03.09.2018 9:27

Депутат Людмила Кананович работала в округе

Источник

У госці да мнагадзетнай сям’і Серадзінскіх з віншаваннямі і падарункамі завітала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Канановіч.


Адна з добрых традыцый у дзейнасці дэпутата – наведванне мнагадзетных сем’яў перад пачаткам навучальнага года. Людміла Мікалаеўна павіншавала дзяцей і іх бацькоў, пажадала добра вучыцца, развіваць свае здольнасці, быць шчаслівымі ў сям’і і роднай краіне. Пацікавілася, ці ёсць праблемы з уладкаваннем малодшай дачушкі ў дзіцячы сад. Даведалася, чым жыве маладая сям’я.



У Кацярыны і Дзмітрыя Серадзінскіх падрастаюць трое сыноў і дачушка. Антону трынаццаць гадоў, ён захапляецца хакеем. Дзесяцігадовы Ягор аддае перавагу фехтаванню, займаецца ў школьнай тэатральнай студыі. Хлопчыкі вучацца ў СШ №8. Сёлета стане першакласнікам гэтай навучальнай установы Сцяпан. Быццам маленькая прынцэса сярод трох рыцараў — сястрычка Дарына. Тры гады таму сям’я атрымала трохпакаёўку ў доме на вуліцы Магістральнай. І гэта яшчэ адно сведчанне падтрымкі дзяржавай мнагадзетных сем’яў.

— Як удаецца спраўляцца з усімі? – пытаемся ў мамы Кацярыны Іванаўны.
— Вядома, клопатаў хапае. Але і на радасці жыццё багатае, — усміхаецца жанчына.

Яна актыўна ўдзельнічае ў школьных справах, а на ўрачыстай лінейцы неаднаразова атрымлівала падзякі за выхаванне сыноў. Прыемна ўсхвалявала гаспадароў вестка пра тое, што да іх завітаюць шаноўныя госці. За вялікі гонар яны лічаць асабіста сустрэцца са сваім дэпутатам, атрымаць падарункі для дзяцей. Абанементы на наведванне спартыўна-забаўляльнага цэнтра вельмі дарэчы сям’і, у якой вядуць здаровы лад жыцця. А салодкія пачастункі сабралі ўсіх разам за чаяпіццем.

Дырэктар СШ №8 Аляксей Шарамет разам з педагогам-арганізатарам школы, старшынёй пярвічнай арганізацыі «Белая Русь» Аленай Губіч далучыліся да віншаванняў. Яны ўручылі наборы школьных прылад, якія спатрэбяцца вучням.

***
Перад пачаткам новага навучальнага года дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Канановіч і намеснік старшыні райвыканкама Алеся Лукоўская наведалі шэраг гарадскіх устаноў адукацыі.

Пасля сустрэч з кіраўніцтвам трэцяй і шостай гімназій, а таксама сярэдняй школы №8 Людміла Мікалаеўна адзначыла, што ўстановы гатовы да пачатку заняткаў. Умацавана матэрыяльна-тэхнічная база, набыта неабходнае абсталяванне, зроблены касметычныя рамонты, падпісаны пашпарты гатоўнасці. У восьмай школе, дзе займаецца навучэнка з абмежаванымі магчымасцямі, створаны элементы безбар’ернага асяроддзя: ёсць пандус, парэнчы. Словы ўдзячнасці за сумесную работу прагучалі ў адрас педагогаў, бацькоў, шэфскіх арганізацый.

У час наведвання маладзечанскіх дзяржаўнага і політэхнічнага каледжаў акцэнт быў зроблены на падвядзенне вынікаў уступнай кампаніі, новыя спецыяльнасці, запатрабаванасць выпускнікоў на вытворчасці.

Дырэктар Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа Дзмітрый Богдан расказаў, што кантрольныя лічбы прыёму на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі выкананы. Прыняты адпаведна 283 і 83 навучэнцы. Адкрыты тры новыя спецыяльнасці: «дарожны рабочы», «мантажнік электраабсталявання і прыбораў», «мантаж і эксплуатацыя, ахова пажарнай сігналізацыі».



Да пачатку заняткаў адрамантаваныя вучэбныя кабінеты, канферэнц-зала, пакоі ў інтэрнаце, набыта сучаснае абсталяванне і лабараторныя стэнды. У сталовай устаноўлена новая пасудамыечная машына.

У час сустрэчы ў каледжы дэпутат наведала рэсурсны цэнтр «Цэрэзіт», майстэрні санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання, аддзелачных работ, а таксама кабінет спецыяльных тэхналогій, лабараторыі будаўнічых матэрыялаў і вырабаў.

Для вывучэння кадравага рынку Людміла Канановіч запланавала правесці круглы стол з удзелам кіраўніцтва раёна і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.

— Хацелася б, каб кіраўнікі прадпрыемстваў выказаліся аб узроўні падрыхтоўкі маладых спецыялістаў, якія прыходзяць да іх на работу. Лічу, што прафарыентацыйную работу трэба праводзіць з улікам перспектыўнага планавання, — адзначыла Людміла Мікалаеўна.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 1697 раз
Людміла Цар

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить