15.05.2018 16:09

Ці супакоіцца сямейны дэбашыр?

Источник

У Маладзечанскім РАУС працуюць з парушальнікамі сямейнага спакою.

Ці супакоіцца сямейны дэбашыр? "Маладзечанская газета"

У Маладзечанскім раёне за чатыры месяцы за ўчыненне правапарушэнняў у адносінах да членаў сям’і да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 569 чалавек. Што стаіць за гэтай лічбай? Якія абставіны штурхаюць людзей да рашэння набраць па тэлефоне нумар 102? Хто забывае, што дом — гэта месца для адпачынку і спакою? Журналісты «Маладзечанскай газеты» ў рамках рэспубліканскай акцыі «Дом без насілля» пабывалі ў Маладзечанскім РАУС, дзе раніца пачынаецца не толькі са змены нарадаў, але і з прафілактычнай гутаркі з грамадзянамі, якіх даставілі ў міліцыю па прычынах правапарушэнняў на сямейна-бытавой глебе.

Пасля таго як інфармацыя аб дамашнім скандале паступае на пульт дзяжурнага, праваахоўнікі прыбываюць на месца, апытваюць сведак і пацярпелых, складаюць неабходныя дакументы і дастаўляюць дэбашыраў у аддзел на вуліцу Галіцкага, дзе тыя знаходзяцца да раніцы.

— Ні адзін дзень не абыходзіцца ў раёне без падобных здарэнняў. Кожныя суткі сюды прывозяць да 10 чалавек. Сёння ў нас шасцёра мужчын. З жанчынамі таксама даводзіцца гутарыць, але значна радзей, — інфармуе начальнік РАУС Валянцін Асіповіч.

Дзяжурная часць, невялікі пакой. Затрыманыя выходзяць з ізалятара часовага ўтрымання, які размешчаны побач, і па чарзе чакаюць выкліку. Начальніку міліцыі даюць папку з прафілактычнай справай і называюць прозвішча. Валянцін Пятровіч хутка вывучае дакументы, паралельна задае пытанні.

— Хто выклікаў міліцыю?
— Я сам.
— Што здарылася?
— Моцна пасварыліся з жонкай… Былой… Мы ў разводзе. Яна кінула талерку ў сцяну і...
— На жонку руку ўзнімаеце?
— Не.

Затрыманы адказвае, дзе працуе, ці ўжывае алкаголь, ці ёсць у сям’і непаўналетнія дзеці. Чалавек выглядае разгубленым, хочацца спадзявацца, што не толькі ад прысутнасці журналістаў...

— Прыезд міліцыі, прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці. Навошта вам гэта? Папярэджваю, што ў выпадку паўторнага прыцягнення да адказнасці па артыкуле 9.1 часткі 2 Адміністрацыйнага кодэкса ў дачыненні да вас будзе вынесена ахоўнае прадпісанне аб забароне пражываць там, дзе жыве жонка, на тэрмін ад трох да 30 сутак. Прычым не важна, каму належыць жыллё. Калі парушыце ахоўнае прадпісанне – зноў штраф ці нават арышт. Будзеце знаходзіцца ў нас у ізалятары, — папярэджвае начальнік РАУС. — Рэкамендую пагаварыць з жонкай як дарослыя людзі і вызначыць лінію паводзін. Спрэчкі ўзнікаюць ва ўсіх. Гэта не праблема. Але дарослым людзям трэба кантраляваць сябе і адэкватна ацэньваць сітуацыю.

Мужчына распісваецца ў пратаколе аб тым, што праведзена прафілактычная гутарка.

— Я бачу, што вы ў нас першы раз, — гаворыць на развітанне субяседніку Валянцін Асіповіч. — Зрабіце высновы з гэтага здарэння.

Мяркуючы па далейшым развіцці падзей, высноў многія грамадзяне не робяць. У пакой запрашаюць суб’екта: маленькі, худзенькі, у спартыўным касцюме і тапках.

— Разумееце, пасварыліся трошкі, розныя сітуацыі бываюць, — мужчына нібы ўгаворвае начальніка міліцыі.
— Чаму ў вас штрафы не пагашаныя?
— Не працаваў, але ўжо ўладкаваўся. Усё-ўсё аплачу.
— Калі грошай няма, навошта ўчыняеце правапарушэнне, ды яшчэ і ў стане алкагольнага ап’янення? — строга пытаецца Валянцін Асіповіч і зноў нагадвае пра ахоўнае прадпісанне, прафілактычны ўлік, неабходнасць скарэкціраваць адносіны з жонкай.

Трэба адзначыць, што з шасцярых затрыманых неаплачаныя штрафы  былі ў траіх. І тое, што яны сёння вымушаны выслухоўваць прафілактычныя навучанні, наўрад ці выпадковасць.

Дзве гісторыі былі ўскосна звязаныя з дзецьмі. Адзін з затрыманых растлумачыў, што хацеў забраць жонку з гасцей, а яна адмаўлялася. Па словах мужчыны, яму раніцай трэба было ўставаць на работу, ды і дзіця дома малое. Гісторыя скончылася тым, што жонка засталася ў гасцях, а мужа забрала міліцыя.

— Вы маладыя, дзеяздольныя людзі, павінны памятаць, што ў вас ёсць абавязкі, у тым ліку і па доглядзе дзіцяці. Не справіцеся самі — мы дапаможам, — папярэджвае начальнік РАУС.

Яшчэ адзін затрыманы расказаў, што прыйшоў да жонкі, каб убачыцца з сынам. Жанчына была супраць, і высвятленне адносін вырашыла спыніць, патэлефанаваўшы на нумар 102. Як аказалася, сямейная пара ўжо разводзіцца. Малады мужчына трымаецца даволі спакойна, да таго ж па даных пратакола ў момант затрымання быў цвярозы.

— Я не канфліктны чалавек. Ведаю, што наладжваць адносіны ўсё роўна давядзецца самому, — сумна гаворыць ён.

— Міліцыя не самы лепшы варыянт вырашэння спрэчак. Законны спосаб — аформіць развод, і няхай суд вызначыць для вас час сустрэч з дзіцем. Калі нас выклікаюць, значыць, нейкую мяжу вы перайшлі, — гаворыць начальнік міліцыі.

Сярод затрыманых быў і грамадзянін, якога выдатна ведаюць супрацоўнікі РАУС. Знаходзіцца на прафілактычным уліку, не працуе, закон парушае, штрафы не плаціць, ужывае спіртное, якім, па яго словах, частуюць сябры.

— Гэта не сябры, гэта сабутэльнікі, — строга папраўляе начальнік міліцыі і ў каторы раз нагадвае пра павагу да бацькоў, з якімі адбыўся канфлікт, пра захаванне парадку сумеснага пражывання і меры адміністрацыйнага ўздзеяння.

Матэрыялы на затрыманых з міліцыі будуць перададзены ў суд, дзе пасля вывучэння абставін здарэнняў прызначаць меру пакарання.

На прафілактычным уліку на 1 красавіка знаходзіліся 402 чалавекі, з іх 117 — за ўчыненне насілля ў адносінах да членаў сям’і. Са студзеня па красавік прыменена 51 ахоўнае прадпісанне. 17 разоў ахоўныя прадпісанні былі парушаныя.

Сямейны скандал можа развівацца па-рознаму, часам вельмі бурна.

— Міліцыя павінна рэагаваць на такія выклікі аператыўна, каб папярэдзіць больш цяжкія наступствы. Пагроза забойствам, прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў — гэта ўжо крымінальнае злачынства, — каменціруе Валянцін Асіповіч. – Кожны раз удакладняем, ці ёсць у доме дзеці. Калі справы аб канфліктах на сямейна-бытавой глебе перадаюцца ў суд, інфармуюцца таксама супрацоўнікі сферы адукацыі, каб школа і сацыяльныя службы звярнулі ўвагу на становішча дзяцей. Міліцыя мае права таксама звярнуцца з хадайніцтвам у пракуратуру аб пачатку адміністрацыйнага працэсу, калі па нейкай прычыне муж і жонка быццам бы прымірыліся, але сітуацыя ў сям’і засталася напружанай. Мы правяраем, як выконваюцца ахоўныя прадпісанні, у выпадку парушэння можам пачынаць адміністрацыйны працэс. Расказваем пацярпелым пра крызісны пакой. Тлумачым, куды могуць звярнуцца ахвяры сямейнага насілля ў выпадку небяспекі.

Канфлікты можна вырашыць па-рознаму

Чаму людзі ўцягваюць у высвятленне адносін старонніх, у прыватнасці, міліцыю? Каментарый псіхолага Маладзечанскага РТЦСАН Анжэлы КЛІНЦЭВІЧ:

— Псіхолагі вывучалі і вывучаюць паводзіны чалавека ў канфліктнай сітуацыі. Вядома, што людзі пачынаюць крычаць, калі яны не маюць больш сілы спрачацца і не дасягнулі жаданага выніку. У некаторых выпадках сітуацыю пагаршае алкаголь, бо чалавек становіцца больш смелым і ўпэўненым у сабе. Наогул, ёсць канструктыўны спосаб вырашэння канфліктаў: калі партнёры супрацоўнічаюць ці час ад часу ідуць на кампраміс – тады кожны бок нешта губляе. А ёсць дэструктыўны спосаб, накіраваны на разбурэнне адносін. Чалавек, як правіла, вырашае канфлікты так, як гэта адбывалася некалі ў яго дзяцінстве паміж яго ўласнымі бацькамі. Часам у ходзе сваркі ў прысутнасці «сведак» чалавек прыцягвае да сябе ўвагу або маніпулюе партнёрам («я цябе пакараю»). Здараецца, міліцыю выклікаюць, калі сітуацыя сапраўды бязвыхадная — і гэта кліч аб дапамозе. Бо калі чалавек – дамашні агрэсар па сваёй сутнасці, то ніякія ўступкі і кампрамісы членаў яго сям’і праблемы не вырашаць, і канфлікты, агрэсія будуць паўтарацца.

Калі вам патрэбна экстранная псіхалагічная дапамога, звяртайцеся па тэлефоне даверу —  74-66-20.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/ru/sotsium/item/2748-tsi-supakoitstsa-syamejny-debashyr.html#sigProId5f13d6c120
Прочитано 1046 раз Последнее изменение 15.05.2018 16:09
Лилия Липницкая

Редактор интернет-сайта

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить