Пра гэта інфарміраваў пракурор Маладзечанскага раёна Уладзімір Дубоўскі.
Маладзечанскі раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь распачаў 13 крымінальных спраў за падбухторванне да дачы хабару ў адносі-нах да грамадзяніна М. Ён схіляў людзей да дачы хабару службовым асобам за вяртанне права на кіраванне транспартнымі сродкамі, а таксама выдзяленне месца ў інтэрнаце.
Як падкрэсліў пракурор, на працягу мінулага года праваахоўнікі Маладзечаншчыны не выявілі карупцыйных злачынстваў у сферы дзяржаўнай улады і кіравання. Не ўстаноўлены факты такіх правапарушэнняў з боку асоб, якія ўнесены ў кадравы рэестр Кiраўнiка дзяржавы, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, аблвыканкамаў.
В. Дубоўскі паведаміў, што работнікі Маладзечанскай раённай пракуратуры праводзілі летась тэматычныя праверкі выканання патрабаванняў заканадаўства, накіраванага на барацьбу з карупцыяй. У ходзе праверак выяўлены шэраг недахопаў.
Так, у КСУП «Відзеўшчына» работа па папярэджанні і прафілактыцы карупцыйных праяў не планавалася і не вялася. У парушэнне патрабаванняў Закона «Аб барацьбе з карупцыяй» дзяржаўныя службовыя асобы прадпрыемства не падпісвалі абавязацельствы па выкананні абмежаванняў, устаноўленых вышэйзгаданым законам. Аналагічныя недахопы мелі месца ў ААТ «Купала-Агра».
Парушэнні норм па прафілактыцы карупцыі былі выяўлены ва УП «Камунальнік», ААТ «Завод Рамбыттэхніка», іншых суб’ектах гаспадарання.
Усяго па выніках праверак работнікі пракуратуры вынеслі чатыры прадстаўленні і адно прадпісанне. Дзве асобы афіцыйна папярэджаны, сем прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, чатыры – да адміністрацыйнай. Адзін вінаваты заплаціў штраф у памеры 518 рублёў.