04.12 12:54

Для людзей з асаблівасцямі развіцця: прэзентацыя кнігі, спецыяльны кінасеанс

Источник

3 снежня -- Міжнародны дзень інвалідаў.

Для людзей з асаблівасцямі развіцця: прэзентацыя кнігі, спецыяльны кінасеанс "Маладзечанская газета"

Больш за 30 сем’яў, у якіх выхоўваюцца асаблівыя дзеці, сталі ўдзельнікамі сумеснай дабрачыннай акцыі «Я хачу расказаць».

У рамках акцыі, праведзенай з дапамогай кіраўніка арт-прасторы «Наталь» Наталлі Капуцкай, адбылася прэзентацыя кнігі шведскай пісьменніцы Гунілы Бэргстрэм «Суперкніга пра Біла з Болаю (Біл разумны, а Бола вясёлая)». Яна адносіцца да класікі шведскай літаратуры, вывучаецца ў многіх навучальных установах гэтай краіны. Сюжэт твора блізкі і зразумелы кожнаму ўдзельніку гэтай сустрэчы. Ён пра сям’ю, у якой расце дзіця з асаблівасцямі развіцця. Гуніла Бэргстрэм расказвае аб радасных і пакутлівых момантах, звязаных з яго нараджэннем, сталеннем, выхаваннем.

Над перакладам кнігі на беларускую мову працавалі Андрэй Хадановіч, Надзея Кандрусевіч, Алеся Башарымава. Яны прыехалі на сустрэчу з маладзечанцамі: зачытвалі ўрыўкі з кнігі, адказвалі на пытанні слухачоў. З некаторымі яркімі момантамі з жыцця галоўных герояў кніг Біла і Болы мы пазнаёміліся дзякуючы артысткам тэатра «Лямцавая Батлейка» Вераніцы Фаміной і Бэле Кавальковай.

Гэта кніга вучыць любові і аптымізму. Яна дапамагае зразумець, што выйсце ёсць заўсёды, што многае залежыць ад нашых любові, разумення і спачування. Ні ў якім разе нельга апускаць рукі! На гэта звярнуў асаблівую ўвагу Андрэй Жылевіч з дабрачыннай арганізацыі «Карытас». Кожная сям’я, якая была на прэзентацыі, атрымала ў падарунак гэту выдатную кнігу, якая можа і павінна стаць нагодай для размовы аб асаблівых дзецях, аб тым, што чакае іх у дарослым жыцці. Прататып гераіні Гунілы Бэргстрэм Бола сёння ўжо дарослая жанчына. Яна па-ранейшаму не гаворыць. Але мае магчымасць жыць асобна ад бацькоў ва ўласным доме разам з асістэнтам. Яна не набыла нейкіх прафесійных навыкаў, але сама займаецца штодзённымі хатнімі справамі. Яна моцная, вясёлая і ўпартая. Хочацца, каб і нашы дзеці былі ў нечым падобныя на яе.



***
Супрацоўнікі раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прынялі ўдзел у семінары-трэнінгу на тэму «Этыка ўзаемаадносін з невідушчымі людзьмі». Дзякуючы сучасным тэхналогіям, стварэнню безбар’ернага асяроддзя інваліды па зроку цяпер часцей выходзяць на вуліцу, больш упэўнена адчуваюць сябе.

Каб пазбегнуць распаўсюджаных памылак і неэтычных момантаў, не пакрыўдзіць чалавека, а дапамагчы яму перайсці вуліцу, сесці ў грамадскі транспарт, зрабіць пакупку ці аплаціць паслугу неабходна адпрацаваць на практыцы правілы яго суправаджэння. На трэнінгу спецыялісты цэнтра інсцэніравалі розныя сітуацыі, дэталёва разбіралі алгарытм дзеянняў, абмяркоўвалі асаблівасці ўспрымання невідушчымі людзьмі наваколля, знаёміліся з тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі.

Прагляд мастацкіх кінафільмаў, як і паход у кінатэатр — тая частка сучаснага жыцця, з якой інваліды па зроку, на жаль, практычна выключаны. На самай справе, як паказаць кінастужку невідушчым? Выйсце з сітуацыі – адаптаванне фільмаў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Нядаўна ў кінатэатры «Радзіма» адбыўся дабрачынны паказ мастацкай кінастужкі «Дзікае паляванне караля Стаха». Фільм трансліраваўся ў фармаце тыфлакаменціравання (аўдыёдэскрыпцыі) з лака-
нічным апісаннем прадметаў, прасторы і дзеянняў, незразумелых для людзей, якія пакутуюць ад захворванняў вачэй.

Ініцыятарам стварэння фільмаў для невідушчых у нашай краіне з’яўляецца сацыяльна-культурная ўстанова «МоцАрт». Быў заключаны дагавор на адаптацыю дванаццаці мастацкіх стужак з залатога фонду «Беларусьфільма». На сёння завершана работа з пяццю з іх: «У жніўні 44-га», «Белыя росы», «Дзікае паляванне караля Стаха», дзіцячыя фільмы «Горад майстроў» і «Бураціна». Праект існуе на сродкі спонсараў і дапаўняе дзяржпраграму па стварэнні безбар’ернага асяроддзя.

Поўнасцю матэрыялы змешчаны ў "Маладзечанскай газеце" за суботу, 3 снежня.


Прочитано 508 раз
Соб. инф.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить