12.02.2018 10:25

Молодечненцы получили приз российского шоу «Сам себе режиссер»

Источник

Відэаролік з удзелам жыхара Маладзечна Сяргея Танана і жураўля стаў пераможцам расійскай тэлеперадачы «Сам сабе рэжысёр». Выпуск з удзелам сям'і маладзечанцаў выйдзе ў эфір у красавіку, а здымкі адбыліся ў канцы мінулага года.

Ала Віктараўна і Маша Танана разам з тэлевядучым Аляксеем Лысянковым. Ала Віктараўна і Маша Танана разам з тэлевядучым Аляксеем Лысянковым. "Маладзечанская газета"


Сям’я Танана любіць адпачываць на прыродзе. Калі ў малодшай дачкі Машы, навучэнкі музычнага каледжа, з’явілася відэакамера, многія моманты жыцця аказаліся занатаванымі для асабістага архіва. А некаторыя і для шырокай грамадскасці. Адна з даўніх сямейных традыцый – сумесны прагляд любімай перадачы «Сам сабе рэжысёр» з абмеркаваннем забаўных сюжэтаў. Прыйшоў час і самім стаць яе ўдзельнікамі.

Я заўжды з сабой бяру відэакамеру!
Мінулым летам Сяргей Яўгеньевіч і Ала Віктараўна з дочкамі Машай і Надзяй адпачывалі ў знаёмых у жывапісным мястэчку ля Радашковіч. Сонечны дзянёк, зялёнае поле, прыгожая панарама і… журавель, які не баіцца людзей. Сяргей Яўгеньевіч працуе эколагам. Яму неаднойчы даводзілася дапамагаць хворым жывёлам і птушкам, але на гэты раз усё было інакш. Птушка стала галоўным героем вясёлага відэасюжэта. Своеасаблівы танец з жураўлём атрымаўся энергічным. Мужчына раздражняў птушку, а тая літаральна кідалася ў скокі.

Маша зняла сюжэт на камеру, аформіла па ўстаноўленым узоры заяўку і даслала па электроннай пошце на адрас рэдактарскага аддзела забаўляльнага шоу «Сам сабе рэжысёр». Адказ прыйшоў недзе месяцы праз два. Паведамлялася, што ролік спадабаўся творчай групе, і калі Маша з’яўляецца аўтарам і нясе ў поўнай меры адказнасць за яго, трэба ўзгадніць пытанне ўдзелу ў здымках. Сюжэт могуць прадстаўляць таксама сваякі, сябры, знаёмыя з любога горада. Ролік аўтаматычна трапляе ў конкурс «Дамашняе відэа» і ў далейшым можа пазмагацца за галоўны прыз. На здымкі трэба было прыехаць 17 ці 18 снежня.
Калі дзяўчына паведаміла радні аб такой удачы, яны не толькі абрадаваліся, але і ўсхваляваліся. На сямейным савеце вырашылі, хто адправіцца ў дарогу. І вось Маша і мама Ала Віктараўна накіраваліся ў Маскву.

ССР, ці Сам сабе рэжысёр
Ехалі аўтобусам, гэта аказалася больш танна, чым на цягніку. Спыніліся ў сваякоў і на наступны дзень адправіліся на Ленінградскі праспект, каб прыняць удзел у здымках. Да станцыі «Сокал» ехалі ў метро. Па вызначаным адрасе іх ветліва сустрэлі і суправадзілі да памяшкання, дзе размяшчаліся іншыя ўдзельнікі. Дарэчы, у адзін дзень здымаецца восем выпускаў, таму людзей было даволі шмат. З некаторымі ўдалося пазнаёміцца. З Беларусі больш прадстаўнікоў не было, праўда, у конкурсе «Слабо!» перамог магіляўчанін, але ён па нейкіх прычынах на здымкі не прыехаў.

На студыі правялі амаль цэлы дзень. Як аказалася, паслугі грымёраў ці стылістаў не прадугледжаны.
Свой імідж стваралі самі. Не ўсе ведаюць, што ёсць пэўныя патрабаванні для здымак на тэлебачанні. Камера не любіць тканін у дробны малюнак ці палоску, вельмі яркае ці стракатае адзенне, кіпельна-белы ці чорны колер таксама не вітаецца. І паколькі эфір адбудзецца толькі вясной, адзенне гераінь павінна было адпавядаць сезону — быць вясенне-летнім. Усё гэта было ўлічана.

Некалькі гадзін чакання — і вось ён момант, калі маладзечанцаў выклікалі на здымачную пляцоўку. Прагучалі словы вядучага: «Прыйшоў час прадставіць наступнага прэтэндэнта на перамогу ў сённяшняй перадачы. Сустракайце: Ала і Марыя Танана. Беларусь!». Пры выхадзе трэба было прытрымлівацца пэўных правіл, а ў час размовы старацца адчуваць сябе раскавана. З хваляваннем гераіням справіцца ўсё ж удалося. Вядучы Аляксей Лысянкоў увесь час імправізаваў і адразу выклікаў прыхільнасць. Ён прапанаваў адказаць на пытанні пра паходжанне адметнага прозвішча Танана і назвы горада Маладзечна, а таксама коратка расказаць пра тое, як здымалася відэа. З гэтым Маша лёгка справілася.

Субяседніца прызнаецца, што была крыху здзіўлена рэдактарскай версіяй свайго відэасюжэта, які паказалі на экране. Яго крыху скарацілі і агучылі так, быццам мужчына просіць у жураўля прыбаўлення ў сямействе. У сям’і трое дзяцей, таму просьба для іх падалася неактуальнай. Але творчая група, якой няма часу паглыбляцца ў радаслоўную герояў, убачыла менавіта такі ход падзей.

Кадр з відэа, якое маладзечанцы даслалі на конкурс.



Па ўмовах конкурсу пасля дэманстрацыі трох адабраных сюжэтаў праводзіцца галасаванне за вызначэнне лепшага. Гледачы (яны ж удзельнікі праграмы) аддалі перавагу менавіта маладзечанцам. За перамогу нашы землякі атрымалі традыцыйны прыз – планшэтны камп’ютар. І, вядома ж, з задавальненнем сфатаграфаваліся на памяць з вядомым тэлевядучым. Ад радасці хацелася танцаваць. Тэледыскатэка ў канцы здымачнага дня была вельмі дарэчы.

Фота: сямейны архіў СЯМ’І ТАНАНА.

Прочитано 949 раз Последнее изменение 12.02.2018 10:25
Людміла Цар

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить