12.07.2018 9:06

На парадку дня – падрыхтоўка да жніва

Источник

Паколькі аднымі з першых у раёне жніво пачынаюць у ААТ «Усход-Агра», разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімірам Саланенкам мы накіроўваемся ў гэту гаспадарку. Наша мэта – пераканацца, што ўборачны канвеер спрацуе тут без збояў і збожжавыя і зернебабовыя ўбяруць своечасова і якасна.

На мехдвары бачым камбайны, якія ўжо гатовы да выхаду ў поле.

— З-за засухі ўборачная сёлета пачнецца раней, чым звычайна, — гаворыць інжынер па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка Віталій Буцько. – Аднак кампанія не застане нас знянацку. Да яе мы рыхтаваліся загадзя. Прыводзілі ў парадак камбайны, правяралі спраўнасць аўтамабіляў. Не застаўся па-за ўвагай і зернесушыльны комплекс, бо мала сабраць ураджай, трэба яшчэ давесці яго да патрэбнай кандыцыі.

Вялікая ўвага надаецца ў гаспадарцы пытанням тэхнікі бяспекі, а таксама арганізацыі працы ў час уборачнай. Сярод работнікаў праводзіцца адпаведны інструктаж. Удзельнікі жніва будуць забяспечаны двухразовым гарачым харчаваннем. У поле плануецца падвозіць мінеральную ваду, мыйныя сродкі. Запланаваныя выступленні самадзейных артыстаў. Хлебаробам вельмі важна адчуць падтрымку ўсяго раёна.

На ўборцы будзе задзейнічана шэсць камбайнаў. Для адвозкі збожжа выдзелена некалькі шматтонных МАЗаў. Хаця тэхніка не новая (адслужыла 7-8 гадоў), пры адпаведным доглядзе яна яшчэ папрацуе.
Каб выключыць прастоі ў час жніва, тут сфарміравалі мабільнае рамонтнае звяно. Пры паломцы зернеўборачнай тэхнікі спецыялістаў для ліквідацыі няспраўнасцей плануецца дастаўляць прама на поле.

Вядома, галоўны рэсурс уборачнай – падрыхтаваныя спецыялісты. Менавіта ад іх залежыць поспех будучай кампаніі.

На мехдвары мы пазнаёміліся з сямейным камбайнавым экіпажам у складзе Максіма Бекіша і яго цесця Уладзіміра Шышкоўскага. Для іх гэта ўжо восьмае жніво. Усе сем папярэдніх камбайнеры намалочвалі больш за тысячу тон збожжа (максімальны паказчык – 1712 тон).

— Сваё «Палессе» ведаю дасканала, заўсёды загадзя рыхтую яго да ўборачнай, — адзначыў Максім. – Ды і сам да працы прывык, цяжкасцей не баюся. Ведаю, што давядзецца працаваць да цямна. Спачатку трэба зжаць рапс, потым пераключымся на іншыя культуры. Перспектывы жніва ацэньваю аптымістычна, і з пункту гледжання сямейнага дабрабыту таксама. Нездарма ж кажуць: як паробіш, так і заробіш...

— Да жніва рыхтуюцца ўсе гаспадаркі раёна, — падвёў вынікі паездкі Уладзімір Саланенка. – Аднак поспех кампаніі залежыць не толькі ад аграрыяў, але і ад шэфаў, работнікаў іншых галін народнай гаспадаркі. Каб мабілізаваць усе сілы, федэрацыя прафсаюзаў Беларусі праводзіць агульнарэспубліканскі месячнік па падрыхтоўцы да ўборачнай. Завершыцца ён 15 ліпеня. У час акцыі асаблівая ўвага надаецца тэхніцы бяспекі, укамплектаванасці машынна-трактарнага парка, іншым пытанням.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 1143 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить