12.07.2017 12:41

А ў нас у двары -- будоўля

Источник

Нядаўна мая знаёмая стала навасёлам: усялілася ў дзевяціпавярхоўку, пабудаваную за гандлёва-эканамічным каледжам. Як не парадавацца за маладую сям’ю з дваімі дзеткамі: скончыліся іх вандраванні па здымных кватэрах, ёсць сваё жыллё. Зайшла да яе ў госці і па-добраму пазайздросціла ўмяшчальнай аўтамабільнай паркоўцы, сучаснай дзіцячай пляцоўцы, добраўпарадкаванай тэрыторыі.

А ў нас у двары -- будоўля "Маладзечанская газета"

Раней на гэтым месцы размяшчалася абсталяваная сметніца для ўсіх дамоў вакол ды несанкцыянаваная стаянка на зялёнай зоне для аўто, гаспадары якіх прыехалі на рынак… Магчыма, у час будоўлі некаторыя старажылы і былі незадаволеныя, але цяпер яны пагаджаюцца, што выгляд двара не пагоршыўся, а наадварот, стаў больш прэзентабельным, ды і зялёная зона практычна засталася…

Усё гэта расказваю не проста так. Справа ў тым, што на Вялікім Гасцінцы ў дварах за магазінам «Яшма» плануецца будаўніцтва чарговага жылога дома, якога з нецярпеннем чакаюць будучыя навасёлы. Аднак жыхары дамоў №86, 88, 90, 92 даслалі ў райвыканкам і іншыя інстанцыі калектыўны зварот, у якім выказваюць сваю нязгоду з тым, каб у іх двары разгарнулася будоўля. Людзі баяцца, што ў ходзе яе высекуць дрэвы, не будзе дзе гуляць дзецям, паркаваць машыны. Іх можна зразумець: кожны любіць камфорт, цішыню. Суседства з будоўляй, безумоўна, стварае нязручнасці, але ж яны часовыя. Мабыць, варта пацярпець дзеля таго, каб тыя, у каго няма жылля, нарэшце яго атрымалі. Прычым за свае ўласныя грошы, а не за дзяржаўныя, як гэта было ў часы, калі ўзводзіліся дамы на Вялікім Гасцінцы. Урэшце, усе мы лічым сябе патрыётамі роднага горада, і калі ён будуецца, прырастае новымі дамамі, значыць, жыве, у яго ёсць будучыня…

Каб развеяць боязь гараджан і расставіць усе кропкі над «і», мы звярнуліся да начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Святланы ХРУСТАЛЁВАЙ.      

— Святлана Георгіеўна, у апошнія гады для нашага горада стала звычайнай практыка ўзвядзення новых дамоў за кошт ушчыльнення існуючай забудовы…
— Гэта сапраўды так. На сёння больш за 11 тысяч гараджан стаіць на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Раней забудова ішла ў бок Мінска, але цяпер там засталіся толькі сельскагаспадарчыя ўгоддзі, на якіх забаронена будаваць (гэта магчыма толькі па ўзгадненні з Прэзідэнтам краіны). Таму мы вымушаны шукаць свабодныя тэрыторыі і ісці на ўшчыльненне існуючай забудовы. Такім чынам быў узведзены дом №62а на Вялікім Гасцінцы, завяршаецца будаўніцтва дзевяціпавярхоўкі на вуліцы 17 Верасня, пачнецца – на вуліцы Будаўнікоў у раёне дамоў №22, 24, 26. Усе гэтыя аб’екты прадугледжаны «Дэталёвым планам цэнтральнай часткі г. Маладзечна з праектам рэгенерацыі гістарычнай забудовы», які быў распрацаваны ў 2009 годзе. У чэрвені 2010 года ў горадзе было праведзена грамадскае абмеркаванне праекта гэтага плана, інфармацыя публікавалася ў СМІ, на афіцыйным сайце райвыканкама. Экспазіцыя з матэрыяламі праекта на працягу двух тыдняў размяшчалася ў фае Палаца культуры. Заўвагі і прапановы, якія паступалі ад грамадзян і юрыдычных асоб у хо-
дзе абмеркавання, занесены ў журнал і разгледжаны рабочай групай. Асабліва хочацца падкрэсліць, што заўваг і прапаноў ад грамадзян па вышэйназванай пляцоўцы не паступала. Па даручэнні райвыканкама
УП «Інстытут «Маладзечнапраект» распрацаваў горадабудаўнічы пашпарт зямельнага ўчастка для шматкватэрнага жылога дома ў квартале, абмежаваным дамамі №86, 88, 90, 92 на Вялікім Гасцінцы.

— Што гэта будзе за дом згодна з горадабудаўнічым пашпартам?
— Прадугледжана будаўніцтва 9-павярховага 36-кватэрнага жылога дома, на цокальным  паверсе якога будзе разме-
шчаны аб’ект сферы абслугоў-
вання. Запланавана комплекснае добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі як новага дома, так і тэрыторый вакол існуючых жылых дамоў з размяшчэннем аўтамабільных парковак, дзвюх дзіцячых пляцовак і трох — гаспадарчага прызначэння, месцаў адпачынку. Што тычыцца парковак, то хацелася б нагадаць нашым гараджанам, што ў дварах жылых дамоў яны прызначаны для часовага прыпынку аўтамабіляў, на працяглы час машыны трэба ставіць у гараж ці на ахоўваемыя стаянкі.

— А што вы можаце сказаць пра захаванне зялёнай зоны?
— Пры праектаванні аб’екта ўлічвалася захаванне норм па інсаляцыі (асвятленні прамымі сонечнымі промнямі) жылых памяшканняў існуючай забудовы. Дрэвы ў такіх выпадках максімальна захоўваюць, пры добраўпарадкаванні дваровай тэрыторыі ўлічваецца рэльеф мясцовасці.

— Які чарговы этап па падрыхтоўцы да будаўніцтва гэтага аб’екта?
— Цяпер райвыканкам ажыццяўляе дзяржаўную рэгістрацыю зямельнага ўчастка з мэтай выстаўлення яго на аўкцыён. Пераможцу аўкцыёну выканаўчы камітэт выдасць дазваляльную дакументацыю на будаўніцтва жылога дома ў адпаведнасці з заканадаўствам. Будаўніцтва будзе весціся згодна з распрацаванай праектнай дакументацыяй, якая пройдзе дзяржаўную экспертызу.

Прочитано 1148 раз Последнее изменение 12.07.2017 12:41
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить