19.05 14:07

Многія вырашылі, што дамой не паедуць...

Источник

Пастаяльцы аддзялення кругласутачнага знаходжання грамадзян раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва не збіраліся заставацца тут надоўга. Але цяпер многія з іх ужо вырашылі, што дамоў не паедуць…  

Многія вырашылі, што дамой не паедуць... "Маладзечанская газета"


Нітка да ніткі

Аддзяленне было адкрыта ў канцы студзеня ў былым будынку дзіцячага сада ў Сасновым Бары. Добраўпарадкаванне памяшканняў доўжылася два гады. На гэтыя мэты з раённага бюджэту выдаткавана больш за шэсць тысяч рублёў, удвая большую дапамогу аказалі мясцовыя будаўнічыя арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі. Таксама ў агульную «казну» былі пакладзены амаль паўтары тысячы рублёў, выручаныя ў час раённых суботнікаў. Можна сказаць, гэта аддзяленне ўзводзілі ўсёй Маладзечаншчынай. Загадвае ім Наталля Калягіна.

Тут добраўпарадкаваны сучасны харчовы блок, утульная гасціная, зручныя санітарныя вузлы, чатыры светлыя і прасторныя жылыя пакоі (па два для мужчын і жанчын), разлічаныя на 23 чалавек. Цяпер у аддзяленні жывуць чацвёра мужчын і дзевяць жанчын. Уважлівы і клапатлівы персанал шчыра называе іх «нашы хлопчыкі і дзяўчынкі».  

— Аналагічныя службы створаны практычна ва ўсіх рэгіёнах краіны. Яны з’яўляюцца сапраўдным выйсцем для многіх людзей, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, — зазначае Наталля Калягіна.  

Адчуванне сям’і

Большасць пастаяльцаў рэкамендавалі для размяшчэння ў аддзяленні работнікі цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якія ў час наведвання сваіх падапечных заўважылі, як цяжка ім у адзіноце.

— Нашы пастаяльцы пераважна пенсіянеры. У некаторых ёсць унукі, праўнукі, іншыя сваякі. Але згодна з беларускім заканадаўствам яны не абавязаны даглядаць радню. Калі можна так сказаць, тут уступае ў сілу іншы закон – чалавечы… Ды толькі не кожны кіруецца ім. Бываюць сітуацыі, калі па пэўных прычынах сваякі не ў сілах працягнуць руку дапамогі, — заўважае загадчыца. – У аддзяленні пастаяльцы могуць знаходзіцца ад трох месяцаў і ўсё жыццё. За гэта прадугледжана плата ў 85 працэнтаў ад іх даходаў – пенсіі. Кожная сітуацыя дасканала вывучаецца, каб ніхто не застаўся з бядой сам-насам. Адзіная ўмова – чалавек павінен мець элементарныя навыкі самаабслугоўвання. Іх свабодна могуць наведваць сваякі, суседзі.

З раніцы да вечара за жыхарамі наглядае сацыяльны работнік Ала Ліс. Таксама працуюць медыцынскія сёстры, адна з іх застаецца на начное дзяжурства. Для падапечных аддзялення прадугледжаны пэўны расклад з ранішняй гімнастыкай, прагулкамі на свежым паветры і чатырохразовым харчаваннем (меню, дарэчы, з улікам іх захворванняў). Строга прытрымлівацца раскладу ніхто не прымушае – размераны лад жыцця максімальна набліжаны да дамашняга.

З нашым прыходам пастаяльцы прыкметна ажывіліся. Яны лёгка ішлі на гутарку і нават пазіравалі перад фотакамерай. Хіба толькі не любяць успамінаць мінулае. Як самі заўважаюць, імкнуцца жыць тут і цяпер у дружнай сям’і, дзе кожны падтрымлівае адзін аднаго. Нягледзячы на перажытае, яны не зачарсцвелі душой і не сталі абыякавымі, ні на каго не крыўдуюць і не шукаюць вінаватых.

Кружаць успаміны ў вальсе

Самай старэйшай жыхарцы аддзялення Вандзе Іванаўне Пагуда 91 год. Большую частку жыцця яна пражыла ў вёсцы Ізабеліна, разам з мужам працавала ў мясцовым рыбгасе. Назаўсёды ў яе памяці засталі-
ся жудасныя ваенныя часы. Вочы жанчыны напаўняюцца слязьмі, калі ўспамінае аб тым, як у родную Лялькаўшчыну прыйшлі нямецкія карнікі і хацелі спаліць у хляву мясцовых жыхароў, у тым ліку яе, сястру, траіх братоў і бацькоў.

— Нам пашчасціла выратавацца. Праўда, братоў пагналі ў Германію. Праз мноства ваенных выпрабаванняў мы прайшлі, але мірнае жыццё не было літасцівым да мяне… Пахавала мужа, затым сына. Ён быў хімікам-разведчыкам, і яго накіравалі на ліквідацыю аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Пасля гэтага мой сыночак пражыў зусім мала — усяго 41 год… У 52 з-за інсульту памерла дачка. А ў 50 ад запалення лёгкіх пайшоў з жыцця і другі сын. Усіх дзетак сваіх страціла – усё сваё шчасце… У 11-гадовым узросце загінуў унук – яго збіла машына, — з дрыжаннем у голасе расказвае жанчына.

У Ванды Іванаўны ёсць дарослыя ўнук і ўнучка, праўнук і тры праўнучкі, пра якіх яна гаворыць з асаблівай пяшчотай.

— Мае блізкія не забываюць пра мяне. Прыязджаюць, ласункі прывозяць. У наступным месяцы павінен нарадзіцца яшчэ адзін праўнук, — хваліцца субяседніца.

А ўначы, калі не можа доўга заснуць, яна ўспамінае шчаслівыя імгненні сямейнага жыцця і як любіла ў маладосці танцаваць.

— Я б і цяпер польку патупала ды ў вальсе закружылася. Толькі сілы ўжо не тыя, — гаворыць Ванда Іванаўна.

Адметны дзень нараджэння

Самая маладая — Раіса Пятроўна Сідаровіч, якая перабралася ў аддзяленне з вёскі Соў-
лава. Ёй 52 гады. Сямейнае жыццё не склалася, дзяцей няма. Ёсць дзве сястры, з якімі падтрымлівае сувязь.
Раіса Пятроўна вельмі хацела расказаць пра сябе. Ці, больш дакладна, падзяліцца радасцю – менавіта тут, у аддзяленні, яна нядаўна адзначыла дзень нараджэння ў «сваёй сям’і». Жанчына знайшла блізкіх людзей сярод тых, каго яшчэ тры месяцы таму зусім не ведала.

Дарэчы, Раіса Пятроўна наша даўняя падпісчыца. Яна працягвае сябраваць з «МГ» і па новым адрасе. Жанчына не ўтойвае таго, што з цяжкасцю чытае па-беларуску. У дзяцінстве шмат і цяжка хварэла, працэс навучання быў складаным. Раіса Пятроўна — інвалід другой групы. Яна «чытае» і сочыць за жыццём роднага раёна па фотаздымках. Ёй падабаецца бачыць людзей, якіх ведае, і прыгожыя краявіды. Штосьці асабліва зацікавіць – просіць пачытаць знаёмых.

Вясна – час аднаўлення

Пастаяльцы аддзялення, якім дазваляе зрок, любяць чытаць і перыёдыку, і кнігі. Работнікі ўстановы сабралі бібліятэку з уласных запасаў. Іншым разам па просьбах падапечных яны чытаюць ім услых. А 79-гадовая Тамара Іванаўна Гальшун (раней жыла таксама ў Маладзечне) можа і сама паказаць сапраўдны майстар-клас па дэкламацыі. Яна ведае на памяць шмат вершаваных твораў. Жанчына вельмі рада, калі да яе прыходзяць унук і нявестка. Гэта для яе своеасаблівая сувязь з сынам, якога ўжо няма.   

…Сяргей Фёдаравіч Ляцецкі прыехаў сюды з Маросек. Якія прыгожыя ён пляце кошыкі! Мужчыну 67 гадоў. Ён і падумаць не мог, што ў такім узросце застанецца, як кажуць, на вуліцы. Калі ажаніўся другі раз, у сям’і былі толькі дзеці жонкі. Потым яна памерла, і ён стаў ім не патрэбны. Сяргея Фёдараві-
ча наогул ніхто не наведвае. Пра сваё жыццё-быццё ён можа пагаварыць хіба толькі з псіхолагам тэрытарыяльнага цэнтра альбо святарамі, якія нярэдка прыязджаюць у аддзяленне.

Цяпер пастаяльцы мараць аб тым, каб на прасторнай тэрыторыі ля ўстановы зрабіць агарод. Многія з іх жылі ў вёсцы, вялі гаспадарку. Ім вельмі хочацца, каб усё было, як дома. Работнікі службы пайшлі пастаяльцам насустрач і выбралі падыходзячае месца.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

На превью -- novostivolgograda.ru

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/ru/sotsium/item/1286-mnogiya-vyrashyli-shto-damoj-ne-paeduts.html#sigProId987c7b88a8
Прочитано 439 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить