14.08 8:51

Областной семинар-практикум определил задачи СМИ Беларуси

Источник

У Маладзечне прайшоў семінар-практыкум «Інфармацыйнае забеспячэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця Мінскай вобласці і задачы сродкаў масавай інфармацыі».

Областной семинар-практикум определил задачи СМИ Беларуси "Маладзечанская газета"


Тон размове задавалі старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец, намеснік старшыні Мінаблвыканкама Віктар Сірэнка, міністр інфармацыі Лілія Ананіч, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Людміла Канановіч і Валянціна Ражанец.

Пара цяпер гарачая, кожная хвіліна на ўліку. І не толькі ў людзей, што шчыруюць на хлебным палетку. Для ўсіх нас гарачая. Па гэтай прычыне і рэгіянальны семінар-практыкум «Інфармацыйнае забеспячэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця Мінскай вобласці і задачы сродкаў масавай інфармацыі» праходзіў па-дзелавому дынамічна і канструктыўна.

Маладзечна не выпадкова было выбрана месцам абмеркавання азначанай тэмы, месцам сустрэчы кіраўніцтва галіновага міністэрства, дэпутатаў розных узроўняў, работнікаў аблвыканкама і раённых выканаўчых камітэтаў, прадстаўнікоў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ. Па-першае, за горадам замацавалася нефармальнае званне сталіцы Мінскай вобласці (культурнай – адназначна); па-другое, мясцовыя мас-медыя вызначаюцца ў лепшы бок на інфармацыйным полі цэнтральнага рэгіёна. І, нарэшце, горад мае высокі духоўны і матэрыяльны патэнцыял, знаёмства з якім пакідае ва ўдзельнікаў падобных мерапрыемстваў шматлікія эмоцыі.

Перад тым як накіравацца па вызначаных раней маршрутах – дзяржаўная ўстанова «Рэдакцыя «Маладзечанская газета», рэдакцыя тэлепраграмы МКТБ, СШ №14 і дзяржаўная ўстанова культуры «Цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскага раёна» – удзельнікі семінара пазнаёміліся з дасягненнямі СМІ Маладзечанскага раёна, з фотавыстаўкай «Жніво Міншчыны» і выставай работ мясцовых мастакоў.

«Маладзечанская газета» прымала ў сябе прадстаўнікоў рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі, супрацоўнікаў Белдзяржуніверсітэта, друкароў. Размова за круглым сталом насіла канструктыўны характар: з выклікамі часу сёння сутыкаюцца ўсе. І тут важна выпрацаваць надзейны механізм узаемаадносін паміж рознымі звёнамі інфармацыйнай сістэмы, падзяліцца вопытам эфектыўнай работы, павучыцца ў іншых і сябе паказаць.

Практычную частку семінара прадоўжыла пленарнае пасяджэнне ў малой зале гарадскога Палаца культуры. У прэзідыуме – людзі аўтарытэтныя, якія аб дзяржаўнай інфармацыйнай палітыцы ведаюць не з чужых слоў: міністр інфармацыі Лілія Ананіч, намеснік старшыні Мінаблвыканкама Віктар Сірэнка, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Людміла Канановіч і Валянціна Ражанец, старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец. Не менш дасведчаныя ў праблемах журналістыкі і выступоўцы – кіраўнікі рэспубліканскіх, абласных і мясцовых мас-медыя, прадстаўнікі навуковай суполкі, работнікі ідэалагічнай вертыкалі.

Размова ў Маладзечне насіла дыскусійны характар. Удзельнікам семінара не трэба было яшчэ раз нагадваць, што ісціна нараджаецца ў спрэчках: яны першапачаткова былі настроены на пошук адказаў на хвалюючыя пытанні.

Да прыкладу, галоўны рэдактар нашай «раёнкі» Аляксандр Лазоўскі спыніўся на праблеме суіснавання ідэалагічнага і творчага пачатку з эканамічным складальнікам: якім чынам «трапяткую лань» журналістыкі па-
ставіць у адну запрэжку з «фінансавым» канём. У «Маладзечанскай газеты» такі вопыт ёсць: доўгі час выданне працуе без датацыі, не карыстаецца бюджэтнымі асігнаваннямі. Больш за тое, сама ўносіць пасільны ўклад у напаўненне раённага бюджэту. Інфармацыя А. Лазоўскага не засталася без увагі: гродзенскія калегі выказалі жаданне больш падрабязна паглыбіцца ў рэдакцыйную «кухню».

Атмасферу канструктывізму адзначалі практычна ўсе, з кім удалося пагаварыць карэспандэнту «МГ». У іх ліку і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Канановіч. І раней, на пасадзе намесніка старшыні Маладзечанскага райвыканкама, і цяпер, у статусе парламентарыя, яна актыўна кантактавала і кантактуе са СМІ – дзеліцца назіраннямі, выказвае парады, праз друкаваныя і электронныя СМІ рэгулярна звяртаецца да сваіх выбаршчыкаў.

– Праект, які комплексна адпрацоўваецца ва ўсіх рэгіёнах краіны, сапраўды заслугоўвае ўвагі, – лічыць Л. Канановіч. – Як і той багаж ідэй і прапаноў, што «абкатваўся» на гэты раз у Маладзечне і з якімі ўдзельнікі семінара раз’едуцца па сваіх рэдакцыях, дзяржаўных установах. Быць з людзьмі, разумець іх спадзяванні, дапамагаць пры неабходнасці – гэта абавязак усёй ідэалагічнай вертыкалі і журналісцкай супольнасці. На ўласным вопыце я пераканалася, што вам гэта ўдаецца, у тым ліку, данесці голас прадстаўнікоў заканадаўчай улады да грамадзян.

Вынікі маладзечанскай сустрэчы падсумавала ў сваім выступленні міністр інфармацыі Лілія Ананіч. Асноўны пасыл – кожны рэдакцыйны калектыў павінен знайсці месца ў дзейнасці, накіраванай на ўмацаванне краіны. Сёння мала проста даносіць інфармацыю да спажыўца, захоўваць тыражы выданняў, сёння патрэбна быць на пярэднім краі ў барацьбе за незалежнасць Беларусі, за духоўнасць і дынамічныя перамены ў эканоміцы, духоўным жыцці народа.

Звяртаючыся да прадстаўнікоў рэгіянальных медыярэсурсаў, кіраўнік галіновага ведамства падкрэсліла, што на старонках газет, у радыё- і тэлеэфіры павінна прысутнічаць рэальнае жыццё, яго канструктыўны, стваральны пачатак. Рашэнне такой задачы патрабуе якаснай журналістыкі.

Падобныя семінары, паведаміла Л. Ананіч, праводзяцца пры падтрымцы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. А гэта азначае нішто іншае, як пільную ўвагу кіраўніка дзяржавы да «чацвёртай улады» – так нярэдка называюць сродкі масавай інфармацыі. Час дыктуе новыя падыходы, якія выкліканы імклівым развіццём інфармацыйных тэхналогій. Сённяшняя журналістыка – гэта перапляценне тых самых тэхналогій і журналісцкага майстэрства.

— У цэнтры кожнай публікацыі, кожнага эфірнага матэрыялу павінен быць звычайны чалавек – і тады стануць зразумелымі ўсе нашы дзеянні і намаганні ў эканоміцы, у сацыяльнай сферы. У нашай краіне створаны ўмовы, каб дынамічна развіваць нацыянальную інфармацыйную прастору, – нагадала міністр.

Калі пагартаць падшыўкі, да прыкладу, нашага выдання, то можна пераканацца: на яго старонках – само жыццё.

Многія публікацыі мінулых гадоў з вышыні дасягнутага, мажліва, падаюцца схематычнымі і нават наіўнымі. Але яны – гэта мы тады. Праз пэўны час і нашы шчыраванні на журналісцкай ніве пададуцца некаму «па-за трэндам». А пакуль, як умеем і разумеем, пішам гісторыю Беларусі і беларусаў.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/ru/regionalnyj-aktsent/item/1530-oblastnoj-seminar-praktikum-opredelil-zadachi-smi-belarusi.html#sigProId60385f29b7
Прочитано 307 раз
Аляксандр Лазоўскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить