03.09.2018 9:03

Лифтам -- профилактика и плановая замена

Источник

Ці даводзілася вам трапляць у палон ліфта? Напрыклад, са мной гэта здарылася ў Мінску, калі я вучыўся ва ўніверсітэце. У кабінцы мы з сябрам вырашылі пасваволіць і ўперліся нагамі і плячыма ў сцены. Ліфт спыніўся. Вызвалілі нас праз некалькі хвілін. Адчыталі для прафілактыкі, але караць не сталі. З тых часоў такія эксперыменты больш не ставіў.


— Вы зрабілі правільныя высновы, — адзначыў вядучы дзяржаўны інспектар Маладзечанскага сектара Мінскага абласнога ўпраўлення Дзяржпрамнагляду Фёдар Ненюкоў. — Пры карыстанні ліфтам неабходна выконваць пэўныя правілы. Напрыклад, нельга перагружаць пад’ёмнік. Бацькі з каляскамі перад пасадкай у ліфт павінны браць дзяцей на рукі. Непаўналетнім да 12 гадоў самастойна карыстацца ліфтам нельга. Катэгарычна забараняецца сваволіць у кабінцы, выводзіць са строю абсталяванне. Дарэчы, каб папярэдзіць вандалізм, некаторыя арганізацыі горада ўстанаўліваюць у ліфтах сістэмы відэаназірання.   

Увогуле, ліфт – гэта надзейны механізм. У ім прадугледжана некалькі ступеняў абароны ад падзення. Аднак няправільная эксплуатацыя, зношанасць дэталяў або вандалізм пасажыраў могуць выклікаць паломкі. Тады кабінка спыняецца або дзверы працуюць няправільна. У выніку карыстальнік можа пакалечыцца або загінуць.

Напрыклад, былі выпадкі, калі дзверы шахты ліфта на паверсе адчыняліся, а кабіна не прыязджала. Чалавек ішоў на аўтамаце і правальваўся ў бездань... Многія баяцца замкнутай прасторы, і калі аказваюцца зачыненымі ў няспраўнай кабіне, пачынаюць панікаваць.

У ТЭМУ. У 1990-я гады па краіне пракацілася хваля пажараў у пад’ёмніках. Таму кабіны ўсіх машын, выпушчаных у новым тысячагоддзі, зроблены з незгаральных матэрыялаў. Хаця ад «самадзейнасці» жыхароў і гэта не заўсёды страхуе.

Субяседнік нагадаў, што для экстраннай сувязі з аварыйнай брыгадай у кожнай кабіне ёсць спецыяльная кнопка. Можна таксама патэлефанаваць з «мабільніка» на нумар 101 або 112. Галоўнае ў такой сітуацыі — нічога не прымаць самім. Прыедуць спецыялісты і вызваляць.

— На Маладзечаншчыне эксплуатуюцца 322 ліфты, 279 з іх – пасажырскія з грузападымальнасцю ад 320 да 630 кілаграмаў, — дадаў Фёдар Аляксеевіч. – У асноўным выкарыстоўваюцца ліфты вытворчасці Магілёўскага завода ліфтавага машынабудавання. Яны найбольш аптымальныя па кошце, якасці і надзейнасці. Абслугоўвае пад’ёмнікі ў жылым сектары філіял «Маладзечналіфт» ААТ «Ліфтсэрвіс». Дзейнасць гэта ліцэнзійная. Да яе дапускаюцца толькі падрыхтаваныя кадры.        

Залог спраўнай работы ліфтаў — рэгулярная прафілактыка і планавая замена. На Маладзечаншчыне ліфты замяняюцца ў дапушчальныя нарматыўныя тэрміны. Летась, напрыклад, было заменена 13 пад’ёмнікаў у жылым сектары. Сёлета прадугледжваецца замяніць 40.    

— Пік жыллёвага будаўніцтва прыпаў у горадзе на 80-я гады мінулага стагоддзя, — адзначыў Фёдар Ненюкоў. — Тэрмін эксплуатацыі ліфтаў у дамах, узведзеных тады, заканчваецца. Таму ў Маладзечне рэалізуецца праграма мадэрнізацыі ліфтавай гаспадаркі. Сочаць за яе выкананнем дзяржаўныя кантрольныя арганізацыі.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 1387 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить