17.07 16:47

Расправіць стомленыя крылы...

Источник

Пяты год запар у дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Надзея», размешчаны на беразе Вілейскага вадасховішча, прыязджаюць дзеці з асаблівасцямі развіцця. Адпачынак стаў магчымым дзякуючы «Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» і спонсарам гэтага грамадскага аб’яднання.

Расправіць стомленыя крылы... "Маладзечанская газета"

Трапіць у «Надзею» — сапраўдная ўдача для дзяцей, якім па медыцынскіх дакументах аздараўленне проціпаказана, і для мам, якія штодня жывуць у асаблівых, экстрэмальных умовах. Тут сасновы бор, свежае паветра, утульныя карпусы, добразычлівы персанал. Цешыць вока дагледжаная тэрыторыя. Трэнажоры, гульнявыя і спартыўныя пляцоўкі, арэлі, веласіпеды, батут і вяровачны горад, утульныя лавачкі пад шатамі дрэў. Дні пачынаюцца з аздараўленчых працэдур, масажу і насычаны творчымі мерапрыемствамі, прагулкамі да вадасховішча, пікнікамі, новымі знаёмствамі і сяброўскімі размовамі. На сем дзён жанчыны вырываюцца са свайго замкнёнага кола, бяруць невялікую перадышку: не трэба ні пра што турбавацца, нікуды бегчы і мітусіцца, не трэба стаяць ля пліты...

— Для нас, маці асаблівых дзетак, свет звужаецца да памераў уласнай сям’і. Паступова мы становімся маркотнымі, маўклівымі, стан дзіцяці з’яўляецца галоўным у нашым жыцці. Многія жывуць так дзень за днём, пагружаныя ў свой сум і клопаты, — гаворыць Алена Багдановіч з Мінска.

Алена і яе 11-гадовы сын Аляксей тут упершыню. Лёша нарадзіўся здаровым, аднак у аднагадовым узросце ў яго пачаліся сутаргі і іншыя трывожныя сімптомы. У выніку хлопчык страціў набытыя ўжо навыкі, пачалася дэградацыя. Доўгае абследаванне, несуцяшальны дыягназ, падбор лекаў, вельмі павольнае аднаўленне. Ён ніколі не будзе такім, як большасць дзяцей, уздыхае мама.

— У маім жыцці быў вельмі цяжкі перыяд, я замкнулася ў сабе, — працягвае Алена. —  Але, напэўна, у мяне моцны характар. Адчула падтрымку старэйшага сына. Прыйшла ў асацыяцыю, дзе сустрэла такіх жа сябровак па няшчасці. Для мяне як быццам адкрыўся новы свет. Тут людзі, якія разумеюць мой боль, могуць дапамагчы парадай, падтрымаць. Мамы, якім яшчэ цяжэй, у якіх больш хворыя дзеці, натхняюць сваім прыкладам. Я знайшла магчымасці для самарэалізацыі, чаго мне так не хапала, адчула цягу да творчасці. Свае пачуцці і перажыванні выказваю ў вершах. Хачу заклікаць мам, у якіх хворыя дзеці, не замыкацца ў сабе. Нашы сыны і дочкі залежаць ад нас. Мы пакутуем, хварэем, плачам — перажываюць і яны. Калі мы зробім усё магчымае для сябе — будзе камфортна і дзіцяці. Трэба выцягваць саму сябе з гэтай сітуацыі. Трэба аб’ядноўвацца і знаходзіць сяброў. Хто ведае, можа, менавіта твая дапамога, твой вопыт стануць неацэннымі для іншага чалавека.

У кожнага дзіцяці свая гісторыя жыцця і барацьбы з хваробай. Сёлета ў «Надзею» прыехалі 29 дарослых і дзяцей з розных рэгіёнаў Беларусі. Па словах спецыяліста па рабоце з сем’ямі ГА «БелАДДІіМІ» Марыны Лысак, няпростая доля — даглядаць дзяцей з асаблівасцямі развіцця — выпадае пераважна жанчынам, мамам. Цяпер у цэнтры знаходзіцца адзін тата. Летась мужчын было трое. У 80 працэнтах выпадкаў, калі дзіця мае мноства парушэнняў здароўя, мужчыны пакідаюць сям’ю.

Не саромейцеся і паважайце сябе

Таццяна Токарава ўзначальвае пярвічную арганізацыю «БелАДДІіМІ» Заводскага раёна Мінска, з’яўляецца членам цэнтральнага савета асацыяцыі. Яна прыязджае ў «Надзею» ў другі раз і за свой кошт. Яе 21-гадовы сын Антон пазбаўлены слыху, ён калясачнік. Мама расказала, што Антон захапляецца фатаграфіяй і нават удзельнічае ў конкурсах. Ён адкрыты, добразычлівы і прыязны, гатовы заўсёды прыйсці на дапамогу. Хлопец ведае ўсіх жыхароў двара, а тыя — яго. Антон лёгка ідзе на кантакт, нягледзячы на тое, што глухі і не размаўляе.

Таццяна таксама звярнулася да мам дзяцей з інваліднасцю:
— Не трэба саромецца сваіх дзяцей, ні ў якім разе нельга сябе шкадаваць. Калі вы будзеце сябе паважаць, людзі навокал таксама будуць з павагай ставіцца да вас. Знайдзіце ў сабе сілы і распраўце крылы!

Таццяна Анатольеўна як прадстаўнік праўлення асацыяцыі запрасіла ўступаць у арганізацыю бацькоў з дзецьмі і моладзь. Такое аб’яднанне — гэта не толькі магчымасць знайсці сяброў і аднадумцаў, хутчэй вырашыць надзённыя пытанні, атрымаць псіхалагічную, юрыдычную, гуманітарную дапамогу, даведацца інфармацыю, якая можа быць недаступнай па розных прычынах, жыць актыўным і паўнацэнным жыццём, рэалізоўваць сябе ў творчасці, удзельнічаць у майстар-класах, навучальных семінарах, якія арганізуе асацыяцыя.
Пастаянным спонсарам летняй рэабілітацыі дзяцей з інваліднасцю выступае шведская царква «Аркен». Асацыяцыя выказвае таксама падзяку ААТ «Прыёрбанк», ТАА «Аўтаасістанс», грамадскай арганізацыі «Апякунскі Савет нямецкай дапамогі Чарнобылю» з Германіі.

— 82 рублі каштуе дзень рэабілітацыі мамы і дзіцяці. Яны маюць права трапіць у цэнтр бясплатна толькі раз. Мала хто можа аплаціць адпачынак самастойна або адшукаць такія сродкі асабіста. Хочацца, каб нашымі спонсарамі станавілася як мага больш беларускіх арганізацый і бізнес-структур. Гэта выдатная магчымасць для кожнага зрабіць свет лепшым! — дадала М. Лысак.

У Маладзечне функцыянуе пярвічная арганізацыя ГА «БелАДДІіМІ». Два апошнія гады яе ўзначальвае Аксана Лямешка. Яна расказала, што ў розныя часы ў радах арганізацыі налічвалася 150 чалавек, пасля колькасць зменшылася да 14. Цяпер у спісах 38 матуль і іх дзяцей — маладых інвалідаў.

— Будзем рады, калі да нас далучацца сем’і, у якіх растуць дзеці з асаблівасцямі развіцця, маладыя інваліды. Давайце разам будзем рабіць наша жыццё разнастайным і паўнацэнным! Будзем удзячныя прадпрыемствам, арганізацыям і жыхарам Маладзечна за любую дапамогу і падтрымку, — адзначыла старшыня «пярвічкі» -- Наш тэлефон 8-029-704-19-95.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/ru/sotsium/item/1457-raspravits-stomlenyya-kryly.html#sigProIdbc73cdd14c
Прочитано 1155 раз Последнее изменение 17.07 16:47
Лилия Липницкая

Редактор интернет-сайта

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить