30.05.2018 10:30

Вандроўнік з Аўстраліі расказаў маладзечанцам пра сябе і пра дальнія краіны

Источник

Дваццацігадовы вандроўнік з Аўстраліі Джэйм Спэроу наведаў Маладзечна. У цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча ён сустрэўся са старшакласнікамі гімназіі №6, расказаў ім пра сябе і сваю краіну, якую раздзяляюць з Беларуссю 15 тысяч  кіламетраў.

Вандроўнік з Аўстраліі расказаў маладзечанцам пра сябе і пра дальнія краіны "Маладзечанская газета"

Цікава, што прозвішча Спэроу ў перакладзе з англійскай мовы азначае «верабей». І яно адпавядае «крылатаму» захапленню Джэйма, які, нягледзячы на малады ўзрост, пабываў ужо ў 50 краінах свету. Сярод іх Кітай, Лаос, Камбоджа, Іран (ён, дарэчы, уразіў падарожніка найбольш). Даводзілася бываць і ў краінах былога Савецкага Саюза: Грузіі, Украіне.

У Беларусь Джэйм прыехаў па запрашэнні Анастасіі Лашук, валанцёра бібліятэкі, выкладчыцы англійскай мовы. Яны пазнаёміліся некалькі гадоў таму ў Інданезіі, па якой Анастасія падарожнічала, калі цэлы год працавала ў В’етнаме, вучыла дзяцей англійскай мове. Яшчэ пры знаёмстве Джэйм сказаў, што мае намер пабываць у Беларусі, у Мінску.  У яго наогул ёсць мара наведаць усе сталіцы свету, тым больш што аўстралійскі пашпарт дае магчымасць перасякаць мяжу многіх краін без візы. Грошы для падарожжаў Джэйм зарабляе, працуючы на будоўлі, у іншых месцах. Акрамя таго, ён вельмі добра гуляе ў крыкет (самую папулярную гульню ў Аўстраліі), і гэта таксама прыносіць яму даход. Бацькі не абмяжоўваюць свабоду Джэйма, даюць магчымасць займацца тым, што яму падабаецца. А ў будучыні, магчыма, ён стане журналістам, як і бацька.

Дзякуючы Анастасіі Лашук Джэйм шмат паспеў паглядзець за тры дні ў нашай краіне. Прагуляўся па Мінску, на самай маладзёжнай вуліцы Кастрычніцкай любаваўся шматлікімі графіці на сценах дамоў. Убачыў нашу сталіцу і з вышыні птушынага палёту, узняўшыся на аглядную пляцоўку Нацыянальнай бібліятэкі. Пазнаёміўся ён з Маладзечнам, пабываў у Мірскім замку, на Нарачы, на «Лініі Сталіна». Адзначыў, што на вуліцах нашых гарадоў вельмі чыста і акуратна, а яшчэ яго здзівіла, што сярод беларускіх дзяўчат шмат высокіх.



Была ў Джэйма магчымасць пакаштаваць беларускія стравы. Найбольш яму спадабаліся дранікі, якія еў упершыню. Нават папрасіў рэцэпт, каб прыгатаваць іх на радзіме. Беларускае слова «бульба» прапісалася ў яго лексіконе. А вось боршч не прыйшоўся па гусце, як і глазураваныя тварожныя сыркі, якія падабаюцца многім нашым гасцям.  

На сустрэчы з маладзечанскімі гімназістамі ў зале літаратуры на замежных мовах бібліятэкі Джэйм расказваў аб Аўстраліі, паказваў відэаролікі. На іх задзірыстыя кенгуру, якія б’юцца не горш за баксёраў, іншыя жывёлы, характэрныя для зялёнага кантынента. Калі зайшла размова пра спорт і, у прыватнасці, пра крыкет, вандроўнік прадэманстраваў мяч для яго, які прывёз з сабой. Засяродзіў увагу і на аўстралійскім слэнгу. Дарэчы, у лексіконе аўстралійца ёсць рускія словы, як традыцыйныя «спасибо», «привет», «очень вкусно», так і «бабушка», «гопник» (з двума апошнімі асацыіруюцца розныя прыколы, распаўсюджаныя ў Аўстраліі). Са школьнай праграмы Джэйм ведае рускіх пісьменнікаў Талстога і Дастаеўскага. Называе таксама прозвішча беларускай тэнісісткі Вікторыі Азаранка.    

З Беларусі шлях падарожніка пралёг у Варшаву, затым – у Прагу. А лета ён плануе правесці ў Афрыцы. Адным словам, няўрымслівы  «верабей» працягвае свой пералёт па краінах і кантынентах.

Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/ru/sotsium/item/2832-vandro-nik-z-a-stralii-raskaza-maladzechantsam-pra-syabe-i-pra-dalniya-krainy.html#sigProIdf8836ef743
Прочитано 1769 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить