхалагічныя асаблівасці цяжарнай жанчыны, яе ўзаемасувязь з малышом у перынатальны перыяд, пра тое, чым можа муж дапамагчы жонцы. Многія цікавяцца, як можна развіваць дзіця яшчэ да нараджэння. Нярэдка на занятках даводзіцца развенчваць гендарны стэрэатып: маўляў, цяжарнасць і выхаванне дзіцяці – выключна жаночая справа. У сям’і, дзе глыбокія даверныя адносіны, партнёры заўсёды гавораць: мы цяжарныя, мы чакаем малыша.

— Па статыстыцы аддзела ЗАГС райвыканкама, сучасныя маладыя людзі не спяшаюцца ствараць сем’і і абзаводзіцца дзецьмі...
— Сапраўды. Апошнім часам нявесты і жаніхі ўсё часцей старэйшыя за 25 гадоў, а дзеці ў сем’ях з’яўляюцца бліжэй да 30. Дарэчы, летась сацыёлагі праводзілі ў нашай краіне даследаванне, і вынікі яго несуцяшальныя: 50 працэнтаў сем’яў распадаюцца ў першы сумесны год жыцця, дзве трэці – на працягу першых пяці гадоў, 18 працэнтаў сем’яў не хочуць дзяцей без відавочных на гэта прычын, 10 працэнтаў не могуць іх мець па стане здароўя. Таксама спецыялісты высвятлялі прычыны разводаў: самыя распаўсюджаныя – грубасць, п’янства, здрада мужа або жонкі. А самыя нетрывалыя саюзы — калі жаніху і нявесце да 21 года. Згодна са статыстыкай павялічваецца колькасць так званых свабодных шлюбаў, няпоўных сем’яў і кінутых дзяцей.

— Якое выйсце з гэтага?
— Дзяржаўная праграма «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» накіравана на вырашэнне такіх праблем. Найперш трэба павысіць інстытут сям’і. І пачынаць трэба з самага пачатку – выхавання здаровых дзяцей. Бацькі, якім цяжка знайсці час на сваіх жа сыноў і дачок, павінны размяжоўваць кар’еру, асабістыя інтарэсы і дамашнія клопаты. Выбар за кожным чалавекам.

Прочитано 343 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить