11.12 15:58

«Памятаю падворак і нашых суседзяў...» Прыйшоў водгук на газетную публікацыю

Источник

Тыдзень таму ў «Маладзечанскай газеце»  была размешчана публікацыя пра загадкавы будынак у вёсцы Васюкоўшчына.

«Памятаю падворак і нашых суседзяў...» Прыйшоў водгук на газетную публікацыю "Маладзечанская газета"

Артыкул называўся «Хто пабудаваў дом у лесе?». Бдынак, што мы размясцілі, быў узведзены па старадаўняй тэхналогіі, без цвікоў, пры гэтым прастаяў больш за стагоддзе. Мы прасілі адгукнуцца тых, хто валодае якой-небудзь інфармацыяй пра збудаванне.

Водгук прыйшоў амаль адразу. Аказваецца, у нашым горадзе жыве жанчына, якая нарадзілася на ўзгаданым падворку і захацела расказаць пра яго і пра сям’ю. Мы дамовіліся аб сустрэчы і накіраваліся ў госці да Софіі Жукоўскай.

Софія Іосіфаўна сустрэла нас надзвычай гасцінна. У яе мяккі голас і прыемныя рысы твару. Жанчына вельмі прыгожа размаўляе на беларускай мове. Яна разгарнула сямейны альбом і пачала аповед.

— Сядзібу на вяршыні высокага ўзгорка пабудаваў мой дзядуля Вікенцій Жукоўскі, — расказала Софія Іосіфаўна. – Было гэта ў канцы пазамінулага стагоддзя. Дзядуля быў з мнагадзетнай сям’і. Прыехаў у Васюкоўшчыну з вёскі Салтаны, што недалёка ад Беразінскага. Дзякуючы яго працавітасці сям’я жыла даволі заможна.

Акрамя дома і гумна (фатаграфію менавіта гэтага збудавання мы размясцілі ў газеце) Жукоўскія валодалі коннымі малатарняй і жняяркай, іншай маёмасцю. Ім таксама належала 20 гектараў зямлі і каля 5 гектараў лесу.

Ваду жыхары бралі з сажалкі, бо выкапаць калодзеж на ўзгорку было вельмі цяжка. Гэта зрабілі салдаты Расійскай арміі ў час Першай сусветнай вайны. Тады недалёка ад Васюкоўшчыны ішла лінія фронту, а ў вёсцы быў размешчаны камандны пункт. Шмат вады патрабавалася кавалерыйскаму падраздзяленню, якое яго абслугоўвала. Дарэчы, рэшткі акопаў і цяпер можна ўбачыць у навакольных лясах. А дзверы ад бліндажоў мясцовыя жыхары пасля вайны паставілі ў свае дамы.

— Мой бацька Іосіф Вікенцьевіч нарадзіўся ў 1895 годзе, — працягвае субяседніца. – Як і дзед, быў працавіты і старанны. Ажаніўся даволі позна, гадоў у сорак. У час Вялікай Айчыннай вайны ў армію яго не забралі па ўзросце. Пасля вайны бацька зарабляў тым, што дапамагаў людзям апрацоўваць зямельныя ўчасткі, а таксама возніцтвам. Разам з жонкай Антанінай яны гадавалі траіх дзяцей (мяне і дваіх братоў).

Софія Жукоўская нарадзілася ў 1942 годзе. Вучылася ў школе ў Манішчыцах (былы маёнтак недалёка ад Трапалава), потым у Маркаве і Лебедзеве. Зімы тады былі суровыя. Часам на заняткі даводзілася дабірацца ў завею праз снежную цаліну. Затым была вучоба ў тэхнікуме і інстытуце. На пенсію жанчына пайшла з пасады старшага інжынера-тэхнолага Маладзечанскага піўзавода.

— Да дробязей памятаю падворак, абстаноўку ў доме, нашых суседзяў. Калі дазваляюць час і здароўе, прыязджаю на месца, дзе нарадзілася. Тое гумно, што вы сфатаграфавалі, вельмі вялікае. У яго маглі заязджаць з абодвух бакоў конныя павозкі. Там захоўвалася сена на ўсю гаспадарку. Побач раслі векавыя дрэвы. Некалькі гадоў таму ў час буры вецер паваліў адно з іх на страху. Недалёка ад гумна знаходзіцца і наш дом. Пабудаваны ён таксама па старадаўняй тэхналогіі. Калі бываю ў Васюкоўшчыне, заўсёды падыходжу да магутнага дуба ў два абхваты. Такім жа велічным памятаю яго з дзяцінства, — гаворыць Софія Іосіфаўна.

Жанчына марыць, каб узведзеныя дзедам збудаванні былі захаваныя. Гэта было б карысна сучаснікам і будучым пакаленням. Тым больш што ў раёне вельмі мала дамоў, пабудаваных яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Ды і турыстам будзе цікава пазнаёміцца з незвычайнай тэхналогіяй будаўніцтва, палюбавацца наваколлем, прайсці або праехаць па новым маршруце.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО і архіў Софіі ЖУКОЎСКАЙ.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://mgazeta.by/ru/perekrestki-zhizni/item/1988-pamyatayu-padvorak-i-nashykh-susedzya-pryjsho-aodguk-na-gazetnuyu-publikatsyyu.html#sigProIda431811d06
Прочитано 1110 раз Последнее изменение 11.12 15:58
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить