15.08.2018 16:23

Наша Сядзіба. Ларыса Пятрэнка, Маладзечна

Источник

Калі па вуліцы Віленскай пад’язджаеш да Старога Места, немагчыма не заўважыць справа стары дом, сцены якога размаляваныя вялікімі блакітнымі кветкамі. У глыбіні двара летам і зімой нібы вітае прахожых казачны персанаж, якога ў прыцемках многія прымаюць за чалавека.

В качестве иллюстрации. В качестве иллюстрации. "Маладзечанская газета"


Даўно хацела даведацца, хто гаспадарыць у гэтым незвычайным доме. Аказалася, наша даўняя знаёмая – Ларыса Пятрэнка, былы педагог, чэмпіёнка Беларусі па марафоне сярод ветэранаў, удзельніца раённага конкурсу «Супербабуля-2017». Нядаўна Ларыса Фёдараўна запрасіла ў госці на сваю сядзібу і падзялілася планамі па яе пераўтварэнні ў казачны астравок.

Гліняныя сцены – ратаванне ў спёку

— Гэты дом у 1917 годзе пабудавалі дзед і бабуля па мацярынскай лініі майго мужа Марата Лявонцьевіча, — расказвае гаспадыня, наліваючы мне гарбату з мятай. – Бабулю Насту я застала яшчэ. Памятаю, прывёў мяне Марат дамоў знаёміцца, яна паглядзела на мяне, зусім худую, ды і кажа: «Надта ж яна мізэрная!». Схіляю галаву перад іх працавітасцю: з гліны яны ўзвялі часовы домік, хляўчук, у якім трымалі каня, карову, свіней. А затым пабудавалі і гэты дом з двума пакоямі і кухняй. У іх быў участак ажно ў чатыры гектары, цягнуўся да чыгункі, цяпер засталося 15 сотак. У спёку няма лепшага месца, чым глінабітны дом: вышэй за 23 градусы тэмпература ў ім не паднімаецца. Бачыце, якая тут столь высокая – тры метры дзесяць сантыметраў. Тут лёгка дыхаецца, добра спіцца. А да машын за вокнамі я прывыкла, для мяне яны як шум ветру ці мора…

Мая субяседніца расказвае, што тут пачыналася іх з мужам сямейнае жыццё. Спачатку месціліся ў адным з пакояў дома. Каб быць больш незалежнымі, перабраліся ў часовую пабудову з рускай печчу. Атрымалі кватэру, калі сыну было шэсць гадоў. Але дом не пуставаў. Тут жыла з сям’ёй сярэдняя дачка Пятрэнкаў Ала, затым эстафету ўзяў яе сын Аляксандр. Цяпер гэта сямейная дача ў межах горада, дзе Ларыса Фёдараўна і яе сваякі вырошчваюць кветкі і сланечнікі, адпачываюць, займаюцца любімымі справамі.

На сцяне – сакура і птушкі шчасця

Мэбля ў доме з савецкіх часоў. На стале і тумбачках – абрусы, сурвэткі, вышытыя, звязаныя свякроўю Ларысы Фёдараўны. На трумо выкладзена змейка з круглых камянёў, якія Ларыса Фёдараўна адбірае ў час бегу. А бегае яна кожны дзень вось ужо 36 гадоў. У дзень нашай размовы, напрыклад, зранку «накруціла» дзевяць кіламетраў.

У зале на сцяне намалявана сакура, на галінах якой сядзяць птушкі шчасця.
— Збіраліся адзначаць 25-годдзе ўнука, я распачала рамонт, ды адну сцяну не паспела паклеіць. Папрасіла тэрмінова дапамагчы мастачку, маю вучаніцу Антаніну Нявера. Яна хутка намалявала дрэва і птушак шчасця, — праводзіць гаспадыня экскурсію па міні-выстаўцы работ таленавітай мастачкі.
На сценах, паліцах — карціны, габелены, шаржы, лялькі. Антаніна прыходзіць сюды з мальбертам, малюе, назірае за прыродай, падтрымлівае ідэі гаспадыні па аздабленні ся-
дзібы. Кветкі на сценах і вялікая лялька ў двары – плён яе фантазіі.

У гасцях у казкі

Над абедзенным сталом у кухні вісіць план казачных станцый, якія Ларыса Фёдараўна марыць стварыць на сваіх 15 сотках. На паперы яго ўвасобіла ўнучка Оля, а наяве яшчэ шмат чаго трэба зрабіць. Церамок пад 75-гадовай яблыняй ужо ёсць. На гаражных варотах Антаніна намалявала сюжэт з казкі «Гусі-лебедзі». У сад запрашае вялікая Чырвоная Шапачка (праўда, некаторыя памылкова прымаюць яе за Бабу-Ягу).

— Хачу печку з Ямелем паставіць, іншых казачных персанажаў пад дрэвамі і кустамі пасяліць. І запрашаць знаёмых і незнаёмых дзяцей, чытаць ім казкі. А то аднойчы хлопчык з мамай зайшоў, спытала ў яго, ці ведае «Гусі-лебедзі», а ён паціскае плячыма. Шкада, што бацькі не чытаюць дзецям казкі! Лічу, што гэта вышэйшае дасягненне чалавецтва. А мая любімая — «Папялушка». Мне здаецца, я і сама на яе падобная – усяго дасягала сваёй працай, — прызнаецца субяседніца.

Па траве – толькі басанож

Па прафесіі Ларыса Фёдараўна настаўніца матэматыкі. У маладыя гады закончыла яшчэ і філасофскі факультэт. У 50 гадоў прабегла першы марафон. А ў 2010-м, у 71 год, атрымала дыплом універсітэта фізкультуры, працавала кіраўніком фізвыхавання ў дзіцячых садах №11, 17. У яе на занятках дзеці займаліся толькі басанож. І сама яна ў доме і на падворку ходзіць без абутку.
— На ступні знаходзіцца мноства рэфлекторных кропак, якія адказваюць абсалютна за ўсе ўнутраныя органы і сістэмы. Вось чаму вельмі важна іх масіраваць, — прапагандуе хаджэнне басанож Ларыса Фёдараўна.

Ганарыцца яна сваім газонам: купіла механічную газонакасілку, выдатна з ёю ўпраўляецца. Заклікае бацькоў загартоўваць дзяцей змалку, не апранаць занадта цёпла, не пераграваць. Сама ходзіць зімой у лёгкай куртцы і не мерзне.

Яшчэ адзін цікавы штрых: у мінулым годзе, у свае 78 гадоў, Ларыса Фёдараўна пайшла вучыцца ваджэнню аўтамабіля, аб чым марыла з маладосці. Паспяхова прайшла медкамісію (зрок у яе – 1,0, крывяны ціск – 120/80), з другога разу здала тэорыю, з пятага – ваджэнне. Дабілася свайго! З усмешкай гаворыць, што і сёння яна самая «маладая» вучаніца аўташколы.

Увогуле, гаспадыня незвычайнай сядзібы – вялікі філосаф.

— Чалавек малады да таго часу, пакуль ён вучыцца, робіць памылкі, па-дзіцячаму радуецца жыццю, — лічыць Ларыса Пятрэнка. – І не трэба старацца перарабіць свет, проста трэба ўмець быць шчаслівым тут і цяпер. Я вельмі шчаслівая і багатая: у мяне ёсць любімая сям’я, трое дзяцей, чацвёра ўнукаў і праўнучка, я здаровая, адчуваю радасць ад працы, бегу, стасункаў з людзьмі. І, безумоўна, ад гэтай сядзібы — астраўка спакою. Рада кожнаму госцю, асабліва дзеткам. Так і напішыце ў газеце: няхай мамы з дзецьмі заходзяць, каб адпачыць ад гарадской мітусні. Я запрашаю іх у казку…

Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/ru/sotsium/item/3165-nasha-syadziba-larysa-pyatrenka-maladzechna.html#sigProIdce99e954f5
Прочитано 660 раз Последнее изменение 15.08.2018 16:23
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить