09.08 16:01

Ці лёгкі бізнес на паслугах

Источник

Што падштурхнула маладзечанцаў адкрыць сваю справу ў сферы аказання паслуг? Як развіваецца іх бізнес, з якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца? Якія асаблівасці працы «на сябе»? Адказы на гэтыя пытанні паспрабуем знайсці ў трох гісторыях.

Сяргей Лобач, майстар на гадзіну

Сяргей гаворыць, што ніколі не баяўся мяняць работу, і ўсе атрыманыя веды і ўменні спатрэбіліся. Ён і цяпер працуе, дзяжурыць па начах. Аднак жаданне мець дадатковы заробак падштурхнула Сяргея пяць гадоў таму зарэгістравацца як ІП.

— Дома мы рэдка наймаем нейкіх спецыялістаў. Дарэчы, бацька мой быў майстар на ўсе рукі і мяне ўсяму вучыў, — кажа прадпрымальнік.

Паслугу «муж на гадзіну» ён падгледзеў у Расіі. Для нас гэта было ў навіну:

 — Нават аб’яву ў газету ў мяне не ўзялі, маўляў, амаральна — двухсэнсоўная назва. Давялося называцца «майстрам на гадзіну». Напэўна, я быў адзін з першых у Беларусі. У Маладзечне — дакладна, заняў сваю нішу на рынку паслуг.

Сам друкаваў і раздаваў візіткі, клеіў на пад’ездах аб’явы і абавязкова даваў рэкламу ў газеты. Купіў недарагі кітайскі інструмент. Спачатку было шмат «халастых» званкоў, людзі проста цікавіліся. Пазней з’явіліся кліенты, у тым ліку пастаянныя. Праз пару гадоў пайшла людская гаворка: рэпутацыя — станоўчая. На рынку падобных паслуг раз-пораз з’яўляліся канкурэнты, але чамусьці знікалі.

— Большасць прадпрымальнікаў, якія займаюцца рамонтам, аддаюць перавагу вялікаму аб’ёму работ. Зрабіў кватэру пад ключ — атрымаў разлік. Ім нецікавыя дробныя прапановы: падлогу ў адным пакоі пакласці, павесіць карніз або паліцу, напрыклад. Але ж людзям трэба дапамагаць. Бывае, патрэбна экстранная дапамога: напрыклад, сапсаваўся кран і ліецца вада. Не адмаўляю, — гаворыць майстар.

Сяргей лічыць, што любую справу — дзяржаўную або «на сябе» — трэба выконваць адказна, і што не змог бы пратрымацца некалькі гадоў, калі б не адказваў за якасць.

 — За столькі часу навучыўся адчуваць заказчыка. «Я па голасе чую, што вы нам дапаможаце», — нечакана пачуў неяк па тэлефоне. Да майстра звяртаюцца не толькі жанчыны, але і мужчыны. Часам патрэбен добры інструмент. Некаторым людзям лягчэй заплаціць, чым рабіць самім. Сяргей расказаў, што ёсць і работы, за якія ён не возьмецца, калі за вынік не ручаецца. Тады, маўляў, адразу лепш адмовіцца.

Сяргей плаціць адзіны падатак і сам вядзе дакументацыю. Адзначае, што электроннае дэклараванне спрасціла справаздачнасць. Гэта не так складана, як яму здалося адразу. Дарэчы, у майго героя вышэйшай адукацыі няма.

 — Я ні разу не пашкадаваў, што адкрыў ІП і працую. Мне падабаецца, кідаць жадання не ўзнікала. Вядома, гэта не той прыбытак, які дазволіць адразу памяняць машыну, напрыклад. Але ён стабільны. І наогул, пад ляжачы камень вада не цячэ, — разважае Сяргей Лобач.

Людміла Якубоўская, майстар па пашыве і рамонце адзення

У свой час Людміла закончыла тэхналагічны каледж. Не паслухала маму, не стала паступаць у ВНУ, а з’ехала на сезонныя работы ў Польшчу. Праўда, не па спецыяльнасці, а рабочай ў цяпліцы. Але вельмі хутка ўсё роўна трапіла на швейную вытворчасць. Людміла расказала: яе там вельмі шанавалі за бездакорнае выкананне любых аперацый. З беларускай пастаянна працягвалі кантракт, і яна затрымалася за мяжой ажно на 5 гадоў.

 — Вопратку, пашытую ў той час у Польшчы, насіла ўся Еўропа. Мы шылі ўвесь жаночы асартымент, вельмі складаныя вырабы, за якія я тут баялася нават брацца. Прычым асартымент часта абнаўляўся.

Калі прыехала дадому, то зразумела, што хоча адкрыць сваю справу, мае для гэтага сілы і вопыт. Да таго ж дзяўчына зарабіла пэўную суму для старту.

Як прадпрымальнік яна зарэгістравалася восем гадоў таму, да гэтага яшчэ папрацавала на некалькіх прыватных і дзяржаўных швейных прадпрыемствах, у тым ліку, і майстрам, выкладчыкам.

— Я зразумела, што стамілася працаваць па чыёйсьці ўказцы і бясконца выконваць каманды. Хацела быць сама сабе гаспадыняй, — гаворыць субяседніца.

Майстэрня Людмілы некалькі разоў пераязджала, першае памяшканне было ў прыгарадзе. Цяпер — у горадзе, і яно даволі прасторнае. Але тут трэба ўлічваць: кошт за арэнду, электраэнергію, ацяпленне для юрыдычных асоб «кусаецца» і пастаянна расце. А яшчэ тое, што даход швачкі залежыць ад даходаў насельніцтва, лічыць майстар.

— Апошнім часам у людзей стала менш грошай, і, напэўна, таму яны аддаюць перавагу масавай вопратцы. Часта чыняць старыя рэчы, купляюць у крамах «Сэканд-Хэнд» і прыносяць падганяць па фігуры. Індывідуальны пашыў быў калісьці неверагодна папулярным і па кішэні. Гэта працаёмкі працэс, ён патрабуе шмат часу, таму паслуга не можа быць таннай. Хоць я часта раблю скідку, але не гавару пра гэта: такі час. Трэба ўсім дагадзіць. Ёсць кліенты, якія прыходзяць да мяне даўно.

— Індывідуальных прадпрымальнікаў ніхто не пытаецца, як яны працуюць і якія сродкі застаюцца ў выглядзе прыбытку. Трэба старацца, — кажа Людміла. — Вырашыла аформіць сертыфікат на масавы пашыў адзення — гэта ўсё, што больш за адзін выраб. І падатак за продаж, дарэчы, таксама дадатковы. Фінансавую справаздачнасць вяду сама.

Між тым швачка дадае, што дарогі назад з прадпрымальніцтва ў яе няма.

— Гэта мая любімая справа. Спадзяюся, што з часам яна стане сямейным бізнесам. Дачка вучыцца на мадэльера-канструктара. Думаю, ёй не будзе лішнім мой вопыт.

Віктар Зелянко, дызайнер інтэр’ераў

За пяць гадоў працоўнай дзейнасці Віктар змяніў некалькі арганізацый і прыватных фірм. Быў санітарам, майстрам, прадаўцом. Апошняя пасада — дызайнер у Палацы культуры. Адважыўся сысці, бо не задавальняла зарплата.

— Ідэя працаваць «на сябе» з’явілася яшчэ тры гады таму. Вучыўся на курсах для пачынаючых прадпрымальнікаў, арганізаваных упраўленнем па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама, пісаў бізнес-план, хацеў узяць дзяржаўную субсідыю. Але аказалася, што гэтыя грошы нельга было выкарыстаць на пакупку камп’ютара і іншай патрэбнай мне тэхнікі, — гаворыць суразмоўца.

Менш за год ён працуе як індывідуальны прадпрымальнік. Выконвае заказы дома, сустракаецца з кліентамі на аб’екце. З бухгалтэрыяй раней дапамагалі, цяпер асвоіў усё сам.

— Вядома, у інтэрнэце шмат парад па рамонце і дызайне. Але не кожны чалавек зможа рэалізаваць сваю ідэю, растлумачыць будаўнікам, аддзелачнікам, які вынік ён хацеў бы атрымаць. Без дызайнера абысціся складана, — лічыць Віктар. — Чарцяжы дазваляюць не выпусціць ніводнай дэталі, а камп’ютарная візуалізацыя — загадзя ўбачыць, якім стане памяшканне пасля рамонту. Таксама дызайнер дапаможа падабраць мэблю, параіць з выбарам матэрыялаў.

Віктар гаворыць, што заказаў, розных па аб’ёме, у яго дастаткова. Кліенты з Маладзечна і іншых гарадоў. Зімой іх больш — людзі плануюць рамонт. Адназначна, што колькасць званкоў залежыць ад інтэнсіўнасці рэкламы.

— У рабоце ІП даводзіцца размяркоўваць час. Тут я сам сабе і дырэктар, і бухгалтар, і мастак. Спадзявацца няма на каго. Напэўна, для мяне цяпер гэта галоўная цяжкасць. Вучу асновам справы малодшага брата, спадзяюся, што пачне дапамагаць. Я люблю адчуваць прагрэс, калі карцінка на камп’ютары ператвараецца ў прыгожую і зручную прастору, а кліенты задаволеныя, — дадае Віктар.

— Што тычыцца цаны, то стараюся ісці насустрач заказчыку.

Віктар Зелянко параіў: перш чым адкрываць сваю справу, лепш сабраць невялікую суму грошай, каб потым раптам не ўлезці ў даўгі. Цяпер у майго суразмоўцы ёсць ідэя — стварыць камп’ютарную гульню па матывах беларускага эпасу. Пакуль гэта хобі, але хто ведае, у што яно ператворыцца.

Дарэчы, дызайнерам малады чалавек стаў адносна нядаўна. Ён пераадольваў прыступку за прыступкай – у адукацыі і пошуках сябе. Добра маляваў, але ў мастацкую школу паступіў даволі позна. У ВНУ не імкнуўся, вучыўся разьбе па дрэве ў Вілейскім ПТВ-48, пасля на аддзяленні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў музычным каледжы імя М.К. Агінскага. Спрабаваў сябе ў татуіроўцы, распісваў сцены, рэзаў па дрэве. У час вучобы ў каледжы зацікавіўся дызайнам інтэрнэт-сайтаў, разумеў, што гэта перспектыўна. Паступіў у педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на новую тады спецыяльнасць «Выяўленчае мастацтва. Камп’ютарная графіка». Адукацыя была платная (дапамагалі бацькі), але на трэцім курсе хлопцу далі істотную скідку ў аплаце.

— Студэнтам пачаў падпрацоўваць па спецыяльнасці, зрабіў некалькі дробных і буйных праектаў, спасціг важныя прафесійныя дробязі, тонкасці работы з кліентамі, завёў карысныя знаёмствы, — успамінае прадпрымальнік.

Быў перыяд, калі яму, адзінаму дызайнеру інтэр’ераў у прыватнай фірме, даводзілася рабіць усё самому і шукаць рашэнне нейкіх задач. Малады чалавек атрымаў велізарны вопыт, дастатковы для таго, каб адправіцца ў самастойнае «плаванне».

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/ru/regionalnyj-aktsent/item/1525-tsi-ljogki-biznes-na-paslugakh.html#sigProId5f67db3006
Прочитано 292 раз Последнее изменение 09.08 16:01
Лилия Липницкая

Редактор интернет-сайта

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить