Реклама на сайте - up
20.03 14:17

Уладзіміру Божка з Маладзечанскага раёна споўнілася 100 гадоў

Источник

Сакрэты доўгажыхарства ад Уладзіміра Божкі з вёскі Канюхі Палачанскага сельсавета, які 26 лютага адзначыў сваё 100-годдзе.

Уладзіміру Божка з Маладзечанскага раёна споўнілася 100 гадоў "Маладзечанская газета"


— Упершыню паціскаю руку стогадоваму воіну і партызану, — не ўтойвае эмоцый ваенны камісар ваеннага камісарыята Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў Аляксандр Мацецкі, які прыехаў павіншаваць былога воіна польскай арміі, удзельніка польска-германскай вайны 1939 года, партызана Вялікай Айчыннай.

Наведалі з кветкамі, падарункамі Уладзіміра Іосіфавіча ў гэты адметны дзень намеснік старшыні райвыканкама Алеся Лукоўская, старшыня раённага савета ветэранаў Станіслава Зубкова, старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Анатолій Асманаў і яго калега Зоя Кокаш. «Які моцны поціск рукі ў юбіляра!» — адзначалі мужчыны. А жанчынам Уладзімір Іосіфавіч галантна цалаваў руку — сапраўдны кавалер. І хаця дрэнна чуе, перанёс два інсульты, дзякуючы намаганням блізкіх і медыкаў у дзень свайго стагоддзя выглядаў бадзёра. Вельмі ўзрадаваў яго візіт землякоў старшыні Палачанскага сельвыканкама Уладзіміра Лазара, старшыні Яхімоўшчынскай пярвічнай ветэранскай арганізацыі Галіны Сцешыц, намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце СУП «Яхімоўшчына-Агра» Наталлі Антоненка.

— Памятаю Уладзіміра Іосіфавіча, калі ён быў дэпутатам Палачанскага сельскага Савета, пастаянна на сходах узнімаў пытанні, якія хвалявалі яго землякоў. Ён вельмі неабыякавы чалавек, актывіст, — дзеліцца ўспамінамі Галіна Сцешыц.

Яна прыгадвае, што ўсё старэйшае пакаленне ў іх наваколлі жанілася, хрысцілася, ішло ў армію пад вальсы, полькі і маршы ў выкананні Уладзіміра Божкі. Яшчэ падлеткам ён асвоіў гармонік і не расставаўся з ім шмат дзесяцігоддзяў. Малодшая з траіх дзяцей Ніна Шарыпава расказвае, што да гэтага часу на бацькавай  левай руцэ застаўся мазоль ад рэменя гармоніка. Ніна Уладзіміраўна з любоўю і вялікай павагай гаворыць, які працавіты яе тата: сам пабудаваў дом, першым у вёсцы яго ашаляваў і пафарбаваў. У 90 гадоў яшчэ сам касіў падворак. А ў калгасе складаў такія акуратныя сцірты саломы, што аднавяскоўцы здалёк гаварылі: «Валодзевых рук справа!».

Усё яго жыццё звязана з роднай гаспадаркай, 17 гадоў адпрацаваў ужо на пенсіі. Цікава, што першым у сваіх Канюхах Уладзімір Іосіфавіч купіў тэлевізар, вечарам суседзі збіраліся да Божкаў «на кіно». Дачка ўспамінае, як аднойчы ў школе на бацькоўскім сходзе ва Уладзіміра Іосіфавіча спыталі, як яму ўдаецца выхоўваць сваіх дзяцей, якія добра вучыліся, былі актывістамі. «Яны самі выхоўваюцца», — паціснуў плячыма бацька. Але дачка з ім не згодная.

— Тата нас выхоўваў на ўласным прыкладзе, навучыў працавітасці, акуратнасці, паводзінам у сям’і, — гаворыць яна. — За доўгае – больш чым у паўвека – сумеснае жыццё з нашай матуляй ні разу не павысіў на яе голас, ва ўсім дапамагаў. Мы ўсё гэта ўвабралі ў сябе з маленства, а потым перадалі сваім дзецям.

Апошняе дзесяцігоддзе ветэран жыве ў Маладзечне ў малодшай дачкі. У тым, што ён адзначыў 100-годдзе, яе велізарная заслуга. Госці дзякавалі гаспадыні за любоў, клопат і цярпенне. А таксама за прыклад для ўсіх дзяцей, як трэба ставіцца да бацькоў. Расчуленая Ніна Уладзіміраўна расказала, што напярэдадні спытала ў бацькі, ці пагадзіўся б ён нанова пражыць свой век. Не задумваючыся, той заківаў галавой.

— Тата вялікі аптыміст, любіць людзей і жыццё! — пацвярджае дачка.

Маці Уладзіміра Іосіфавіча не дажыла да 100 гадоў усяго сем дзён, больш чым 90 было адмерана і яго брату. Таму можна сцвярджаць, што Божкі – доўгажыхары. І гэта дае надзею нашчадкам. Ва Уладзіміра Іосіфавіча сын і дзе дачкі, шасцёра ўнукаў, дзявяцера праўнукаў і адзін прапраўнук. Вялікая дружная сям’я сабралася за адным сталом, каб выказаць словы павагі і любові свайму патрыярху. Усе разам праспявалі юбіляру «Сто лят», ён сам задзьмуў свечкі на велізарным двух’ярусным торце. Дзеці, унукі, праўнукі ганарацца гераічным мінулым старэйшыны роду, падтрымліваюць у парадку дом, які ён пабудаваў – сваё радавое гняздо, сябруюць з яго землякамі з Канюхоў, Яхімоўшчыны. І стараюцца жыць сярод людзей так, як навучыў Уладзімір Іосіфавіч – са шчырай душой і чыстымі памкненнямі.


Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://www.mgazeta.by/ru/sotsium/item/1056-uladzimiru-bozhka-z-maladzechanskaga-rajona-spo-nilasya-100-gado.html#sigProIddc67f1f8c5
Прочитано 95 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить