15.09 13:56

Профессия -- секретарь

Источник

Штогод у Расіі, а таксама іншых краінах свету 15 верасня адзначаецца Дзень сакратара. Гэта прафесія ўваходзіць у пяцёрку самых запатрабаваных на планеце. Сакратар Мінскага абласнога краязнаўчага музея Юлія Цварбут прафесійны дакументазнавец, адпаведную адукацыю яна набыла на гістарычным факультэце Белдзяржуніверсітэта. Яе пяцігадовая дачка Яна з гонарам гаворыць: «Мая мама займаецца дакументамі асаблівай важнасці…».

Профессия -- секретарь "Маладзечанская газета"

На чым едзе аўтамабіль?

Гэта той выпадак, калі прафесія выбрала чалавека. Пасля заканчэння школы Юлія вырашыла паступаць у сталічны эканамічны ўніверсітэт на юрыста-міжнародніка. Паспяхова здала экзамены, але ў апошні момант перадумала і пайшла вучыцца ў мясцовы прафтэхліцэй (былое ПТВ №87) на сакратара-машыністку і аператара ЭВМ. Займацца ўсё жыццё гэтай работай Юлія не збіралася. Тым часам уладкавалася па спецыяльнасці ў Маладзечанскі філіял РУП «Беларуснафта-Мінскаблнафтапрадукт». У гэтай арганізацыі і пачаўся яе працоўны шлях. Яна таксама загадвала архівам прадпрыемства.

— Нягледзячы на тое, што тут заўсёды была ў цэйтноце, я пераканалася ў правільным выбары прафесіі і нават вырашыла набыць адпаведную вышэйшую адукацыю, — гаворыць Юлія.

Да афармлення кожнага дакумента яна падыходзіла вельмі адказна. Каб набраць на камп’ютары тэкст не проста механічна, а з веданнем справы, унікла ў спецыфіку работы прадпрыемства – ад вытворчасці нафты да рэалізацыі нафтапрадуктаў спажыўцам.

— Інакш я не магу! Мне трэба дакапацца да ісціны, — заўважае субяседніца. – Дзякуючы рабоце ў гэтай галіне я стала разбірацца ва ўсіх відах і складзе нафтапрадуктаў. Нават магу параіць мужу, якое маторнае масла лепшае і якім палівам запраўляць наш аўтамабіль, улічваючы тэмпературу паветра.

Просты панядзелак

… Неўзабаве Юлія з лёгкасцю вытрымала конкурс у чатыры чалавекі на месца на спецыяльнасць «Дакументазнаўства і інфармацыйнае забеспячэнне кіравання» гістарычнага факультэта БДУ. Яна вырашыла вучыцца завочна, а потым і паспрабаваць сябе ў новай сферы. Так Юлія прыйшла ў Мінскі абласны краязнаўчы музей.

— Сказаць шчыра, крыху перажывала, што работа будзе сумнаватай і я ператваруся ў «музейны экспанат», — з усмешкай працягвае субяседніца. – Раней я бывала ў музеі ў якасці наведвальніцы. Мне падавалася, што тут своеасаблівая аўра – скажам так, мікс культуры і навукі.

Калектыў установы лічыць свайго сакратара сапраўднай знаходкай. Яна ўмее працаваць з любымі дакументамі – бухгалтарскімі, тэхнічнымі, юрыдычнымі… Таксама вядзе класічнае справаводства, у тым ліку як кадравік. Безумоўна, Юлія ўнікае ў спецыфіку дзейнасці музейшчыкаў. Калегі абсалютна давяраюць ёй набор гістарычных матэрыялаў, што вельмі важна ў іх рабоце.

— Як вядома, музейныя работнікі складаюць артыкулы, пішуць кнігі. Прыемна ўсведамляць, што я з’яўляюся першым чытачом іх прац, — зазначае Юлія.

Часам ёй даводзіцца гартаць і непасрэдна музейную дакументацыю мінулых часоў, якая тычыцца ўнутраных спраў калектыву.

— Нягледзячы на сур’ёзнасць загадаў савецкага перыяду, многія з іх цяпер выклікаюць усмешку. Яны больш нагадваюць артыкулы для патрыятычнага часопіса, а не арганізацыйна-распарадчы дакумент. У завяршэнні некаторых нават пазначаны лозунг: «Ні дня без экспанатаў! Ні мінуты страчанага часу!», — працягвае сакратар.
Гэтымі днямі яна дапамагае ў зборы матэрыялаў аб Вялікай Айчыннай вайне для новай экспазіцыі, прысвечанай гісторыі ХХ стагоддзя.

— Мы рыхтуем эскізы скульптурных манекенаў – збіральныя вобразы нямецкіх салдат Вермахта і СС. У кожнага з іх былі пэўныя знешні выгляд, абмундзіраванне, нам неабходна знайсці дакладную інфармацыю, каб натуральна аднавіць той час, – расказвае Юлія.

Трэба сказаць, што ў музеях прадугледжана афармленне дакументаў не толькі на камп’ютары. Даводзіцца весці і папяровую картатэку, асабліва калі гэта тычыцца экспанатаў.

— Мне вельмі падабаецца бываць у фондах з такой «місіяй». «Карыстаючыся службовым становішчам», я магу дакрануцца да гісторыі, сапраўдных скарбаў, слуцкага пояса, іншых рарытэтаў. Бывае, аж мурашкі бягуць, — гаворыць Юлія. – Вельмі шкада, што ў нас не хапае плошчаў паказаць наведвальнікам усе нашы каштоўнасці, і мы ладзім кароткатэрміновыя выстаўкі.

Як сакратар, яна першая прымае і тэлефонныя званкі, якіх бывае дзясяткі на дзень. Адны просяць дапамогі ў аднаўленні радаслоўнай, іншыя цікавяцца пра бліжэйшыя мерапрыемствы ў музеі. Таксама паступае шмат прапаноў па арганізацыі розных выставак. Апошнім часам праводзяцца перагаворы з Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Румыніі аб супрацоўніцтве музеяў.  

На думку Юліі, кожны адукаваны сакратар гэта яшчэ і псіхолаг, дыпламат. І не пагадзіцца з ёю немагчыма. Яна адчувае настрой супрацоўнікаў. А прыёмная музея з яе прыходам ператварылася ў сапраўдны аазіс і адначасова эпіцэнтр, у якім акумулююцца ўсе справы. Юлія зламала і стэрэатып аб тым, што панядзелак самы цяжкі дзень на тыдні. У музеі якраз наадварот — менавіта ў панядзелак у большасці супрацоўнікаў выхадны, бо ў іх зменны графік.

Паспрыяла прафесія і хобі Юліі. Любімы занятак у вольны час — вандроўкі па родным краі. Нават складана назваць тыя мясціны, дзе яна яшчэ не пабывала. Але наступныя маршруты ўсё ж ёсць. Гэта Палац графоў Пуслоўскіх (Косаўскі палац), які метафарычна называюць рыцарскай мрояй, і палацавы комплекс у Ружанах – наш беларускі Версаль.

Тэкст і фота: Ірына РАБУШКА.

Прочитано 842 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить